Рух за правы афраамерыканцаў
Рух за грамадзянскія правы афраамерыканцаў ЗША (англ.: Civil Rights Movement) — масавы грамадскі рух афраамерыканцаў і падтрымліваючых іх белых актывістаў супраць расавай дыскрымінаціі ў 1950-60-х гг.
ПерадгісторыяПравіць
Пасля адмены рабства ў ЗША праз некалькі дзясяцігоддзяў пасля Грамадзянскай вайны (1861-65 гг) у паўднёвых штатах склалася сістэма расавай сегрэгацыі. Негледзячы на тое, што яе апалагеты сцвярджалі, што сістэма, якая раздзяляла школы, бальніцы, рэстараны і месцы ў грамадскім транспарце на прызначаныя для чорных і белых, не з'яўляецца праяўленнем дыскрымінацыі цёмнаскурага насельніцтва (separate, but equal facilities - асобныя, але роўныя выгоды), але па факту такой роўнасці нярэдка не было.
У 1954 г. Вярхоўны суд ЗША, падчас разбору справы "Браўн супраць Савета па адукацыі", пастанавіў, што сегрэгацыя школ ставіць таўро непаўнацэннасці на цёмнаскурых дзяцей і заклікаў ўлады паўднёвых штатаў правесці дэсегрэгацыю і інтэграцыю школ. Але ніякіх перамен на Поўдні ў адказ не адбылося.
Гісторыя руху (1955-68)Правіць
Хадзьба ў імя свабодыПравіць
1 снежня 1955 г. Роза Паркс, 42-гадовая чорная швачка аднаго з універмагаў г. Мантгомеры (Алабама), была затрымана і аштрафавана за адмову уступіць месца "для белых" беламу пасажыру ў аўтобусе. У адказ мясцовая абшчына афраамерыканцаў пачала байкот аўтобусных ліній горада ("Хадзьба ў імя свабоды"), які хутка быў узначалены цёмнаскурым святаром Марцінам Лютэрам Кінгам. Акцыя пратэсту цягнулася 381 дзень і мясцовыя аўтобусныя кампаніі цярпелі страты. У адказ гарадскія ўлады пачалі штрафаваць таксістаў, якія падвозілі ўдзельнікаў Хадзьбы на работу і арыштавалі больш за сто удзельнікаў байкота згодна антыбайкотнаму закону 1921 г. Таксама белыя расісты выкарыстоўвалі тэрор супраць чорных актывістаў. У прыватнасці, у студзені 1956 г. ў дом М. Л. Кінга кінулі бомбу.
У адказ на арышты кіраўнікі байкоту падалі іск у федэральны акружны суд[1]. Суд у снежні 1956 г. прызнаў неканстытуцыйнасць сегрэгацыі грамадскага транспарту. Але пасля адмены сегрэгацыі ў аўтобусах Мантгомеры, іх пачалі абстрэліваць белаыя расісты, якія таксама нападалі на жыхароў негрыцянскіх кварталаў. Сярод пацярпелых была дзяўчына, якой нанеслі цяжкія цялесныя пашкоджанні, і цяжарная жанчына, якую паранілі ў нагу. Але ў гэты час праблема сегрэгацыі і дыскрымінацыі чорных грамадзян ЗША ўжо набыла міжнародную славу. Таксама шэраг белых святароў і бізнесменаў Алабамы асудзілі тэрор супраць афраамерыканцаў. У выніку хваля насілля сціхла на пэўны час.
Інтэграцыя школ і падзеі 1957 г.Правіць
У 1957 г/ федэральны суд загадаў правесці інтэграцыю муніцыпальных школ г. Літл-Рок, штата Арканзас. Дзевяць цемнаскурых дзяцей былі залічаны ў Цэнтральную сярэднюю школу горада, але па загаду губернатара штата мясцовая паліцыя не пусціла іх на заняткі. Тады прэзідэнт ЗША Дуайт Дэйвід Эйзенхаўэр выдзеліў салдат 101 паветрана-дэсантнай дывізіі ў якасці аховы дзяцей. Негледзячы на канвой, дзеці сутыкнуліся з натоўпам, які абражаў іх. "Дзявятка з Літл-Рока" пад аховай дэсантнікаў была толькі адной з шэрагу праяў рэакцыі на дэсегрэгацыю. Вось як аб гэтым было напісана ў артыкуле "Тыранія касты" надрукаваным рэлігійным часопісам "Вартавая вежа" 1 снежня 1957 г.: "Новая школа за 500 тыс. дол. у Нэшвіле, Тэнесі, была поўнасцю знішчана выбухам, проста таму, што ў яе склад 390 вучняў залічылі адно негрыцянскае дзіця. Каб недазволіць дзевяці юным неграм наведваць сярэднюю школу ў Літл-Року, Арканзас, губернатар штата выслаў сотні апаўчэнцаў, узброенных агнястрэльнай зброяй, дубцамі і працівагазамі, быццам каб не дапусціць хваляванняў, але яны занялі бок тых, хто парушаў закон і пры гэтым таксама яшчэ і парушылі сувярэнітэт федэральнай улады. У Лос-Анджэлесе, Каліфорнія, усе сорак тры члена пэўнай метадысцкай царквы пакінулі яе ў знак пратэсту, калі да іх прызначылі негрыцянскага пастара[2]."
Аналагічная праблема адбылася ў Новым Арлеане ў лістападзе 1960 г., калі чатыры маленькія афраамерыканкі паступілі ў пачатковую школу Франца ў 9-м раёне. Барацьба за дэсегрэгацыю школ праявілася ў паходах на Вашынгтон 1958 і 1959 гг., у якіх удзельнічалі дзясяткі тысяч актывістаў.
Таксама ў 1957 г. барацьбіты з сегрэгацыяй стварылі "Канферэнцыю паўднёвага хрысціянскага кіраўніцтва"(англ. - The Southern Christian Leadership Conference), прэзідэнтам якой быў абаны М.Л. Кінг. У гэтым жа годзе Кангрэс ЗША прыняў "Закон аб грамадзянскіх правах", які пашырыў удзел афраамерыканцаў у выбарах.
Сідзячыя забастоўкіПравіць
1 лютага 1960 г. 4 студэнта-афраамерыканца селі на месцы для белых у адной закусачнай г. Грынсбара (Паўночная Караліна). Іх прымулі пакінуць завядзенне, але на наступны дзень пачалася хваля падобных акцый, у якіх удзельнічалі і чорныя і белыя актывісты. Яны адмыслова займалі месцы "толькі для белых" у якасці сідзячай забастоўкі (sit-in) або стаялі ў недазволенным месцы (stand-in), або маліліся ў царкве у знак пратэсту, не дазваляючы яе зачыніць на нач (pray-in) У красавіку 1960 г. быў арганізаваны "Студэнцкі каардынацыйны камітэт ненасільных дзеянняў" (The Student Nonviolent Coordinating Committee). У выніку гэтых акцый на працягу 1960 г. адбылася дэсегрэгацыя пунктаў грамадскага харчавання ў прыкладна 150 гарадах Поўдня ЗША.
4 мая 1961 г. да сідзячых забастовак актывісты дадалі яшчэ адзін від акцыі - "рэйды свабоды" (freedom rides), якія цягнуліся ўсё лета 1961 г. Удзельнікі рэйдаў прыязжалі на міжгародніх аўтобусах у вялікай колькасці ў пэўныя гарады Поўдня і масава сядалі на месцы для белых у грамадскім транспарце і пунктах грамадскага харчавання. У адказ мясцовыя расісты білі ўдзельнікаў акцый, палілі іх аўтобусы, а паліцыя праводзіла масавыя арышты, але пры гэтым усё больш арганізацый мусілі адмаўляцца ад палітыкі сегрэгацыі.
Хваляванні ў БірмінгемеПравіць
У г. Бірмінгем (штат Алабама), на працягу красавіка 1962 г. праходзілі несанкцыянаваныя дэманстрацыі і сідзячыя забастоўкі супраць расавай сегрэгацыі і діыскрымінацыі. Кульмінацыяй пратэсту стала дэманстрацыя 3 мая падчас якой дэманстранты закідалі паліцыю каменнямі і бутэлькамі, а паліцыя спусціла на іх сабак, якія пакусалі дзяцей-удзельнікаў акцыі пратэсту. Паколькі справа атрымала шэрокі рэзананс, прэзідэнт ЗША Дж. Кенедзі накіраваў памочніка міністра юстыцыі Бэрка Маршалла як арбітра ў перамовах масцовай улады з удзельнікамі грамадзянскага руху.
10 мая быў знойдзены кампраміс: дэсегрэгацыя на працягу трох месяцаў, наём на работу і павышэнне па службе без расавай дыскрымінацыі на працягу двух месяцаў, стварэнне на працягу двух тыдняў органа міжрасавага супрацоўніцтва. Але ў ноч на 12 мая у адказ на тэрарыстычныя акты супраць М.Л. Кінга і яго брата чорныя радыкалы ўсю ноч вялі пагромы і сутычкі з паліцыяй.
У 1963 г. ў Бірмінгеме адбылася яшчэ адна трагэдыя: выбух бомбы, закладзенай тэрарыстамі ў баптысцкай царкве для чорных, у выніку якога загінулі 4 дзяўчыны-афраамерыканкі.
Марш на Вашынгтон 1963 г.Правіць
28 жніўня 1963 г. адбыўся самы вядомы марш на Вашынгтон у гісторыі барацьбы за грамадзянскія правы ў ЗША. Колькасць удзельнікаў магла дасягаць 250 тыс. чал. Марцін Лютэр Кінг выступіў са сваёй самай вядомай прамовай[3].
Законы 1964-65 гг.Правіць
2 ліпеня 1964 г. прэзідент ЗША Ліндан Джонсан падпісаў Закон аб грамадзянскіх правах, якім была забаронена расавая дыскрымінацыя ў сферы паслуг і пры прыёме на работу[4]. У 1965 г. быў прыняты новы Закон аб выбарчых правах, згодна якому толькі функцыя прызначэння рэгістратараў, якія складалі спіс выбаршчыкаў, пераходзіла ад мясцовай улады ў выключную кампетэнцыю федэральнай[5].
Расавыя бунты 1967 г.Правіць
На працягу ўсёй гісторыі ЗША час ад часу адбываліся расавыя бунты, ініцыятарамі, якіх бывалі і белыя, і чорныя расісты. Так падчас паўстання 1863 г. у Нью-Ёрку пагромшчыкі забілі некалькі дзясяткаў неграў і спалілі царкву для цёмнаскурых. Яшчэ адна моцная хваля пагромаў адбылася падчас 1-й "Чырвонай пагрозы" ў розных гарадах ЗША. Расавы бунт адбываліся і ў 1990-х (Лос Анджэлес, 1992 г.) і нават ў 2005 г. Але самымі моцнымі былі бунты 1967 г.
У 1960-х у адказ на тэрарыстычныя акты белых расістаў і свавольства паліцэйскіх і чыноўнікаў узніклі групы чорных расістаў і радыкалаў. У адрозненне ад памяркоўных актывістаў на чале з М.Л. Кінгам, якія выступалі за дэсегрэгацыю, мірныя сродкі барацьбы і роўнасць белых і чорных грамадзян, афраамерыканскія радыкалы выступалі супраць інтэграцыі з белымі і за выкарыстанне насілля. Найбольш вядомымі групамі былі партыя "Чорныя пантэры" (існавала і група іх саюзнікаў з ліку белых - "Белыя пантэры"), якія арганізоўвалі ўласныя патрулі для аховы негрыцянскіх кварталаў ад белых расістаў і для назірання за паліцэйскімі патрулямі. Але "Чорныя пантэры" пачыналі бойкі з белымі і па ўласнай інцыятыве, часам з выкарыстаннем зброі. Яшчэ адной радыкальнай арганізацыяй чорных расістаў была "Нацыя іслама".
Летам 1967 г ў 128 гарадах ЗША адбылося 164 расавых бунта, з якіх 8 былі класіфікаваны як буйныя[6]. Жыхары негрыцянскіх кварталаў ішлі граміць раёны населеныя белымі, рабавалі магазіны і біліся з паліцыяй і Нацгвардыяй. Загінула не менш за 117 чал, тысячы былі паранены, а шкода ацэнена на больш чым, 1 млрд дол[7]. Найбольш крывавымі былі бойкі паміж чорнымі і белымі ў Ньюарку і Дэтройце (у апошнім горадзе 41 забіты, 2000 паран. і 5000 засталіся без жылля[7]; было зруйнавана 387 будынкаў і разрабавана 2700 магазінаў і прадпрыемстваў[8]).
Забойства Кінга і паход беднякоўПравіць
У красавіку 1968 г. Кінг і памяркоўныя актывісты планавалі чарговы паход -паход беднякоў на Вашынгтон з мэтай звярнуць увагу урада на праблему беднасці. Але 4 красавіка 1968 г. Кінг быў забіты ў г. Мемфіс, штат Тэнесі. У адказ на забойства Кінга прайшлі новыя стыхійныя чорныя бунты, але не настолькі інтэнсіўныя як летам 1967 г. Тым не менш, летам 1968 г. паход беднякоў на Вашынгтон адбыўся і Кангрэс ЗША прыняў новыя ўступкі адносна продажу і найму жылых дамоў для бедных, а таксама пэўныя праграмы развіцця для беднай моладзі.
Асноўныя дасягненніПравіць
- Адмена расавай сегрэгацыі ў сістеме гандлю, адукацыі, абслугоўвання на Поўдні ЗША.
- Паступовы адыход ад расавай дыскрымінацыі у ЗША.
- Прыняцце праграм развіцця для беднякоў, асабліва моладзі.
- Пашырэнне ўдзелу чорнага насельніцтва Поўдня ў выбарах і палітычным жыцці.
Адлюстраванне ў літаратуры і мастацтвеПравіць
У савецкай літаратуры і мастацтве шмат выкарыстоўвалі тэму белага расізму ў ЗША. Гэта тэма нават сустракаецца ў дзіцячым вершы "Чорны навічок" Агніі Барто[1].
У амерыканскім кінематоргафе найбольш вядомымі фільмамі, прысвечанымі праблеме барацьбы за грамадзянскія правы афраамерыканцаў з'яўляюцца "Місісіпі ў агні" і "Малкольм Ікс".
Гл. таксамаПравіць
Зноскі
- ↑ У ЗША паралельна дзейнічае сістэма судоў асобных штатаў і федэральная сістэма судоў
- ↑ The Tyrany of Caste//The Watchtower, December 1, 1957, vol. LXXVIII, No 23, p. 710
- ↑ "Умяне ёсць мара" М.Л. Кінг // Гісторыя ЗША ў дакументах: пераклады на беларускую. Мн.: 2014, сс. 35-37
- ↑ Civil Rights Act of 1964//finduslaw.com
- ↑ Пятнаццатая папраўка да Канстытуцыі ЗША (ратыфікаваная 3 лютага 1870 г.) забараняла абмежаванне права ўдзельнічаць у выбарах на падставе колеру скуры, але афраамерыканцаў нярэдка абмяжоўвалі ў такіх правах на падставе цэнзу пісьменнасці
- ↑ Preparing for Violence//Awake! May 8, 1968, Vol. XLIX, No 9, p.16
- ↑ а б Flood of Lawlessness//Awake! January 8, 1968, Vol. XLIX, No 1, p.6
- ↑ Life цыт па: Flood of Lawlessness//Awake! January 8, 1968, Vol. XLIX, No 1, p.6
СпасылкіПравіць
- Свободны наконец! (Движение за гражданские права в США
- В. Киселев Ненасильственный опыт движения за гражданские права в США (50-е -60-е гг.) Архівавана 7 ліпеня 2011.
- США:Право на несогласие
- 1954-1964 ГОДЫ И СОБЫТИЯ
- Самые яркие моменты борьбы афроамериканцев за свои права (фото)
- Анисимов, Л. Н. Закон о гражданских правах 1964 г. и положение негров в США /Л. Н. Анисимов. //Правоведение. -1966. - № 2. - С. 116 - 121 Архівавана 27 снежня 2016.