Старажытны Тураў (экспазіцыя)

экспазіцыя

«Старажытны Тураў» — гісторыка-археалагічная экспазіцыя Тураўскага краязнаўчага музея, размешчаная ў паўночнай частцы горада на беразе ракі Прыпяць і пратокі Струмень. Створана на гарадзішчы старажытнага горада Турава. Гэта трэці ў Беларусі праект музеефікацыі сакральных помнікаў архітэктурнай археалогіі пасля каўпака над цэрквамі на Старым замку ў Гродне і музея гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора ў Полацку[1].

Старажытны Тураў
Павільён звонку
Павільён звонку
Заснаваны 2005
Месцазнаходжанне

Гісторыя

правіць
 
Рэшткі царквы ў экспазіцыі «Старажытны Тураў»

Экспазіцыя створана на гарадзішчы старажытнага горада Турава. Галоўным экспанатам музейнай экспазіцыі з’яўляецца падмурак старажытнага храма другой паловы XII стагоддзя, які будаваўся ў традыцыі кіеўскай архітэктурнай школы[2]. Царква ўжо была вядомая па даследаваннях М. К. Каргера ў 1962—1963 гадах[1].

Да 1000-годдзя Тураўскай епархіі і 1025-годдзя старажытнага Турава было прымеркавана поўнае адкрыццё рэштак храма ХII стагоддзя са стварэннем філіяла музея. У 2005 годзе былі праведзены раскопкі пад кіраўніцтвам П. Ф. Лысенкі для поўнага раскрыцця захаваных аб’ёмаў помніка[1].

Ад храма захаваўся толькі падмурак і частка сцен. Большая частка сцен захавалася на вышыню 30-50 см, значна вышэй захавалася сцяна апсід — да 2 м. Пабудаваны храм з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі, характэрнай для XII стагоддзя. Археалагічнымі даследаваннямі ўстаноўлена прычына разбурэння храма — землятрус 1230 года[2].

Адкрыццё музеефікаванага аб’екта адбылося 18 верасня 2005 года[1].

 
Шыферны саркафаг у экспазіцыі «Старажытны Тураў»

Большасць матэрыялаў, якія экспануюцца ў археалагічным комплексе «Старажытны Тураў», былі знойдзены падчас археалагічных раскопак на Замкавай гары. Аднак частка матэрыялаў знаходзіцца на захаванні ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі[2].

Павільён

правіць

Праект будынка музейнай экспазіцыі распрацаваны праектным інстытутам «Палессепраект». Заказчыкам праекта выступала УКБ Жыткавіцкага райвыканкама[3]. Будаўніцтва будынка музейнай экспазіцыі пачалося ў 2005 годзе. Будаўніча-мантажныя працы вяліся Жыткавіцкім МПМК-97[3].

Павільён выкананы ў выглядзе аднапралётнага збудавання шатровага тыпу з беспаддашкавым пакрыццём. Даўжыня павільёна складае 42 м, шырыня — 32 м, вышыня ў каньку — 12,58 м. Памеры збудавання музейнай экспазіцыі вызначылі габарыты падмуркаў храма XII стагоддзя[3].

Канструктыўная схема будынка — 3-шарнірная арка з вугалковага пракатнага профіля. Трохшарнірныя аркі перакрыцця ўтвараюцца дзвюма фермамі з паралельнымі паясамі. Для павелічэння ёмістасці будынка вышыня падлогі прынята ніжэй за пяты арак на 1,2 і 0,7 м. Для падмуркаў выкананы буранабіўныя палі з ростверкам з маналітнага жалезабетону. Сцены павільёна выкананы са зборных сэндвіч-панэляў з негаручым уцяпляльнікам з мінеральнай ваты. Падлога выслана жвірова-цэментавай пліткай па рабрыста-жалезабетонных плітах. У тарцах павільёна вялікія вітражы ў рамах з алюмініевага профілю[3].

У павільёне запраектаваны экспазіцыйная зала, памяшканне персанала, білетная каса і тэхнічныя памяшканні. Экспазіцыйная зала разбіта на ячэйкі (6x3) м для размяшчэння экспанатаў музея[3].

Крыніцы

правіць