Слабада (паселішча)
Слабада́, во́ля або ву́лька — тып паселішча, характэрны для феадалізму.
Першапачаткова ў перыяд феадалізму паселішчы гэтага тыпу атрымлівалі часовае вызваленне ад выплаты падаткаў на карысць уладальнікаў, пасля свайго заснавання. Мэтай было пашырэнне ворыўных зямель.
Розныя формы так званых вольных паселішчаў, слабод, з'яўляюцца ва Усходняй Еўропе ў XIV—XVI ст. Слабоды ўзнікалі, да прыкладу, у паўднёвых рэгіёнах і вядомыя як казацкія паселішчы. Уся тэрыторыя ад ніжняга цячэння Дняпра да Дона зрабілася казацкім рэгіёнам — Слабажаншчынай.
Слабоды ў Беларусі — іншага паходжання. Адной з прычын іх узнікнення было імкненне феадалаў стымуляваць засваенне малапрыдатных для земляробства зямель: балоцістых, парослых кустоўем, пашкоджаных прыроднай эрозіяй. Другая, асноўная прычына, — заняпад цэлых рэгіёнаў у выніку войнаў і эпідэмій. Так, у другой палове XVII ст. колькасць «дымоў» у беларускім Падняпроўі скарацілася больш, чым на трэць, а колькасць насельніцтва ў некаторых усходніх староствах — на палавіну. У гэтых умовах адміністрацыя Рэчы Паспалітай выдавала прывілеі, паводле якіх пасяленцы на апусцелых землях вызваляліся (рабіліся свабоднымі) ад падаткаў на тэрмін 20 гадоў. Гэта дало штуршок узнікненню слабод, воль і вулек (гл. напрыклад Бракава Слабада, Святая Воля, Дабраволле, Вулька).
Апроч сельскіх слабод, ужо з XII ст. вядомыя і гарадскія слабоды — рамеснікаў, служылага люду і г.д. Як у іншых славянскіх краінах, на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў XII—XIII ст. слабодамі часам называлі і запрыгоненыя паселішчы, што былі яшчэ не абкладзеныя падаткамі.
Пазней слабодамі сталі называць паселішчы гарадскога тыпу, або мястэчкі, дзе пражывалі галоўным чынам мяшчане і рамеснікі, якія пакінулі абшчыну і былі звязаны з сельскай гаспадаркай толькі часткова[1].
Зноскі
- ↑ Беларусы: У 8 т. Т. 2. Дойлідства… С. 22.
Літаратура
правіць- Слабада // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — С. 483. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
- Беларускае народнае жыллё / [Э. Р. Сабаленка і інш.] ; рэдактар В. К. Бандарчык ; Акадэмія навук БССР, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск: Беларуская навука, 1973. — 125 с. — 2 250 экз.
- Беларусы: У 8 т. Т. 2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. — 391 с.: іл. — ISBN 985-6234-28-X
- Слабада́ // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 666. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.