Войска Вялікага Княства Літоўскага
Войска Вялікага Княства Літоўскага — арганізаваная ваенная сіла Вялікага Княства Літоўскага, якая існавала ў перыяд з 1236 па 1251 гг. і з 1263 па 1569 гг. Пасля Люблінскай ўніі 1569 года і да ліквідацыі Княства у 1795 г. войска ВКЛ — самастойная частка войска Рэчы Паспалітай.
Гісторыя і арганізацыяПравіць
Войска Вялікага Княства Літоўскага пачало фармавацца ў сярэдзіне XIII стагоддзя, то бок з узнікненнем самой дзяржавы. Войска ВКЛ па сваіх прынцыпах было цалкам падобным на войска княжацкіх часоў. Існавалі два асноўныя фармаванні: народнае апалчэнне і пастаянная баярская армія. Народнае апалчэнне, мабілізацыя ўсіх ваеннаабавязаных краіны (expeditio generalis) або аднаго ці некалькіх ваяводстваў ці паветаў, збіралася толькі ў выпадку неабходнасці, дапамогі ў абароне, пераследу ворага і г.д. Першапачаткова ў Вялікім княстве воінская служба з'яўлялася абавязкам кожнага мужчыны, здольнага насіць зброю.
Да XV стагоддзя кожны баярын меў сваю дружыну. Кавалерыя адыгрывала галоўную ролю ў дружыне, а пяхота цанілася менш. Конны баярын і яго 4-7 узброеных слуг (паж, збраяносец, некалькі пешых або конных лучнікаў) складалі галоўную баявую адзінку таго часу — дзіду. 20-25 дзідаў — сцяг, а некалькі сцягоў — дружыну. Дружыны склалі асноўную ўдарную сілу, здольную змагацца ў конным страі. Немалую частку шляхты Вялікага Княства Літоўскага, як і іншых дзяржаў таго часу, склалі служылыя шляхцічы, нашчадкі дружыннікаў.
Феадалы таксама мелі права адпраўляць пад асабістымі харугвамі на вайну сваю світу — паноў харугвенных. Гэты прывілеяваны клас не дазваляў на сябе накладваць цяжкія абавязкі. Баяры сярэдняга класа павінны былі паслаць 2-3 і нават больш жаўнераў у «добрых даспехах». У склад войска ўваходзілі станы, якія займалі пасады паміж шляхтай і сялянствам. У іх былі розныя назвы: путныя баяры (якіх пасылалі з вайсковымі пасылкамі), панцырныя баяры (апранутыя ў цяжкія даспехі), ардынскія слугі (ездзілі пільнаваць арду ў стэпе), замкавыя слугі і інш. За вайсковую службу яны вызваляліся ад зямельных падаткаў альбо плацілі вельмі мала. Сяляне ж гуртаваліся каб узброіць аднаго жаўнера і не абкладаліся падаткамі.
У XV-XVI стагоддзях узрасло значэнне шляхецкага войска. У выпадку вайны кожны шляхціц, незалежна ад велічыні маёнтка, павінен быў адпраўляцца ў паход у поўнай зброі. Акрамя таго, кожны землеўладальнік, у залежнасці ад свайго матэрыяльнага становішча, быў абавязаны выстаўляць пэўную колькасць вершнікаў (каней) і пяхотнікаў (драбаў), таксама ў поўнай зброі. За права валодання зямлёй феадал, паводле Статуту Вялікага Княства Літоўскага 1529 г., адпраўляў на вайну аднаго каня з 2400 моргаў. Такая форма арганізацыі войскі атрымала назву «паспалітае рушэнне». Адну частку шляхецкага апалчэння ВКЛ складалі цяжкаўзброеныя вершнікі (капейнікі). Яны былі ўзброеныя дзідамі і мячамі, мелі надзейны ахоўны рыштунак, цяжкіх коней. Іншая частка - стральцы - мела лукі або арбалеты. Воіны складалі невялікія атрады - дзіды, якія аб'ядноўваліся ў харугвы. Яны выступалі пад уласнымі сцягамі-харугвамі. Харугвы камплектаваліся па тэрытарыяльным прынцыпе або выстаўляліся буйнымі землеўладальнікамі. Падчас бою сцягі будаваліся звужанымі наперадзе калонамі. Спераду размяшчаліся цяжкаўзброеныя капейнікі, за імі - стральцы. Да канца XVI стагоддзя шляхецкае апалчэнне Княства складалася практычна выключна з коннікаў. Пяхота выкарыстоўвалася ў асноўным для аховы абозаў, пры будаўніцтве дарог для перамяшчэння войскі або ў крытычныя моманты бітвы. Каб ператварыць абоз у непрыступны лагер, павозкі ставіліся па крузе, іх маглі акоўваць жалезам і звязвацца ланцугамі. З канца XIV стагоддзя пачала выкарыстоўвацца артылерыя.
У пачатку XVI стагоддзя ў ваеннай справе адбыліся істотныя змены. Неабходнасць вядзення войнаў з лёгкімі і хуткімі вершнікамі суперніка, напрыклад татарамі, прывяла да з'яўлення новых відаў конніцы - гусараў, казакоў і пяцігорцаў. Аснову ўзбраення гусараў складалі дзіда і шчыт. Пазней гусары сталі выкарыстоўваць даспехі і ператварыліся ў сярэднюю кавалерыю. Асаблівасцю казакоў было наяўнасць у іх лука, часам у спалучэнні з кароткай дзідаю. Пачынаюць выкарыстоўвацца найміты. Спачатку яны набіраліся ў асноўным з іншаземцаў, а пазней і з мясцовай збяднелай шляхты. Для наймітаў воінская служба была асноўным заняткам. У гэты перыяд у войску Княства з'явілася прафесійная пяхота. Яна выкарыстоўвалася для абароны і будаўніцтва ўмацаванняў. У наёмным войску вылучаліся таксама капейнікі ў даспехах і стральцы.
Пасадовыя асобыПравіць
Найважнейшыя бітвыПравіць
- 22 верасня 1236 г. — Бітва пры Саўле. Жамойты і земгалы разграмілі крыжакоў з Ордэна мечаносцаў. Вялікі магістр ордэна Фольквін фон Наумбург і 48-60 рыцар памерлі.
- 13 ліпеня 1260 г. — Бітва на Дурбэ. Жамойты і куршы разграмілі крыжакоў Тэўтонскага ордэна і яго хаўруснікаў з Лівонскага ордэна. Загінулі лівонскі ландмайстар Бурхард фон Горнхаўзен і маршал Генрых Ботэль і 150 рыцараў.
- 16 лютага 1270 г. — Бітва пры Карусе. Войскі Княства на чале з Трайдзеням на лёдзе Балтыйскага мора разграмілі лівонскіх крыжакоў, падтрыманых датчанамі. Загінуў лівонскі ландмайстар Ота фон Лютэнберг, правадыр датчан Эйларт, 52 рыцары і каля 600 звычайных жаўнераў.
- 5 сакавіка 1279 г. — Бітва пад Ашэрадэнам. Войскі Княства пад кіраўніцтвам Трайдзеня разграмілі лівонскіх крыжакоў. Лівонскі ландмайстар Эрнст фон Ратцбург і 71 рыцар былі забітыя.
- 1321 — Бітва на рацэ Ірпень. Войска Вялікага княства Літоўскага разграміла войска Кіеўскага княства. Гэтая бітва ўсталявала ўладу ВКЛ на некалькі стагоддзяў над сучаснымі ўкраінскімі землямі — Галіччынай, Падоллем, Валынню, Брацлаўшчынай і Кіеўшчынай.
- восень 1362 — Бітва на Сініх Водах. Бітва была галоўнай падзеяй y наступленні ВКЛ на падпарадкаваныя татарам землі паўднёва-заходняй Русі. Гэтая перамога аддала Альгерду ўсё Падолле, а ў стратэгічным выніку — і Кіеўшчыну.
- 12 жніўня 1399 г. — Бітва на Ворскле. Бітва паміж саюзным войскам вялікага князя Вітаўта і хана Тахтамыша, з аднаго боку, і войскам Залатой Арды на чале з ханамі Цімур-Кутлукам і Эдзігеем.
- 15 ліпеня 1410 г. — Грунвальдская бітва. Бітва паміж злучаным войскам Польскага Каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага і войскам Дзяржавы Тэўтонскага ордэна. Хаўруснае войска Польскага Каралеўства і ВКЛ узяло поўную перамогу. Загінулі 18 тысяч нямецкіх рыцараў, воінаў і чэлядзі, яшчэ 14 тысяч былі ўзяты ў палон, а ўратавалася толькі трохі больш за 1400 чалавек. Былі ўзятыя ўсе гарматы і 52 сцягі крыжацкага войска. Перамога пераламіла ход Вялікай вайны.
- 1 верасня 1435 г. — Бітва пад Вількамірам, памёр магістр Лівонскага ордэна Франк Керскорф. Зыход бітвы фактычна вырашыў вынік усёй вайны на карысць Жыгімонта Кейстутавіча.
- 14 ліпеня 1500 г. — Бітва на Ведрашы. Разгром войскаў ВКЛ войскамі Вялікага Княства Маскоўскага. Вялікі гетман літоўскі Канстанцін Астрожскі трапіў у палон.
- 6 жніўня 1506 г. — Клецкая бітва. Бітва паміж войскам ВКЛ на чале з Міхаілам Глінскім і войскам крымскіх татар. Перамога войска ВКЛ дазволіла вызваліць каля 40 тыс. нявольнікаў, якіх татары збіраліся весці ў Крым, было узята 30 тыс. коней. Хан Менглі-Гірэй пад уражаннем ад вынікаў бітвы стаў на пэўны час саюзнікам ВКЛ.
- 8 верасня 1514 г. — Бітва пад Оршай. Войска ВКЛ пад кіраўніцствамі Канстанціна Астрожскага перамагло пераўзыходнае ў некалькі разоў войска Вялікае Княства Маскоўскае. Маскоўскі бок страціў 40 тыс. забітымі, у палон трапілі 10 ваяводаў, 17 вайскаводаў, 2 тыс. «дзяцей баярскіх» і больш за 2 тыс. ваяроў.
- 26 студзеня 1564 г. — Бітва на Уле. Вынікам бітвы і наступнай перамогі літвінаў на Дуброўне пад Оршай быў зрыў вялікага маскоўскага паходу 1564 года. Маскоўскі ваявода Пётр Шуйскі быў забіты мясцовымі жыхарамі.
- 27 верасня 1605 г. — Бітва пад Кірхгольмам. Поўную перамогу ў бітве з шведамі ўзяло войска Рэчы Паспалітай і ВКЛ. У выніку была знятая аблога Рыгі, і шведы адступілі з ужо занятых імі земляў Інфлянтаў. Бітва ўваходзіць у лік вядомых поўных перамог, вядомых перамог меншымі сіламі, у лік значных перамог войска ВКЛ і ў лік бітв, дзе вырашальную ролю адыграла гусарыя.
ПерапісыПравіць
У 1528, 1565, 1567 гадах праводзіліся перапісы войска Вялікага Княства Літоўскага
КрыніцыПравіць
- Василенко Н. П. Литовско-русское государство // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона : в 86 т. (82 т. и 4 доп. т.). — СПб., 1890—1907. — Т. XVIIa. — С. 818—827. (рос.)
- Слуги // Українська мала енциклопедія : 16 кн. : у 8 т. / проф. Є. Онацький. — Накладом Адміністратури УАПЦ в Аргентині. — Буенос-Айрес, 1965. — Т. 7, кн. XIV : Літери Сен — Сті. — С. 1776. — 1000 екз.