Саона
Саона (ісп.: Saona) — востраў на паўднёвым усходзе Дамініканскай Рэспублікі, уваходзіць у склад Паўднёва-Усходняга Нацыянальнага запаведніка. Займае плошчу 110 км². На востраве знаходзяцца невялікія рыбацкія вёскі. Насельніцтва - каля 300 чал.
Саона | |
---|---|
ісп. Saona | |
![]() Пляж | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 110 км² |
Насельніцтва | 300 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 2,73 чал./км² |
Размяшчэнне | |
18°09′20″ пн. ш. 68°41′58″ з. д.HGЯO | |
Архіпелаг | Вялікія Антыльскія астравы |
Акваторыя | Карыбскае мора |
Краіна | |
![]() |
ГісторыяПравіць
У старажытнасці востраў Саона быў населены плямёнамі таіна. Адкрыты Хрыстафорам Калумбам падчас другой экспедыцыі 14 верасня 1494. Названы ў гонар лігурыйскага горада Савона каля Генуі. У нашы дні паміж востравам і горадам захоўваюцца афіцыйныя сувязі. Згодна паданню, у XVI ст. падчас паўстання таіна на востраве Гаіці сюды збёг правадыр Катубанама, які, аднак, быў знойдзены і закатаваны.
Хаця востраў Саона знаходзіцца ў складзе Паўднёва-Усходняга Нацыянальнага запаведніка, тут маюцца два сталыя паселішчы і дамініканская ваенная база. У 2012 г. цікавасць да пабудовы ваеннай базы на востраве таксама выказвалі ўлады ЗША.
ГеаграфіяПравіць
Востраў Саона знаходзіцца каля паўднёва-ўсходняга ўзбярэжжа вострава Гаіці, аддзелены ад яго вузкім пралівам (1,15 км). Даўжыня - 23,9 км. Найбольшая шырыня - 6,78 км. Востраў мае складаную геалагічную гісторыю. Сфарміраваны на старажытным вулканічным заснаванні, агульным для Саоны і Гаіці. На працягу свайго існавання некалькі разоў аказваўся пад паверхняй акіяна і нагадваў падводнае плато, на якім развіваліся каралы і назапашваліся арганічныя асадкі. У нашы дні яны складаюць асноўную частку сушы.
Паверхня вострава Саона нізкая, складзеная вапнякамі. Бераг пясчаны. На Саоне шмат карставых пячор, што ў старажытнасці выкарыстоўваліся індзейцамі-таіна. Кіпрыя глебы выдатна ўсмоктваюць вільгаць, таму сталых паверхневых вадацёкаў няма. Прэсная вада назапашваецца ў падземных рэзервуарах.
Клімат трапічны пасатны. У летнія месяцы існуе пагроза ўраганаў.
ПрыродаПравіць
На тэрыторыі вострава Саона растуць каля 539 розных відаў раслін, многія з якіх эндэмікі. Водзяцца чарапахі і ігуаны, у прыбярэжных раёнах можна ўбачыць ламанцінаў і дэльфінаў, а ў цёплых водах плыткаводдзя — марскія зоркі. На востраве жывуць чайкі, галубы, зялёныя папугаі, буслы і іншыя віды птушак. Вядомыя 40 розных відаў рыб, 124 віды малюскаў, якія жывуць у прыбярэжных водах.
СпасылкіПравіць
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Саона
- Saona Island History
- Parque Nacional del Este Архівавана 10 сакавіка 2016.
- Stop the US Military Base on Isla Saona