Таптуха
Тапту́ха[1] — традыцыйная рыбалоўная прылада ў славянскіх народаў. На Беларусі мае таксама мясцовыя назвы таптун, кош, баўтуха, сетка, сак.
Апісанне
правіцьТаптуха з’яўляецца рухомай лоўчай прыладай. Вырабляецца з драўляных прутой або сеткі. Уяўляе сабой кош у выглядзе паўконуса. У Беларусі існавалі некалькі відаў таптух: выкарыстоўвалі зробленую з прутоў, сеткавую на драўляным каркасе і сеткавую на абручах.
Таптуха, плеценая з прутоў, верагодна, з’яўляецца найбольш старажытнай. Уяўляла сабой кош, зроблены ў форме паўконуса, часта мела палку-ручку, што мацавалася ў 2 месцах да ўваходнага абруча. Часам замест палкі прывязвалі вяроўку (адным канцом да ўваходнага абруча, другім — у месцы, дзе сыходзіліся падоўжаныя пруты).
Сеткавая на драўляным каркасе таптуха па форме падобна да плеценай. Яе каркас складаўся з уваходнага абруча ў форме паўкруга і прымацаваных да яго прутоў, канцы якіх сыходзіліся.
Сеткавая на абручах таптуха найбольш дасканалая па канструкцыі і зручнейшая ў эксплуатацыі. Яе аснову складалі толькі абручы: першы ў форме паўкруга, наступныя 4—6 — круглыя (пры набліжэнні да глухога канца сеткавага мяшка іх памеры памяншаліся). Пастаянная форма снасці захоўвалася з дапамогай дугападобнай ручкі, адзін канец якой прымацоўвалі да ўваходнага абруча, другі — да глухога канца сеткавага мяшка.
Выкарыстанне
правіцьВыкарыстоўвалася для лоўлі рыбы ў зарослых месцах вадаёмаў невялікай глыбіні. Таптуху прыціскалі да дна і боўтаючы нагамі ці шастом, заганялі рыбу ў пастку. Лоўля рыбы гэтай прылады вядома па ўсёй Беларусі. Найбольш пашырана сеткавая таптуха на каркасе. Плеценая і сеткавая на абручах таптухі характэрны для рыбалоўства Палесся. Таптуха вядома і ў іншых славянскіх народаў: украінцаў, палякаў і інш. У наш час лоўля ёй забароненая.
Зноскі
правіцьЛітаратура
правіць- Браім І. М. Тапту́ха // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 432. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
- Браім І. М. Тапту́ха // Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя / Рэдкалегія: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. . — Мн.: БелСЭ, 1989. — С. 492. — 575 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-014-9.
- Тапту́ха // Тлумачальны слоўнік беларускай мовы: У 5-ці т / АН БССР, Інстытут мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мн.: Беларус. Сав. Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1983. — Т. 5 кн. 1: С — Улагодзіць / [рэдактар М. Р. Суднік]. — С. 476. — 663 с.