Рыдэрх ап Іестын (вал.: Rhydderch ap Iestyn, памёр у 1033) — кароль Гвента з пачатку другога дзесяцігоддзя XI стагоддзя па 1033 год, фактычны кіраўнік усяго паўднёвага Уэльса на працягу апошняга дзесяцігоддзя свайго жыцця. Заснавальнік дынастыі, прадстаўнікі якой адыгрывалі важную ролю ў палітычных смутах XI стагоддзя ва Уэльсе[2].

Рыдэрх ап Іестын
вал.: Rhydderch ap Iestyn
Сцяг Кароль Гвента і Маргануга[1]
каля 1015 — 1033
Папярэднік Рыс ап Оўайн ап Морган,
Іестын ап Оўайн ап Морган,
Хівел ап Оўайн ап Морган
Пераемнік Грыфід ап Рыдэрх
Сцяг Кароль Дэхейбарта
1023 — 1033
Папярэднік Лівелін ап Сейсіл
Пераемнік Хівел ап Эдвін
Нараджэнне X стагоддзе
Смерць 1033(1033)
Дзеці Грыфід ап Рыдэрх

Біяграфія

правіць

Не захавалася звестак пра дакладны час нараджэння Рыдэрха, роўна як і пра яго паходжанне[3]. Меркавана, яго першапачатковыя ўладанні знаходзіліся ў Гвінлугу і верхнім Гвенце, а да 1020-х гадоў ужо можна было казаць пра яго дамінаванне ў паўднёва-ўсходнім Уэльсе. Пасля смерці ў 1023 годзе Лівеліна ап Сейсіла, які пяццю гадамі раней захапіў уладу ў Гвінедзе і Дэхейбарце, Рыдэрх ап Іестын падпарадкоўвае сабе апошні. Запіс у «Хроніцы прынцаў» за гэты год паведамляе, што Рыдэрх становіцца «кіраўніком поўдня»[4].

На працягу дзесяці гадоў ён кіраваў сваімі землямі. У даравальных граматах Рыдэрха, захаваных у «Кнізе з Ландава», сын Іестына называецца каралём Маргануга, аднак там жа зафіксаваны яго прэтэнзіі на ўладу над усім Уэльсам[5]. Ландаўскія запісы гавораць пра яго як пра «кіраўніка ўсяго Уэльса, акрамя вострава Мона, якім валодае Іяга ап Ідвал».

У 1033 годзе Рыдэрх ап Іестын загінуў, а пра акалічнасці яго смерці вядома толькі тое, што ён быў забіты ірландцамі. Уладанні Рыдэрха ў Гвенце, а таксама яго палітычныя амбіцыі на панаванне ў паўднёвым Уэльсе, перайшлі па спадчыне да яго сына — Грыфіда ап Рыдэрха.

Зноскі

  1. Паняцце досыць умоўнае, паколькі тытул каралёў Гвента і Глівісінга, а таксама аб'яднанага Маргануга, як правіла, адначасова насілі некалькі кіраўнікоў. Аднак у перыяд свайго ўзвышэння Рыдэрх, відаць, кантраляваў увесь паўднёва-ўсходні Уэльс, што давала яму права называцца каралём Маргануга.
  2. Lloyd, John Edward. A History of Wales From The Earliest Times To The Edwardian Conquest. — London: Longmans, Green, and Co, 1912. — Т. I. — P. 347. — 356 p.
  3. Davies, John. A History of Wales. — London: Penguin, 2007. — P. 96. — 736 p. — ISBN 0140284753.
  4. The Rev. John Williams Ab Ithel. Brut Y Tywysogion or The Chronicle of the Princes of Wales. — London: Longman, Green, Longman,and Roberts, 1860. — P. 39. — 491 p.
  5. Davies, Wendy. Wales in the Early Middle Ages. — Leicester: Leicester University Press, 1982. — P. 104. — 280 p. — ISBN 0718511638.