Сядзібна-паркавы комплекс Дамейкаў (Сітцы)

Сядзібна-паркавы комплекс Дамейкаў — сядзіба ў аграгарадку Сітцы, Докшыцкі раён, Віцебская вобласць. Захавалася часткова.

Сядзіба
Сядзібна-паркавы комплекс Дамейкаў
Сядзібная брама
Сядзібная брама
54°54′47″ пн. ш. 27°32′20″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Сітцы
Архітэктурны стыль барока
Дата пабудовы XVIII стагоддзе
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 212Г000448шыфр 212Г000448
Map

Закладзена ў другой палове XVIII стагоддзя Бжастоўскімі, з 1798 года знаходзілася ў валоданні Дамейкаў.

Архітэктура правіць

Ад сядзібна-паркавага комплексу захаваліся рэшткі брамы, лямуса, аранжарэі, гаспадарчых пабудоў, калоны палаца, фрагменты парка, дзе знаходзіцца Сітцаўскі дуб-волат — батанічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння.

Брама правіць

Пабудавана ў пачатку XVIII стагоддзя з цэглы. Помнік архітэктуры ранніх форм беларускага барока.

Кампазіцыя брамы сіметрычная, ступеньчатая, трох’ярусная, вырашана ў барочнай пластыцы. Першы ярус — масіўная трохпралётная арка з вялікім цэнтральным праёмам. Другі ярус (надбрамны) утвораны прамавугольным у плане аб’ёмам. Унутр аб’ёму вядуць дзве вінтавыя лесвіцы, якія размешчаны ў цэнтральных пілонах аркі. Надбрамнае памяшканне мае цыліндрычнае скляпенне. Браму завяршае невялікая вежа з купалам. У надбрамнай частцы вежы знаходзіўся драўляны механізм гадзінніка з «зязюляй», зроблены мясцовым майстрам.

Гісторыя правіць

Першыя згадкі пра Сітцы адносяцца да 1530 года. Тады ўжо ў Сітцах стаяла царква. Здаўна існавалі тры паселішчы з назовам Сітцы — маёнтак Сітцы, сяло Вялікія Сітцы і вёска Малыя Сітцы за два кіламетры на захад ад іх.

У пачатку XVI стагоддзя Сітцы, што былі ў складзе маёнтка Ваўкалаты, упамінаюцца сярод уладанняў троцкага ваяводы Багдана Саковіча, які атрымаў вялізныя абшары зямель на захадзе сучаснага Докшыцкага раёна. Яго дачка Альжбета выйшла замуж за Мікалая Радзівіла, віленскага ваяводу. Сітцы разам з Ваўкалатамі сталі ўласнасцю Радзівілаў.

Пазней у складзе маёнтка Ваўкалаты Сітцы перайшлі да Юрыя Слуцкага, потым да Юрыя Хадкевіча, ва ўладаннях якога дворац Сітцы згадваецца ў 1567 годзе. Пазней невядома якім чынам Сітцы сталі ўласнасцю Бжастоўскіх[1].

Сядзіба закладзена прыкладна ў другой палове XVIII стагоддзя Бжастоўскімі. Менавіта нешта падобнае на замак адлюстравана на гравюры ў кнізе кс. Э. Зеляевіча «Задыяк на зямлі», выдадзенай у 1650 годзе. Зрэшты, больш дакладных звестак пра яго няма, аднак існуюць паданні пра яго існаванне.

У 1798 годзе маёнтак адышоў да роду Дамейкаў герба «Дангель». Гаспадары пахаваны на мясцовых могілках (в. Рапяхі). Першым гаспадаром з іх быў Тадэвуш (1762—1838), сын Казіміра (нар. 1725), скарбніка інфлянцкага і каралеўскага, камісара віленскага, і Багумілы Адахоўскай з Свентаржэцкіх. Тадэвуш, мечнік мсціслаўскі (1788), падсудак Віленскага павета (1801), падкаморы (1817), быў жанаты з Схаласцынай (1768—1827), якая пахавана побач. Яны мелі сыноў Стафана Аляксандра, Казіміра Франца і Люцыяна Вінцэнты, якія даводзіліся стрыечнымі братамі знакамітаму Ігнату Дамейку.

Адзначаная планіроўка добра прасочваецца цяпер. Толькі былыя групы дрэў прынялі выгляд самкнутых складаных насаджэнняў, замест газона расце пустазелле. Зарастаюць вадаёмы. Дрэвы разрасліся і закрылі былыя перспектывы. На ўскрайку парку стаіць магутны дуб-волат, якому больш за 500 гадоў.

Адзін з заходніх баскетаў, відаць, пазней стаў месцам размяшчэння парнікова-цяплічнай гаспадаркі. Ён мае бутавую сцяну вышынёй да 2,5 м, таўшчынёй 0,7 м, завершаную чарапічнай дахоўкай. Нішы сцяны, якая добра захавалася, спрыялі вырошчванню вінаграднай лазы. У склад бакавой агароджы быў уключаны домік агародніка, пабудаваны з цэглы, і невялічкая вяндлярня, якая адначасова служыла паркавым павільёнам.

На апошнім этапе развіцця сядзібы Вацлавам Дамейкам, сынам Казіміра, быў абноўлены гаспадарчы двор, пабудаваныя жылыя дамы. Новыя пабудовы занялі паўднёва-ўсходнюю частку сядзібы і часткова захаваліся. Двор прамавугольны ў плане. Будынкі размешчаны па перыметры. Архітэктурную цікавасць з іх уяўляе двухпавярховы будынак з цэглы. Таўшчыня яго сцен 71 см. Ніжні паверх прадстаўлены амаль квадратнымі ў плане камерамі, перакрытымі крыжовымі скляпеннямі. Вуглы і фасады сцен умацаваны эскарпамі. Будынак знешне нагадвае манастырскі корпус або гандлёвы рад. Другі будынак вялікіх памераў — 56×16 м. Канструкцыю сцен трымаюць моцныя мураваныя слупы, атынкаваныя, з украпінамі чорнага шчэбню. Пралёты даўжынёй 7 м закладзены шасцю сасновымі вянцамі, адзін ніжні — дубовым.

У 1934 годзе сядзіба атрымала новую агароджу (дата выкладзена чорным шчэбнем), аснову якой складаюць магутныя бутавыя пілоны (130×80 см), завершаныя бетанаванымі плітамі.

Заўвагі правіць

Літаратура правіць

  • Большие Ситцы // Садово-парковое искусство Белоруссии / А. Т. Федорук. — Минск : Ураджай, 1989. — С. 95-96.
  • Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл. — С. 255
  • Палачанін, Ф. Паркавыя таямніцы / Ф. Палачанін // Краязнаўчая газета. — 2011. — № 41 (лістап.). — С. 4.
  • Паркавыя таямніцы // Докшыцкі край / Ф. Палачанін. — Мінск : Беларусь, 2009. — С. 72-77.
  • Сядзіба ў в. Сітцы // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; уклад. А. В. Скараход; мастак Э. Э. Жакевіч. — Мінск : БелЭн, 2004. — С. 674—675.
  • Усадьба в д. Ситце // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region: the nature, tourism, sport, rest / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. — Витебск : Витебский центр маркетинга, 2005. — С. 126.
  • Шиталь, К. М. Ситцевская усадьба / К. М. Шиталь // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. — Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. — Кн. 2. — С. 465—466.

Спасылкі правіць