Сусветная служба надвор’я

Сусве́тная слу́жба надво́р’я[1] (ССН) — сістэма з трох сусветных і больш за дваццаць рэгіянальных метэаралагічных цэнтраў.

Сусветная служба надвор’я
Тып арганізацыі міжнародная арганізацыя
Заснаванне
Дата заснавання 1963
Матчыная арганізацыя Сусветная метэаралагічная арганізацыя

Створана ў 1963[1][2] годзе. Сусветныя цэнтры знаходзяцца ў Вашынгтоне, Маскве і Мельбурне. Міжнароднае супрацоўніцтва службаў надвор’я розных краін ажыццяўляе Сусветная метэаралагічная арганізацыя (СМА).

Асноўная мэта Сусветнай службы надвор’я — забяспечыць аператыўнае ўзаемадзеянне нацыянальных службаў надвор’я шляхам цэнтралізаванага збору, абмену, апрацоўкі і аналізу метэаралагічных і іншых звестак на ўсім зямным шары.

У склад ССН уваходзяць:

  • Глабальная сістэма назіранняў (ГСН),
  • Глабальная сістэма тэлесувязі (ГСТ),
  • Глабальная служба апрацоўкі даных (ГСАД).

Цэнтры Сусветнай службы надвор’я выкарыстоўваюць інфармацыю назіранняў пастаянна дзеючых метэаралагічных і аэралагічных станцый і сетак, метэаралагічных штучных спадарожнікаў, шароў-зондаў і самалётаў, навуковых і метэаралагічных суднаў, станцый ракетнага зандзіравання і інш. Яны апрацоўваюць атрыманую інфармацыю, складаюць і распаўсюджваюць прыземныя і вышынныя карты надвор’я і іншыя прагнозныя матэрыялы. Таксама Сусветная служба надвор’я фарміруе стандарты вымярэння збіраемых даных[3].

Станам на чэрвень 2023 года на сайце Сусветнага інфармацыйнага сэрвіса надвор’я прадстаўлена афіцыйная інфармацыя пра надвор’е для 3451 гарадоў, для 3307 з якіх даступныя прагнозы надвор’я, атрыманыя ад 139 краін-членаў праекта, а для 2209 гарадоў — кліматалагічная інфармацыя, атрыманая з 171 краін[4].

Зноскі

  1. а б БелЭн 2002.
  2. Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—2017.
  3. Погода (руск.) // Сусветная метэаралагічная арганізацыя
  4. Всемирный информационный погодный сервис

Літаратура

правіць

Спасылкі

правіць