Салто́ (ад фр.: Saulteaux; саманазва: ᓇᐦᑲᐌ «народ») — алганкінскі народ, карэнныя жыхары Канады. Агульная колькасць (2019 г.) — 24 000 чал.[1]

Салто
ᓇᐦᑲᐌ
Салто ў зімовай вопратцы, мал. 1822 г.
Агульная колькасць 24000
Рэгіёны пражывання  Канада
Мова аджыбвэ
Рэлігія анімізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы атава, патаватомі, аджыбвэ

Паходжанне

правіць

Назва салто мае французскае паходжанне. Упершыню яна сустракаецца ў XVII ст. у форме Saulteurs («людзі вадаспада»), калі французскія вандроўнікі ўвайшлі ў кантакт з тубыльцамі ракі Святой Марыі. Салто належалі да народа аджыбвэ, таму ў нашы дні часцяком завуцца раўніннымі або паўночна-заходнімі аджыбвэ. Самі салто аддаюць перавагу назве накавэ, што на іх дыялекце значыць «народ». Падчас Бабровых войн яны рушылі на захад і рассяліліся на вялікай тэрыторыі ад Антарыа да Брытанскай Калумбіі.

Асаблівасці культуры

правіць

Міграцыя на захад выклікала некаторыя змены ў культуры салто. Калі іх продкі, што насялялі Вялікія азёры, займаліся земляробствам, то салто былі вымушаны весці вандроўны лад жыцця, у іх занятіках пераважалі паляванне і рыбалоўства. Так, салто Саскачэвана сезонна перамяшчаліся ўздоўж рэк і азёр, будавалі часовыя лагеры. Асноўным жытлом стала тыпі, распаўсюджанае ў іншых качавых народаў Вялікіх раўнін. Яны палявалі на ласёў, аленяў, зайцоў, здабывалі рыбу і водных птушак. Для палявання ўзімку карысталіся снегаступамі. Для палявання і часам для перамяшчэння паклажы трымалі сабак[2].

Узаемаадносіны паміж салто і суседнімі народамі былі складанымі. Яны выціснулі далей на захад гравантраў, мелі ваенныя сутычкі з народамі сіў, аднак падтрымлівалі шчыльныя зносіны з кры, нават стваралі разам з імі супольныя абшчыны. У XIX ст. салто займаліся футравым гандлем, былі пасрэднікамі паміж мясцовымі плямёнамі і еўрапейцамі, карысталіся ў побыце еўрапейскімі зброяй і таварамі. Асноўнай сацыяльнай адзінкай з'яўляліся аб'яднанні некалькіх нуклеарных сем'яў, што разам вандравалі і займаліся здабычай. У ваенных мэтах маглі ствараць большыя па колькасці аб'яднанні на чале выбранага правадыра, але такія аб'яднанні мелі часовы характар.

У другой палове XIX ст., калі прыродныя рэсурсы прэрыі значна скараціліся, салто трапілі ў залежнасць ад еўрапейскіх перасяленцаў. Яны былі вымушаны заключаць пагадненні з уладамі Канады, перадаваць значныя паляўнічыя тэрыторыі і наўзамен атрымоўваць гадавую грашовую дапамогу. У Брытанскай Калумбіі салто карыстаюцца адлічэннямі за транспартаванне газу праз іх тэрыторыі. Разам з гэтым, многія традыцыйныя звычаі апынуліся пад забаронай, была ўведзена абавязковая адукацыя на англійскай мове, што садзейнічала частковай асіміляцыі. У нашы дні адбываецца працэс частковага адраджэння традыцыйных звычаяў і мовы.

Зноскі

Спасылкі

правіць