Птушыны грып — заразная хвароба органаў дыхання, страўнікава-кішачнага тракта і цэнтральнай нервовай сістэмы птушак, выкліканая вірусам грыпу А. Прыроднымі вірусаносьбітамі звычайна з’яўляюцца дзікія пералётныя качкі. Працякае ў выглядзе эпізаотыі, чым выклікае пагалоўную смяротнасць сярод курэй і індыкоў. Пры дотыку да птушкі-вірусаносьбіта, яе крыві і мяса заразіцца могуць як чалавек, гэтак і жывёлы (млекакормячыя)[1].


Папярэджанне правіць

Прадухіленню заражэння спрыяе размяшчэнне свойскіх птушак у закрытых выгулах і памяшканнях, дзе выключаецца сустрэча з дзікімі птушкамі. Пры доглядзе птушак варта карыстацца ахоўным адзеннем, пасля чаго ўмывацца з мылам[1].

Праявы правіць

 
Падскурнае кровазліццё пры птушыным грыпе (ЗША, 2004 г.)

У курэй хвароба праяўляецца праз павышаную тэмпературу, прыгнечаны стан, рэзкае зніжэнне вытворчасці яек, ускудлачанасць апярэння, адмову ад корму, сінюшнасць скуры ў вобласці вачэй і жывата, апуханне і пачарненне грэбня і каташкоў, ацёк падсківічнай вобласці, падскурныя кровазліцці на канцавінах і дыярэя жоўта-зялёнага адцення. У гусей адзначаюцца манёжныя рухі, выцяканні з носавых адтулінаў, памутненне рагавіцы вока, слепата і панос. Агулам у дзікіх і свойскіх вадаплаўных птушак немач выяўляецца праз парушэнне ўзгодненасці рухаў, адкідванне галавы, вярчальны рух галавой з патрэсваннем, скрыўленне шыі, адсутнасць рэакцыі на знешнія раздражняльнікі, адмову ад вады і корму, прыгнечаны стан[1].

Гісторыя правіць

 
Краіны, у якіх птушыны грып выявілі ў людзей (2009 г.)

У 1878 годзе італьянскі ветэрынар Эдуарда Перанчыта (1847—1936) упершыню апісаў захворванне пад назвай курыны тыф, якое паразіла курэй на фермах у ваколіцах Турына. У 1901 годзе захворванне сталі называць класічнай чумой птушак, калі выявілі яго віруснае паходжанне. У 1925 годзе адбылася першая ўспышка захворвання ў Паўночнай Амерыцы, пасля чаго яго сталі называць еўрапейскай чумой птушак. У 1971 годзе захворванне атрымала сучасную назву. У другой палове XX стагоддзя адбылося прынамсі 18 буйных успышак птушынага грыпу.

За 2006 год у краінах Паўночна-Усходняй Азіі спалілі 150 млн куранят, каб прадухіліць далейшы распаўсюд птушынага грыпу.

Зноскі

  1. а б в А.Зямчонак (10 лютага 2017). "Птушыны грып небяспечны і для людзей". Газета «Нарачанская зара» (Мядзел). Праверана 1 ліпеня 2017.

Спасылкі правіць