Прамая дэмакратыя

Прама́я дэмакра́тыя, таксама чы́стая ці непасрэ́дная дэмакра́тыя — гэта форма дэмакратыі, пры якой людзі наўпрост прымаюць развязкі па палітычных ініцыятывах. Гэта адрозніваецца ад большасці сучасных дэмакратый, якія з’яўляюцца прадстаўнічымі дэмакратыямі. Тэорыя і практыка прамой дэмакратыі былі ядром прац многіх тэарэтыкаў, філосафаў, палітыкаў і сацыяльных крытыкаў, сярод якіх найбольш важнымі з’яўляюцца Жан Жак Русо і Джон Сцюарт Міль[1].

Агляд правіць

 
У Швейцарыі, дзе няма патрэбы ў рэгістрацыі, кожны грамадзянін атрымлівае бюлетэні для галасавання і інфармацыйную брашуру па кожным галасаванні і выбарах і можа вярнуць іх па пошце. Швейцарыя мае розныя прылады прамой дэмакратыі, а галасаванні праводзяцца прыкладна чатыры разы ў год. Тут пададзены дакументы, атрыманыя кожным грамадзянінам Берна ў лістападзе 2008 года, пра пяць нацыянальных, двух кантанальных, чатырох муніцыпальных рэферэндумах і двух выбарах (урад і парламент горада Берна). У прадстаўнічай дэмакратыі людзі галасуюць за прадстаўнікоў, якія потым прымаюць палітычныя ініцыятывы[2].

Ва ўмовах прамой дэмакратыі людзі вызначаюць палітыку без пасярэднікаў. У залежнасці ад пэўнай выкарыстоўванай сістэмы прамая дэмакратыя можа складацца з прыняцця выканаўчых пастаноў, выкарыстоўвання жараб’ёўкі, прыняцця законаў, непасрэднага абрання ці звальнення службовых асоб і правядзення судовых разбораў. Дзве асноўныя формы прамыя дэмакратыі — гэта дэмакратыя ўдзелу і дарадчая дэмакратыя.

Паўпрамыя дэмакратыі, у якіх прадстаўнікі кіруюць паўсядзённым кіраваннем, а грамадзяне застаюцца суверэннымі, дапушчаюць тры формы народных дзеяньняў: рэферэндум (плебісцыт), ініцыятыву і адкліканне. Першыя дзве формы, рэферэндумы і ініцыятывы, з’яўляюцца прыкладамі прамога заканадаўства[3]. Станам на 2019 год у 30 краінах дазволены рэферэндумы, ініцыяваныя насельніцтвам на нацыянальным узроўні[4].

Абавязковы рэферэндум ставіць закон, распрацаваны палітычнымі элітамі, на абавязковае ўсенароднае галасаванне. Гэта найболей пашыраная форма прамога заканадаўства.

Усенародны рэферэндум дае грамадзянам права падаць петыцыю, у якой грамадзяне павінны прагаласаваць за існуючае заканадаўства. Установы паказваюць тэрміны для сапраўднай петыцыі і колькасць патрабаваных подпісаў, і могуць запатрабаваць подпісы ад розных супольнасцей для абароны зацікаўленняў меншасцей. Гэтая форма прамой дэмакратыі фактычна падае выбаршчыкам права вета на законы, прынятыя абраным заканадаўчым органам, як у Швейцарыі[5][6][7][8].

Народная ініцыятыва дае магчымасць прадстаўнікам шырокай грамадскасці прапанаваць ураду з дапамогай петыцыі пэўныя заканадаўчыя меры ці канстытуцыйныя рэформы, і, як і ў выпадку з іншымі рэферэндумамі, галасаванне можа быць абавязковым ці проста рэкамендацыйным. Ініцыятывы могуць быць прамымі ці ўскоснымі: пры прамой ініцыятыве паспяховая прапанова змяшчаецца наўпрост у бюлетэнь для галасавання (як у сістэме Каліфорніі)[3]. Пры ўскоснай ініцыятыве паспяховая прапанова спачатку прадстаўляецца на разгляд заканадаўчага органа; аднак, калі па заканчэнні пэўнага перыяду часу не будзе распачата ніякіх прымальных дзеянняў, прапанова пераходзіць да прамога ўсенароднага галасавання. Канстытуцыйныя папраўкі ў Швейцарыі, Ліхтэнштэйне ці Уругваі праходзяць праз такую ​​форму ўскоснай ініцыятывы[3].

Народнае абмеркаванне — гэта рэферэндум, які павялічвае грамадскае абмеркаванне, напрыклад, уносіць прапановы пра змену і дадатак асобных пунктаў ці падзелаў пастаноў.

Імператыўны мандат ці права адклікання дае грамадскасці права адхіляць выбарных службовых асоб ад пасады да сканчэння пастаўленага імі стандартнага тэрміна паўнамоцтваў[9].

Перавагай прамой дэмакратыі з’яўляецца хуткая інсцэнізацыя і прыманне пэўных пастаноў на ўзроўні асобных невялікіх груп грамадства (пытанні мясцовага і прыватнага характару).

Недахопам прамой дэмакратыі з’яўляецца складанасць яе ўжывання на вялікіх тэрыторыях (складанасць фарміравання пытанняў, павелічэнне тэрмінаў на ўзгадненне пытанняў і правядзення галасавання) без выкарыстання камп’ютарнай тэхнікі і сродкаў мабільнай сувязі.

Гісторыя правіць

Найранейшай вядомай прамой дэмакратыяй лічыцца афінская дэмакратыя V стагоддзя да нашай эры, хоць яна не была ўсёахопнай дэмакратыяй, калі яна выключала жанчын, рабоў і неафінцаў. Асноўнымі органамі афінскай дэмакратыі былі:

  • сходы, што складалісь з грамадзян мужчынскага полу.
  • булэ, які складалісь з 500 грамадзян.
  • суды, што складалісь з велізарнага ліку прысяжных, якія абіралісь па жэрабі, без суддзяў.

У Старажытных Афінах‎ было ўсяго каля 30 000 грамадзян мужчынскага полу, але некалькі тысяч з іх былі палітычна актыўнымі кожны год. Афінская дэмакратыя была прамой не толькі ў тым сэнсе, што развязкі прымаліся сабранымі людзьмі, але і у тым сэнсе, што людзі праз сход, булэ і суды кантралявалі ўвесь палітычны працэс, і вялікая частка грамадзян была ўцягнена ў яго і увесь час брала ўдзел у грамадзкіх справах. Большасць сучасных дэмакратый (прадстаўнічых), не падобныя на афінскую сістэму.

Таксама да гісторыі прамой дэмакратыі мае дачыненне гісторыя Старажытнага Рыма, у прыватнасці, Рымскай рэспублікі, што традыцыйна пачынаецца каля 509 г. да н. э. Рым прадэманстраваў многія аспекты дэмакратыі ад эпохі рымскай манархіі да распаду Рымскай імперыі. Так, Сенат, сфарміраваны ў першыя дні існавання горада, праіснаваў у часы Царства, Рэспублікі і Імперыі і нават працягваў сваё існаванне пасля заняпаду Заходняга Рыма, а яго структура і правілы працягваюць уплываць на заканадаўчыя органы ва ўсім свеце. Што да прамой дэмакратыі, то ў старажытнай Рымскай рэспубліцы існавала сістэма грамадзянскай заканатворчасці і грамадзянскае права вета на закон, які прымаўся заканадаўчым органам[10].

Сучасная грамадзянская заканатворчасць адбываецца ў кантонах Швейцарыі з XIII стагоддзя. У 1847 годзе швейцарцы дадалі «рэфэрэндум па статуце» у сваю нацыянальную канстытуцыю. Неўзабаве яны выявілі, што проста мець права вета на законы парламента недастаткова. У 1891 г. яны дадалі «ініцыятыву занясення паправак у канстытуцыю». Швейцарская палітыка з 1891 году дала свету каштоўны досвед у межах ініцыятывы па занясенні паправак у канстытуцыю на нацыянальным узроўні [11]. За апошнія 120 гадоў на рэферэндумы вынесена больш за 240 ініцыятыў. Насельніцтва зарэкамендавала сябе кансерватыўным, ухваліўшы толькі каля 10% гэтых ініцыятыў; апроч таго, яны часта абіралі варыянт ініцыятывы, перапісаны ўрадам[5][6][7][8].

Сучасная прамая дэмакратыя таксама сустракаецца ў народа кроу, племені амерыканскіх індзейцаў у Злучаных Штатах Амерыкі. Племя арганізавана вакол Агульнага савета, што складаецца з усіх членаў выбарчага ўзросту. Генеральны савет мае права прымаць юрыдычна абавязковыя развязкі з дапамогай рэферэндумаў. Генеральны савет упершыню быў замацаваны ў Канстытуцыі 1948 года і была падтрыманы і адноўлены Канстытуцыяй 2002 года[12].

На сённяшні дзень існуе канцэпцыя кіравання электроннай непасрэднай дэмакратыі, якая базуецца на выкарыстанні камп’ютарных сродкаў і дазваляе ўсяму насельніцтву браць удзел у кіраванні наўпрост, у той меры, у якой яны жадаюць[13].

Прамая дэмакратыя з’яўляецца асновай палітычнай думкі анархізму і левага лібертарыянства [14], а як палітычная тэорыя шмат у чым выпрабавала ўплыў анархізму [15] [16].

Гл. таксама правіць

Зноскі

  1. Caves, R. W. (2004). Encyclopedia of the City. Routledge. 181 p.
  2. Budge, Ian (2001). «Direct democracy». In Clarke, Paul A.B.; Foweraker, Joe (eds.). Encyclopedia of Political Thought. Taylor & Francis. ISBN 9780415193962.
  3. а б в Smith, Graham (2009). Democratic Innovations: Designing Institutions for Citizen Participation (Theories of Institutional Design). Cambridge: Cambridge University Press. pp. 112.
  4. Popular or citizens initiative: Legal Designs
  5. а б Hirschbühl, Tina (2011), The Swiss Government Report 1, Federal Department of Foreign Affairs FDFA, Presence Switzerland
  6. а б Hirschbühl, Tina (2011), The Swiss Government Report 2, Federal Department of Foreign Affairs FDFA, Presence Switzerland
  7. а б Hirschbühl, Tina (2011), How Direct Democracy Works In Switzerland – Report 3, Federal Department of Foreign Affairs FDFA, Presence Switzerland
  8. а б Hirschbühl, Tina (2011), How People in Switzerland Vote – Report 4, Federal Department of Foreign Affairs FDFA, Presence Switzerland
  9. Fishkin, James S. (2011). When the People Speak. Oxford University Press. ISBN 9780199604432.
  10. Cary, M.; Scullard, H. H. (1967). A History Of Rome: Down To The Reign Of Constantine (2nd ed.). New York: St. Martin's Press.
  11. Kobach, Kris W. (1993). The Referendum: Direct Democracy In Switzerland. Dartmouth Publishing Company. ISBN 9781855213975.
  12. "Crow 2002 Constitution" (PDF). Indian Law. April 16, 2002.
  13. Rushkoff, Douglas (2004). Open Source Democracy. Project Gutenburg: Project Gutenberg Self-Publishing.
  14. Nathan Tamblyn. The Common Ground of Law and Anarchism. Liverpool Law Review
  15. Benjamin Ask Popp-Madsen. The next revolution: Popular assemblies and the promise of direct democracy. Contemporary Political Theory.
  16. Paul Raekstad. The new democracy: anarchist or populist? Critical Review of International Social and Political Philosophy.