Склане́нне — катэгарыяльная адзнака іменных часцін мовы; змяненне па склонах, абумоўленае сінтаксічнымі сувязямі адпаведных слоў у пэўным кантэксце.

Скланеннем таксама называецца тып формазмянення. Сістэма склонавых форм у пэўным тыпе называецца парадыгмай скланення. Вылучаюць субстантыўнае (назоўнікавае) і ад'ектыўнае (прыметнікавае) скланенне. Скланенне ад'ектыўных разрадаў слоў (прыметнікаў, парадкавых лічэбнікаў, абагульнена-якасных займеннікаў, дзеепрыметнікаў) у параўнанні з субстантыўнымі (назоўнікамі, колькаснымі лічэбнікамі, абагульнена-прадметнымі займеннікамі) больш уніфікаванае і менш разнастайнае па формах выражэння склонавых значэнняў.

Слова «скланенне» таксама абазначае групу назоўнікаў, аб'яднаных агульнасцю ўтварэння склонавых форм.

Скланенне назоўнікаў у беларускай мове правіць

У беларускай мове вылучаюць 3 тыпы скланення:

  • да 1-га скланення адносяцца назоўнікі жаночага роду (тыпу «вада», «зямля»),
  • да 2-га — назоўнікі мужчынскага і ніякага роду (тыпу «дол», «сяло»),
  • да 3-га — назоўнікі жаночага роду (тыпу «ноч», «даль»).

Асобныя групы складаюць:

  • назоўнікі агульнага і мужчынскага роду (тыпу «сірата», «ваявода»),
  • рознаскланяльныя (тыпу «дзіця», «імя»)
  • і нескланяльныя назоўнікі (іншамоўнага паходжання, некаторыя прозвішчы асоб жаночага і мужчынскага полу і інш.), склонавыя значэнні якіх вызначаюцца граматычнымі формамі дапасаваных да іх слоў ці сінтаксічнай сувяззю кіравання («маё амплуа», «нашага аташэ», «сустрэў Гурло», «пазнаёміўся з Баранавых» і інш.).

Літаратура правіць