Саба́ка — млекакормячая жывёла сямейства сабачых. Існуюць сотні парод сабак, якія істотна адрозніваюцца адна ад адной.
Тыповыя драпежнікі, якія могуць праяўляць агрэсію. Маюць 42 зубы (12 разцоў, 4 клыкі, 26 карэнных), з іх найбольш развіты клыкі. Канечнасці пальцаходныя; на пярэдніх лапах па 5 пальцаў (адзін не кранаецца зямлі), на задніх па 4. Косці вызначаюцца адносна невялікай масай і высокай трываласцю.
Развіты слых, зрок, нюх. Добра бегаюць, скачуць, плаваюць. Мозг развіты. Дрэсіруюцца з разнастайнымі мэтамі.
Палавой спеласці самкі дасягаюнь у 7—8, самцы ў 10—12 месяцаў. Цяжарнасць 58—65 сутак. Нараджаюць 1—18 сляпых, глухіх, без зубоў шчанят. Жывуць 10—12 гадоў.
Паходзіць ад воўка, прыручаны каля 10 тыс. гадоў да н.э. Вядома каля 400 сучасных парод, якія адрозніваюцца памерамі, экстэр'ерам, паводзінамі. Напрыклад, вышыня ў карку можа вагацца ад некалькіх сантыметраў (чыхуахуа) да амаль метра (ірландскі воўкадаў, дог), колер — ад белага да чорнага, уключна руды, шэры, карычневы, у вялікай разнастайнасці адценняў. Падзяляюцца на 3 асноўныя групы: дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі, паляўнічыя сабакі, службовыя сабакі.
Сабакагадоўля — развядзенне сабак свойскіх культурных парод. Вылучаюць службовую (для вартаўнічай, пагранічнай, ездавой, пастухоўскай і інш. службаў), паляўнічую (спартыўнае і прамысловае паляванне), дэкаратыўна-пакаёвую сабакагадоўлю. Тэарэтычная аснова сабакагадоўлі — кіналогія.
Пры селекцыйнай рабоце сабак ацэньваюць і адбіраюць па канстытуцыі, экстэр'еры, рабочых і псіхічных якасцях і інш. Службовых і паляўнічых сабак гадуюць у спец.ыяльных гаспадарках, а таксама сабакаводы-аматары. Утрыманне сабак у гарадах і пасёлках гарадскога тыпу рэгламентуецца абавязковай рэгістрацыяй, правіламі ўтрымання ў жылых памяшканнях і выгулу, тэрмінамі прышчэпак і інш. Праводзяцца выстаўкі сабак.
Зноскі