Рыленкі (мемарыяльны комплекс)
Мемарыяльны комплекс у Рыленках Дубровенскага раёна, Віцебскай вобласці. Знаходзіцца на 467-м кіламетры аўтамагістралі Масква — Брэст, за 1 км на поўнач ад вёскі.
Помнік | |
Мемарыяльны комплекс | |
---|---|
54°40′48″ пн. ш. 30°48′56″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Рыленкі |
Скульптар | Мікалай Аляксеевіч Рыжанкоў |
Архітэктар | Міхаіл Фёдаравіч Ткачук |
Дата пабудовы | 1973 год |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213Д000473 |
Гісторыя
правіцьУзведзены на брацкіх могілках, дзе пахаваны 35 тыс. воінаў 30-й гвардзейскай стралковай дывізіі 10-й гвардзейскай арміі Заходняга фронту, 84-й гвардзейскай і 331-й стралковых дывізій 31-й арміі 3-га Беларускага фронту, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Мемарыяльны комплекс адкрыты 3 ліпеня 1973 года. Скульптар М. Рыжанкоў, архітэктар М. Ткачук.
Апісанне
правіцьМемарыял зроблены з бетону і сілуміну. Памеры стэл 2,6×4 м, уваходнага партала 3×15 м.
Займае вялікую плошчу і размешчаны перпендыкулярна да транспартнай магістралі. Уяўляе сабой прасторавую архітэктурна-скульптурную кампазіцыю з развітым сіметрычна-восевым планіровачным вырашэннем. Уваход у мемарыял утвораны 2 рознымі па велічыні апорнымі сценкамі, якія нясуць манументальны рэльефны фрыз з выявай суровых і мужных твараў савецкіх воінаў. На сценках бронзавымі літарамі надпіс: «Тут 10 тысяч гераічна загінуўшых савецкіх салдат. Чэрвень 1944 г.».
Уздоўж дарогі, якая вядзе да могілак, пастаўлены 4 бетонныя стэлы з урэзанымі ў іх сілумінавымі рэльефамі, якія адлюстроўваюць подзвігі герояў, што былі здзейснены на гэтай зямлі. Першая кампазіцыя прысвечана подзвігу Героя Савецкага Саюза Ю. Смірнова, другая — А. М. Васільеву, што паўтарыў подзвіг А. М. Матросава, трэцяя — подзвігу Героя Савецкага Саюза Г. А. Нікандравай, якая падняла байцоў у атаку.
Пра мужнасць лётчыкаў авіяпалка «Нармандыя — Нёман» С. Астахава і Бруна дэ Фальтана, што загінулі ў адным самалёце, расказвае чацвёртая экспазіцыя.
Брацкія могілкі вырашаны ў выглядзе прамавугольных тэрас. На верхняй — маляўнічая група бяроз і ёлак, абнесеная з 3 бакоў брустверам. Па перыметры тэрас раўнамерна ўстаноўлены 170 надмагільных пліт з імёнамі загінуўшых воінаў. Завяршаецца комплекс плітой-маналітам з надпісам «Подзвігі вашы неўміручыя». На пляцоўцы перад плітой — квадратная платформа, у барэльефнай зорцы — Вечны агонь.
Літаратура
правіць- Мемарыяльны комплекс «Рыленкі» // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. — Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. — С. 267—268.
- Холадава, І. П. На плітах прозвішчы гараць / І. П. Холадава // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. — 1981. — № 1. — С. 14-1
- Лапцэвіч Л. Г. Рыленкі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — С. 498. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).