Сквер імя А. А. Грамыкі

Гомель
(Пасля перасылкі з Піянерскі сквер (Гомель))

Сквер імя А. А. Грамыкі — сквер у Гомелі, размешчаны ў Цэнтральным раёне паміж адрэзкамі вуліц Савецкая, Пушкіна і Ірынінская[1]. Названы ў 2009 годзе ў гонар савецкага дзяржаўнага дзеяча А. А. Грамыкі[2].

Гісторыя правіць

 
Мясцовасць на карце 1838 г.

Да пачатку ХІХ ст. мясцовасць цяперашняга сквера імя А. А. Грамыкі знаходзілася за гарадскімі межамі Гомеля, прылягаючы да дарогі, якая згодна з дакументамі 1560 г. называлася Чачэрскай[3]. Прыроднай асаблівасцю мясцовасці было яе знаходжанне ў нізіне на перападзе рэльефу і блізкасць да глыбокага яра. Яе ўласніцкую прыналежнасць і характар выкарыстання за часы Гомельскага староства пакуль прасачыць немагчыма. Верагодна, яна складала частку «грунту мѣстъ и застѣнковъ мѣстскихъ» (1560)[3]. На планах генеральнага межавання 1784 г. — аднесена да ўладанняў П. А. Румянцава-Задунайскага[4][5]. Краязнавец А. Ф. Рогалеў, не спасылаючыся на крыніцы, паведамляе аб размяшчэнні тут да пачатку ХІХ ст. праваслаўных могілак, якія нібыта былі зладжаны пасярод ліставога лесу[6]. Указанне на імавернасць гэтага ўтрымліваецца ў плане Гомеля 1799 г., дзе на адпаведнай мясцовасці паказаны невялікі лапік зямлі, пазначаны крыжам[7].

Планы 1830 і 1838 гг. фіксуюць наяўнасць у гэтай мясцовасці пэўнага аб’екта простакутнай формы, выцягнутага паралельна дарозе (будучая вуліца Румянцаўская)[8][9]. Ёсць падставы меркаваць, што ён згаданы ў статыстычным апісанні Гомеля 1867 г.[10]:

«У горадзе, недалёка ад гарадской бальніцы, пры шашэйнай дарозе, месціцца штучная сажалка або стаў, патрэбны ў разе пажараў. Месца вакол сажалкі нічым не занятае, пустапарожняе і ў цяперашні час не мае ніякай дагледжанасці».

Прапаноўвалася зладзіць вакол сажалкі гарадскі бульвар[10]. Невядома, як хутка гэтая прапанова была рэалізавана, але ў 1880-я гг. муніцыпальныя ўлады рупіліся аб ператварэнні бульвара «з традыцыйнай зоны масавага адпачынку ў культурны асяродак цэнтра горада»: раз на тыдзень (зазвычай на выхадных) там выступаў мясцовы аркестр, а 18 кастрычніка 1887 г. быў урачыста адкрыты «зімовы» тэатр, разлічаны на аўдыторыю больш за 400 гледачоў[11].

У 1911 г. мясцовасць ужо характарызавалася як «стары гарадскі сад»[12]. У тагачаснай краязнаўчай літаратуры, прэсе, на планах Гомеля ён таксама называўся Бульварам (у ліку чатырох грамадскіх садоў)[13] ці Гарадскім бульварам[14][15]. Адзначалася, што ў ім было шмат зеляніны, што «дрэвы купамі густа разрасліся» і давалі дастаткова ценю. Бульвар лічыўся месцам пераважна («по преимуществу») дзіцячым[12]. Шэфства над ім ажыццяўляла кіраўніцтва Лібава-Роменскай і Палескіх чыгунак, намаганнямі якога сад атрымаў ажурную металічную агароджу[6], усталяваную ўвосень 1911 г.[16] Ранейшая драўляная агароджа ўвесну 1912 г. была перанесена на хрысціянскія могілкі ў Новай Беліцы[17].

Улетку 1911 г. паведамлялася аб усталяванні на бульвары чатырох новых ліхтароў фірмы «Люкс» «на жалезных рэйкавых слупах», коштам па 100 руб. кожны[18]. Гаворка, хутчэй за ўсё, пра так званыя газалінавыя ліхтары.

У сувязі са святкаваннем 100-годдзя вайны 1812 г. адмысловая камісія пад старшынствам гарадскога галавы І. В. Дамброўскага ўлетку 1912 г. асобным пунктам вынесла пажаданне ўвекавечыць у Гомелі памяць аб азначанай гістарычнай падзеі праз наданне «вялікаму гарадскому саду» імя расійскага імператара Аляксандра І і ўсталяванне яму бюста ў гэтым садзе насупраць Аптэчнай вуліцы[19]. Па ўсім відаць, прапанаваная назва так і не прыжылася, а бюст не быў усталяваны.

Адсутнасць на тэрыторыі бульвара пэўнай дамінанты (памятнага знака, цікавосткі) паўплывала на безуважнасць да яго аўтараў фатаграфічных паштовак пачатку ХХ ст. Напрыклад, сярод сарака паштовак з краявідамі тагачаснага Гомеля, апублікаваных калекцыянерам В. М. Целешам няма ніводнай, дзе б непасрэдна быў паказаны бульвар, і толькі на двух ён паказаны ўскосна[20].

У 1920-я гг. Гарадскі бульвар быў перайменаваны ў Парк Парыжскай Камуны[21]. У 1930-я гг. — перададзены піянерскай арганізацыі Гомеля і атрымаў назву сквера Юных піянераў ці Піянерскага сквера (парка)[22][23]. Апошняя працягвае бытаваць сярод гамяльчан да нашага часу. На ўваходзе ў сквер былі ўсталяваны гіпсавыя фігуры піянера і піянеркі. У лакацыях сквера сталі сталі праводзіцца мерапрыемствы піянерскай арганізацыі[23][22].

Мяркуючы па аэрафотаздымках 1930-х гг. і лета 1941 г., сквер на дзве часткі падзяляла дарожка ад вуліцы Савецкай да вуліцы Парыжскай Камуны. Большая гушчыня расліннасці назіралася ў паўднёвай частцы сквера. Але і ў паўднёвай, і ў паўночнай частках меліся даволі прыкметныя пляцоўкі, вольныя ад дрэў. На поўдні месціліся круглай формы фантан (або клумба) і будынак з двусхільным дахам[24]. Апошні, верагодна, з’яўляўся жылым домам, дзе станам на 1927 г. пражывала дзве сям’і, галовы якіх значыліся як «асобы, што жывуць на дзяржаўныя ці грамадскія сродкі»[25].

Невядома, ці пераймяноўваўся сквер у часы нямецка-фашысцкай акупацыі Гомеля 1941—1943 гг. На адпаведным нямецкім плане назва аб’екта пазначана не была[26]. Пры гэтым уласна зялёны масіў, нягледзячы на шматлікія руйнаванні наўкол, у вайну захаваўся[27].

Пасля вайны ў сектары сквера на рагу вуліц Савецкай і Першамайскай была ўзведзена манументальная дошка гонару перадавікоў Гомельскай вобласці (архітэктар І. Д. Спірын). Яна ўяўляла сабой простакутную стэлу на высокім падмурку, левая і правая часткі якога мелі выступы, што служылі пастаментам для скульптур працоўных мужчыны і жанчыны адпаведна. Стэлу аздаблялі герб БССР і тытульны надпіс на беларускай мове. Ніжэй размяшчаліся шыльды з указаннем асоб і арганізацый, якія адзначыліся сваімі высокімі дасягненнямі. На падмурку знаходзілася шыльда з ленінскай цытатай на рускай мове: «Прадукцыйнасць працы, гэта, у апошнім рахунку, самае важнае, самае галоўнае для перамогі новага грамадскага ладу». Перад стэлай мелася клумба з кветкамі[28].

У 1983 г. тут з боку вуліцы Савецкай быў усталяваны бюст А. А. Грамыкі (скульптар І. Рукавішнікаў, архітэктары А. Клімачкін, М. Пасохін)[29], з прычыны чаго ў народзе за скверам замацавалася паралельная назва — сквер Грамыкі. Аднак яе афіцыйнае замацаванне адбылося толькі ў 2009 г. і было прымеркавана стагоддзю з дня нараджэння А. А. Грамыкі[2]. Узвядзенне бюста ў свой час абстаўлялася ў характэрным для савецкай рыторыкі стылі як пашана з боку працоўных Гомельшчыны, што ганарацца сваімі землякамі[30].

Розныя факты правіць

  • У час гомельскіх сутыкненняў на рэлігійна-нацыянальнай глебе канца жніўня — пачатку верасня 1903 г. група антыяўрэйскіх пагромшчыкаў з ліку рабочых узброілася дошкамі, вырванымі з агароджы Гарадскога бульвара. Тут жа адбылася адна з сутычак[31].
  • У ліпені 1911 г. гомельская паліцыя затрымала двух 17-гадовых хлапцоў, якія «стралялі на бульвары з рэвальвераў»[32].
  • 16 студзеня 2014 г. 40-гадовы кіроўца аўтобуса «МАЗ» у раёне сквера імя А. А. Грамыкі выехаў на ходнік, збіўшы 43-гадовую жанчыну, якая сканала на месцы. Прычынай здарэння з боку кіроўцы стаў «упершыню і раптоўна ўзніклы сутаргавы прыступ са стратай прытомнасці, падчас якога мужчына не мог усведамляць фактычны характар і грамадскую небяспеку сваіх дзеянняў і кіраваць імі». Крымінальны пераслед у дачыненні да яго быў па выніках следства спынены[33].

Галерэя правіць


Зноскі

  1. Гомель. Атлас. / Справоч. изд. Ред. В. А. Змачинская. — Минск : РУП «Белкартография», 2014. — С. 15.
  2. а б Исполняется 110 лет со дня рождения Андрея Громыко // Гомельское городское радио. 8 июля 2019 г.
  3. а б Акты, издаваемые Комиссиею, высочайше учрежденною для разбора древних актов в Вильне : Акты Главного литовского трибунала. — Вильна : Тип. А. Г. Сыркина, 1886. — Т. 13 — С. 364.
  4. Генеральный план Белицкого уезда / Генеральное межевание Могилевской губернии 1784 г.
  5. Планы дач генерального и специального межевания, 1746—1917 гг. (коллекция). Опись 233. Часть 1. Губерния, уезд: Могилевская; Белицкий. Л. 4.
  6. а б Рогалев, А. Ф. Гомель. Страницы истории, формирование улиц, местные тайны и загадки / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2014. — С. 116.
  7. План местечка Гомель, 1799 г. // Морозов, В. Ф. Гомель классический: эпоха, меценаты, архитектура / В. Ф. Морозов. — Минск : Четыре четверти, 1997. — С. 49.
  8. Гомель. Генеральный план местечка. 1830 г.
  9. Карта окрестностей местечка Гомеля снятая глазомерно в 1838 году.
  10. а б Гусаков, Д. Это было давно… // Гомельские ведомости. — 2008. — 26 февраля.
  11. Аляксейчанка, Г. А. Гомель у другой палове XIX — пачатку XX ст.: муніцыпальная палітыка i развіццё горада // Гомель: старонкі гісторыі (да 870-годдзя першай згадкі ў летапісе) [Тэкст]: зб. навук. арт. / рэдкал.: В. А. Міхедзька (адказны рэд.) [і інш.], М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны, 2012. — С. 31-37.
  12. а б Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911. — С. 8.
  13. Жудро, Ф. А. Город Гомель (Могилевской губ.) : с 68 автотипиями / сост. Ф. А. Жудро, И. А. Сербов, и Д. И. Довгялло. — Вильна : Сев.-Зап. отд. Имп. Русского географического о-ва, 1911. — С. 3-4.
  14. Гомель. План города на 1910 г.
  15. Схематический план гор. Гомеля с пригородом за линией железн. дороги и предм. Белицей [на 1913 г.] / Состав. Г. Ханин и А. Месин-Поляков.
  16. Гомельская копейка. — 1911. — 29 сентября. — С. 3.
  17. Бульварная ограда // Полесье. — 1912. — 10 апреля. — С. 3.
  18. Новые фонари // Гомельская копейка. — 1911. — 18 июня. — С. 3.
  19. Юбилей Отечественной войны 1812 г. в Гомеле // Полесье. — 1912. — 19 июля. — С. 3.
  20. Целеш, В. М. Гарады Беларусі на старых паштоўках [Выяўленчы матэрыял] / Вячка Целеш. — Мінск : Беларусь, 2014. — С. 128—142; 131, 140.
  21. Гомель и городские поселения Гомельщины: предварительные итоги переписи 1926 года и некоторые данные текущих учетов и обследований / БССР, Гомельское окружное статистическое бюро. — Речица : Тип. Комтреста, 1927. — С. 38.
  22. а б Гор. Гомель. У сквера Юных пионеров // Рабочий. — 1936. — 22 июля. — С. 4.
  23. а б Рогалев, А. Ф. Гомель. Страницы истории, формирование улиц, местные тайны и загадки / А. Ф. Рогалев. — Гомель : Барк, 2014. — С. 117.
  24. Нямецкія аэрафотаздымкі Гомеля, 1941 год.
  25. Гомель и городские поселения Гомельщины: Предварит. итоги переписи 1926 г. и некоторые данные текущ. отчетов и обследований. — Речица, 1927. — С. 6-7.
  26. Малікаў Я., Панкоў Ю. Тапаніміка Гомеля пад час нацысцкай акупацыі // Беларускі гістарычны часопіс. — 2020. — № 7. — Разварот укладкі між стар. 36 і 37.
  27. Гл. адпаведнае фота 1943 г. у галерэі ніжэй.
  28. Гомель у фотаілюстрацыях: [Альбом / Рэдкал.: У. А. Кароль (гал. рэд.) інш. — Мінск. : Звязда, 1961. — С. 83 (без пагінацыі).
  29. Громыко А. А. бюст // Гомель. Энциклопедический справочник. — Мінск.: БелСэ, 1991. — С. 201.
  30. Гомель: [альбом / складальнік В. М. Некрашэвіч. — Мінск : Беларусь, 1986. — С. 30.
  31. Кревер, Б. А. Гомельский процесс : Подробный отчет [сост. Б. А. Кревером по протоколам защитников и отчетам, попадавшимся в журн.: «Право» и «Восход» и в газ.: «Киев. отклики», «Одес. новости», «Рус. сл.», «Новости» и «Правительств. вестн.»] / [Предисл.: М. К.]. — Санкт-Петербург : тип. т-ва «Обществ. польза», 1907. — С. 838, 868.
  32. Стрельба на бульваре // Гомельская копейка. — 1911. — 4 июля. — С. 3.
  33. Заворотная, Т. ДТП у сквера имени Громыко: поставлена точка // Правда. Гомель. Новостной портал, 18.07.2014.