Гедройцы

вялікалітоўскі княжацкі род
(Пасля перасылкі з Род Гедройцаў)

Гедройцы — княжацкі род, прадстаўнікі якога займалі высокія дзяржаўныя, царкоўныя і ваенныя пасады ў ВКЛ. Карысталіся гербам «Порай», пазней — таксама і адменаю герба «Кітаўрас».

З удзельных князёў, уладанні якіх знаходзіліся ў Гедройцах і іх ваколіцах на поўнач ад Вільні. Паводле беларуска-літоўскіх летапісаў, гісторыкаў М. Стрыйкоўскага і А. Каяловіча, Гедройцы паходзяць ад легендарнага Даўспрунка, што прыбыў у Літву з Палемонам. Нібыта нашчадак Даўспрунка Гедрус (або Даўмонт) заснаваў Гедройцы і назваўся князем Гедройцкім. Нягледзячы на фантастычнасць гэтых звестак, магчыма, што Гедройцы паходзілі з княжацкай дынастыі, што кіравала ў Літве да Гедзімінавічаў. З 16 ст. карысталіся прыдомкам Даўмонт, што павінна было сведчыць пра іх старажытнае княжаскае паходжанне. Першае дакументальнае ўпамінанне Гедройцаў адносіцца да 1399, калі Вітаўт разглядаў іх судовую справу з віленскім біскупам. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 года прынялі герб «Порай». У першай палове 15 ст. жылі князі Война, Гоюл і Ягайла Гедройцы, якія падпісалі як сведкі міжнародныя акты Свідрыгайлы і Жыгімонта Кейстутавіча. Ужо ў 16 ст. род Гедройцаў моцна разгалінаваўся, многія яго прадстаўнікі страцілі княжацкі тытул. Паводле попіса войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 года ваеннаабавязанымі былі 85 Гедройцаў (князі і баяры), якія выступалі на вайну асобнай харугвай. Адна з княжацкіх ліній роду Гедройцаў карысталася прозвішчам Юрага. У 15 ст. ў Кракаўскім універсітэце вучыліся 6 Гедройцаў.

Найбольш вядомыя прадстаўнікі правіць

  • Герман (?—1439), канонік кракаўскі з 1433, схаластык улацлаўскі з 1435.
  • Міхал (каля 1425—4.5.1485), сын Юрыя. Набыў вядомасць набожным аскетычным жыццём, лічыўся прадказальнікам і цудатворцам. Пасля смерці яго называлі благаславёным.
  • Матэвуш Барталамеевіч (каля 1500—каля 1563). Дзяржаўца кернаўскі і мейшагольскі ў 1547—60, харужы гедройцкі ў 1557, намеснік (падваявода) віленскі з 1560, маршалак гаспадарскі з 1562.
  • Мальхер Матушавіч (Мельхіёр; 1536—6.4.1609), сын Матэвуша Барталамеевіча. У 1575 абраны капітулай біскупам жамойцкім.
  • Юрый (?—1619), сын Пятра Марцінавіча. Вількамірскі падсудак з 1598 і суддзя земскі з 1607.
  • Марцін Матушавіч (?—1621), сын Матэвуша Барталамеевіча. Стараста абельскі ў 1586—1607, вількамірскі з 1589, дзяржаўца бельскі, ваявода мсціслаўскі з 1617.
  • Зыгмунт Мікалаевіч (?—1625), сын Мікалая Марцінавіча. Віленскі паборца ў 1578, падсудак з 1596, суддзя земскі з 1612.
  • Эзэаш (?—1629), сын Зыгмунта Мікалаевіча. Пакаёвы дваранін каралевы ў 1621—1625, маршалак ваўкавыскі з 1625.
  • Марцыян Уладзіслававіч (?—1649), сын Уладзіслава Пятровіча. Падстолі полацкі з 1613, віленскі падсудак з 1634, суддзя земскі з 1647.
  • Арнольф Янавіч (?—пасля 1656), сын Яна (Януша). Пінскі мечнік з 1641, чашнік у 1650, войскі з 1656.
  • Ян Стафан (?—13.5.1802), сын Бенядзікта. Біскуп інфлянцкі з 1764, жамойцкі з 1778.
  • Рамуальд Тадэвуш (1750—1824), сын Юзафа, ваенны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, адзін з кіраўнікоў паўстання Тадэвуша Касцюшкі

Зноскі

Літаратура правіць

  • Giedroyć, Michał The Giedroyć Family: An Excursion Into Lituano-Polish Genealogy and History. — S.l., 1992. — 174 p.
  • Lenczewski, Tomasz. Genealogie rodów utytułowanych w Polsce. — Т. I. — Warszawa, 1996.
  • Semkowicz, W. O litewskich rodach bojarskich zbratanych ze szlachtą polską w Horodle roku 1413 // Lituano-Slavica Posnaniensia. Poznań, 1989. Т. 3. S. 73—75;
  • Wolff, J. Kniaziowie litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 65—76;
  • Wojtkowiak, Z. Powiat Giedrojcie // Zapiski historyczne. 1978. № 2;
  • Думин, С. В. Князья Гедройц // Дворянские роды Российской империи. Т. 2. — СПб., 1995;
  • Насевіч, В. Л. Генеалагічныя табліцы старадаўніх княжацкіх і магнацкіх беларускіх родаў 12-18 ст. — Мн.: БелЭН, 1993.
  • Шаланда, А. Да праблемы складання сапраўднага гербоўніка шляхты Браслаўскага павета ВКЛ другой паловы XVI—XVIIст. // Браслаўскія чытанні: Матэрыялы V-й навукова-краязнаўчай канферэнцыі. — Браслаў, 2001.
  • Шумков, А. А. Князья Гедройцы // Дворянский календарь. СПб., 1996. Тетрадь 1;

Спасылкі правіць