Роджаныя пад Сатурнам
«Роджаныя пад Сатурнам» — раман Віктара Вальтара, напісаны ў 1920-х і ўпершыню апублікаваны ў 1991—1992 у газеце «Голас Радзімы», які апісвае жыццё беларускай дыяспары ў Празе 1920-х.
Роджаныя пад Сатурнам | |
---|---|
Жанр | раман |
Аўтар | Віктар Вальтар |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата напісання | 1920-я |
Дата першай публікацыі | 1991—1992 |
Апублікаваны ў | Голас Радзімы |
Гісторыя публікацыі
правіцьАдзін рукапісны асобнік патрапіў у Цэнтральную навуковую бібліятэку Акадэміі навук Літвы, адкуль Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны замовіў мікрафільм рукапісу (цяпер захоўваецца ў Навуковай бібліятэцы НАН Беларусі)[1]. У пачатку 1930-х раман «Роджаныя пад Сатурнам» быў перапісаны некалькімі вучнямі Дзвінскай беларускай гімназіі[2]. Яшчэ ў 1932 годзе часопіс «Беларуская школа ў Латвіі» ў пятым нумары паведамляў аб падрыхтоўцы да выдання рамана, і запрашаў яго падтрымаць, але сродкаў не знайшлося[2]. Толькі ў 1991—1992 гг. сем з паловай месяцаў з нумара ў нумар рэдакцыя «Голаса Радзімы» знаёміла сваіх чытачоў з раманам Віктара Вальтара[3].
Аўтабіяграфічнасць
правіцьРаман «Роджаныя пад Сатурнам» у многім гісторыка-аўтабіяграфічны[1]. У сюжэце паўстаюць буйныя тагачасныя дзеячы Беларускай Народнай Рэспублікі, якія знайшлі сталы прытулак у Чэхаславакіі — П. Крачэўскі, Т. Грыб, Я. Станкевіч і П. Вяршынін. У асобе галоўнага героя твора Пятра Тугоўскага аўтар увасобіў некаторыя аўтабіяграфічныя рысы.
Праблематыка
правіцьНа думку А. Пашкевіча, В. Вальтар, узнімаючы праблемы, характэрныя для рускай класічнай літаратуры (Ф. Дастаеўскі, І. Тургенеў), з ідэйным пафасам дапісваў мастацкія старонкі беларускай прозы 1920-х гг. — на агульнафіласофскае накладваў нацыянальную праблематыку[2]. Як адзначае даследчык, у эпізодах рамана бачыцца ўплыў гістарычнай аповесці «Лабірынты» Вацлава Ластоўскага: скіраванасць на вывучэнне эзатэрычных, астральных праяваў жыцця[2]. Галоўная думка да якой прыводзіць аўтар чытача: карысным грамадству можа быць толькі шчаслівы чалавек[2].
Зноскі
- ↑ а б Вальтар, В. Выбраныя творы / Віктар Вальтар; уклад. М. Казлоўскага, С. Панізніка; прадм. Л. Савік. — Мінск: Кнігазбор, 2009. — С. 265—266. — 280 с — (Бібліятэчка альманаха «Куфэрак Вілейшчыны». № 13).
- ↑ а б в г д Пашкевіч, А. Беларуская планіда Віктара Вальтара // Роднае слова. — 2002. — № 7. — С. 28.
- ↑ Крывіцкія руны. Беларускія пісьменнікі Латвіі(недаступная спасылка). ЗБСБ (9 студзеня 2012). Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2012. Праверана 21 чэрвеня 2017.