Помнік савецкім танкістам (Барысаў)
Помнік савецкім танкістам — помнік у Барысаве Мінскай вобласці, размешчаны вуліцы Гагарына (на старой аўтамагістралі Мінск — Масква), каля моста цераз раку Бярэзіну. Пастаўлены ў 1960 годзе на ўшанаванне памяці членаў гераічнага экіпажа. Помнік уяўляе сабой танк па пастаменце.
Помнік | |
Помнік савецкім танкістам | |
---|---|
54°13′54″ пн. ш. 28°30′22″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | |
Дата пабудовы | 1960 |
Гісторыя
правіцьЛетам 1944 г. Чырвоная Армія з мэтай поўнага вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачала паступальную аперацыю «Баграціён». У ходзе ўпартых баёў перадавыя часці 5-й гвардзейскай танкавай арміі пад камандаваннем маршала бранятанкавых войск П. А. Ротмістрава выйшлі ў канцы чэрвеня 1944 г. да ракі Бярэзіны ў раёне Барысава. Уздоўж аўтамагістралі Мінск — Масква ў напрамку на Барысаў паступала 3-я танкавая брыгада 3-га гвардзейскага Кацельнікаўскага танкавага корпуса . Узводу, якім камандаваў гвардыі лейтэнант П. М. Рак, была пастаўлена задача захапіць масты цераз рэкі Сха і Бярэзіна, забяспечыць пераправу галоўных сіл корпуса.
У ноч з 29 па 30 чэрвеня 1944 г. нечакана для ворага 4 танкі на вялікай хуткасці з ходу праскочылі мост цераз р. Сха і накіраваліся да Бярэзіны. Гітлераўцы адкрылі моцны артылерыйскі агонь. У ходзе бою 3 танкі былі падбіты. Экіпажу танка П. М. Рака ўдалося праскочыць праз варожы заслон і мост, які гітлераўцы адразу ж узарвалі. Знішчаючы на сваім шляху абарончыя ўмацаванні праціўніка, адважныя танкісты ўварваліся на вуліцы Барысава. На працягу 17 гадзін экіпаж танка Т-34 у складзе камандзіра лейтэнанта П. М. Рака, механіка-вадзіцеля старшага сяржанта А. А. Пятраева, стралка-радыста сяржанта А. I. Данілава вёў няроўны бой з гітлераўцамі. Савецкія танкісты нанеслі ворагу значныя страты: знішчылі самаходную артылерыйскую ўстаноўку «Фердынанд» , зенітную батарэю, 2 калоны аўтамашын, 2 паравозы, 2 танкі, штаб нямецкай часці і камендатуру, шмат гітлераўцаў. Былі выратаваны ад гібелі каля 200 ваеннапалонных чырвонаармейцаў. Супраць савецкага танка праціўнік кінуў некалькі танкаў і самаходных гармат. Гітлераўцам удалося падпаліць танк. Адважныя танкісты загінулі.
Пахаваны на вул. 8 Сакавіка. 24 сакавіка 1945 г. П. М. Раку, А. А. Пятраеву, А. I. Данілаву прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Імёнамі герояў названы вуліцы ў Барысаве.
Літаратура
правіць- У. У. Бянько. 42. Помнік савецкім танкістам // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1987. — Мінская вобласць. Кніга 1. — 284 с.: іл.