Пётр Міхайлавіч Шаранговіч
Пётр Міха́йлавіч Шаранго́віч (1893—18 студзеня 1938) — кавалер двух ордэнаў Чырвонага Сцяга да заснавання ордэна Леніна.
Пётр Міхайлавіч Шаранговіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 1893 |
Месца нараджэння | м. Ілья, Вілейскага павета |
Дата смерці | 18 студзеня 1938 |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Прыналежнасць | СССР |
Род войскаў | пяхота |
Званне |
|
Бітвы/войны | Грамадзянская вайна ў Расіі |
Узнагароды і званні |
Біяграфія
правіцьПётр Шаранговіч нарадзіўся ў 1893 годзе ў мястэчку Ілля Вілейскага павета Віленскай губерні (цяпер — аграгарадок у Вілейскім раёне Мінскай вобласці Беларусі). Па нацыянальнасці беларус[1]. Служыў у царскай арміі, меў афіцэрскае званне паручніка, быў ад'ютантам 732-га пяхотнага палка. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі ў снежні 1917 года Шаранговіч добраахвотна пайшоў на службу ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію[2].
Прымаў актыўны ўдзел у баях Грамадзянскай вайны. Служыў на пасадах начальніка разведвальнага аддзела 5-й арміі, памочніка начальніка штаба, начальніка штаба 27-й стралковай дывізіі, начальніка штаба 16-га стралковага корпуса. Паводле ўспамінаў ваеннага камісара 27-й стралковай дывізіі Андрэя Паўлавіча Кучкіна, Шаранговіч валодаў выдатнымі ваеннымі здольнасцямі, быў ініцыятыўным і адважным камандзірам. За баявыя адрозненні ў баях Грамадзянскай вайны Шаранговіч быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга РСФСР (Загад Рэвалюцыйнага ваеннага савета Рэспублікі № 585 у 1920 годзе; Загад Рэвалюцыйнага ваеннага савета Рэспублікі № 12 ад 20 студзеня 1922 года).
Пасля заканчэння вайны Шаранговіч працягнуў службу ў Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі. Скончыў Ваенную акадэмію РСЧА (цяпер — Ваенная акадэмія імя М. В. Фрунзе). Служыў у Беларускай ваеннай акрузе, быў начальнікам упраўлення штаба. Пазней перайшоў на выкладчыцкую працу, выкладаў у Ваенна-палітычнай акадэміі імя Н. Г. Талмачова, затым стаў у ёй начальнікам кафедры тактыкі. Пражываў у Ленінградзе.
25 жніўня 1937 года Шаранговіч быў арыштаваны органамі НКУС СССР па абвінавачванні ў здрадзе Радзіме. 12 студзеня 1938 года Камісія Народнага камісарыята ўнутраных спраў СССР і Пракуратуры СССР прызнала вінаватым у інкрымінаваных злачынствах і прысудзіла Шаранговіча Пятра Міхайлавіча да вышэйшай меры пакарання — смяротнага пакарання. Прысуд быў прыведзены ў выкананне 18 студзеня 1938 года ў Ленінградзе. Там жа цела Шаранговіча было пахавана[3].
Пастановай Судовай калегіі Вярхоўнага суда СССР ад 17 лістапада 1956 г. рэабілітаваны.
Зноскі
- ↑ Ленинградский мартиролог: 1937-1938. Том 8.
- ↑ Кучкин А. П. В боях и походах от Волги до Енисея (Записки военного комиссара). — М.: Наука, 1969. — 296 с. Тираж 13000 экз.
- ↑ Списки общества "Память". (руск.). Общество «Память» (2 декабря 2010). Архівавана з першакрыніцы 27 студзеня 2013. Праверана 2012-1-7.