Трабрыянскія астравы

Трабрыян (англ.: Trobriand), або Кірывіна (англ.: Kiriwina) — архіпелаг у Саламонавым моры. З’яўляецца часткай дзяржавы Папуа — Новая Гвінея. Агульная плошча — 374,34 км². Насельніцтва (2000 г.) — 28 486 чал.

Трабрыянскія астравы
англ. Trobriand, Kiriwina
Браніслаў Маліноўскі і тубыльцы, 1918 г.
Браніслаў Маліноўскі і тубыльцы, 1918 г.
Характарыстыкі
Колькасць астравоў21 
Найбуйнейшы востраўКірывіна 
Агульная плошча374,34 км²
Насельніцтва28 486 чал. (2000)
Шчыльнасць насельніцтва76,1 чал./км²
Размяшчэнне
8°29′ пд. ш. 151°04′ у. д.HGЯO
АкваторыяСаламонава мора
Краіна
Трабрыянскія астравы (Папуа — Новая Гвінея)
Трабрыянскія астравы
Трабрыянскія астравы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Геаграфія і прырода правіць

 
Карта

Трабрыянскія астравы месцяцца за 200 км на паўночны ўсход ад Порт-Морсбі, сталіцы дзяржавы Папуа — Новая Гвінея. Архіпелаг мае каралавае паходжанне, складаецца з больш за 20 астравоў, мноства скал і каралавых рыфаў. Найбуйнейшы і найбольш населены востраў — Кірывіна. Клімат экватарыяльны, вельмі вільготны.

Астравы пакрыты трапічнымі лясамі. Распаўсюджаныя расліны — фікус, тэрміналія, сумах, актамелес і інш. У гаспадарчых мэтах вырошчваюць какосавую пальму. У лясах выяўлена 38 відаў сысуноў, пераважна грызуноў і кажаноў, шмат птушак, у тым ліку знакамітая райская птушка.

Гісторыя правіць

Продкамі сучасных трабрыянцаў з’яўляюцца выхадцы з розных астравоў Меланезіі. Згодна паданням, яны прыбывалі на лодках у розныя часы і фарміравалі самастойныя родавыя калектывы, якія часцяком знаходзіліся ў варожых адносінах.

У 1793 г. архіпелаг быў адкрыты французскай экспедыцыяй і атрымаў сваё найменне ў гонар аднаго з афіцэраў. У XIX ст. на астравах спыняліся кітабоі, гандляры каштоўнай драўнінай і рабамі. У 1894 г. была адкрыта пратэстанцкая місія. З 1904 г. дзейнічаў прадстаўнік аўстралійскага ўрада. У гады Першай сусветнай вайны на Трабрыянскіх астравах праводзіў даследаванні знакаміты антраполаг Браніслаў Маліноўскі. Падчас Другой сусветнай вайны на востраве Кірывіна дзейнічаў аэрадром саюзнікаў, які адыграў значную ролю ў разгроме японскіх войск на Новай Брытаніі.

У 1975 г. архіпелаг увайшоў у склад дзяржавы Папуа — Новая Гвінея.

Культура правіць

Карэннае насельніцтва Трабрыянскіх астравоў — меланезійцы. Яны жывуць пераважна на буйных астравах. Адміністрацыйны цэнтр — паселішча Ласуя на востраве Кірывіна. Тут працуюць порт і аэрапорт. Асновай эканомікі застаюцца сельская гаспадарка і рыбалоўства. Земляробства накіравана на ўнутранае забеспячэнне. Важная сельскагаспадарчая культура — ямс. Камерцыйны характар маюць толькі насадждэнні какосавай пальмы. Жывёлагадоўля (свінні, куры) адыгрывае дадатковую ролю. У нашы дні на астравах арганізавана некалькі рыбалоўных кааператываў. На Трабрыянскіх астравах развіты хатнія рамёствы, асабліва знакаміта мясцовая разьба.

Традыцыйныя сацыяльныя адносіны заснаваны на прыналежнасці таму ці іншаму роду, які мае асобнае паходжанне і асобны сацыяльны статус. Адлік сваяцтва знутры рода вядзецца па лініі маці. Правадыры родаў складаюць вясковую раду, якая займаецца дробнымі судовымі справамі і кіраваннем. Сем’і пераважна нуклеарныя. Частка маёмасці належыць бацьку і перадаецца ў спадчыну па мужчынскай лініі. Другая частка, у тым ліку зямля, належыць маці і перадаецца па жаночай лініі.

З канца XIX ст. на астравах распаўсюджана хрысціянства, аднак тубыльцы захоўваюць многія традыцыйныя вераванні, у тым ліку ў духаў, што насяляюць навакольны свет, шырока распаўсюджана вера ў магію. Рэлігійныя святы суправаджаюцца пірамі і спартыўнымі спаборніцтвамі. Народны фальклор знакаміты песнямі і танцамі. На Трабрыянскіх астравах захоўваюцца традыцыйныя рамёствы.

Спасылкі правіць