Трубяцкая разня
Трубяцкая разня — масавае забойства мірнага насельніцтва Мсціслава, учыненае 22 ліпеня 1654 войскамі Маскоўскай дзяржавы ў пачатку Трынаццацігадовай вайны (1654—1667). У разні загінулі амаль усе жыхары горада (каля 15 тыс. чал.)[1], сам Мсціслаў надоўга заняпаў і больш ніколі не дасягнуў былой велічы.
ГісторыяПравіць
Фрэскі кармеліцкага касцёла ў Мсціславе: узяцце маскавітамі замка (злева) і разня мірнага насельніцтва (справа)
|
Па захопе Рослава, у ліпені 1654 маскоўскія войскі на чале з Аляксеем Трубяцкім узялі ў аблогу Мсціслаў[2]. Пад ахову ваяводскага горада з магутным горадам (замкам) збегся паспаліты люд з далёкіх ваколіцаў, захапіўшы з сабой дакументы і ўсю магчымую рухомую маёмасць: «…все панове обывателе воеводства Мстиславского… до города Мстиславского з жонами, з детьми, з справами и зо всеми маетностями заехавшы спровадили».
Мсціслаў абараняла ваколічная шляхта і мяшчане пад камандаю Яна Статкевіча. Маскоўскія ваяводы даволі хутка захапілі і спалілі астрог, але здабыць замак не здолелі. Тады яны паабяцалі амсціслаўцам «великие дары и волности», агітавалі здацца, аднак абаронцы горада, «сурова отповедаючы» адбіваліся і спадзяваліся на дапамогу.
У выніку прыступу 22 ліпеня «великою потугою и усилством през штурм» захопнікі авалодалі местам. Паводле шматлікіх сведчанняў відавочцаў тых падзей, пераможцы «горад агнём выпалілі і людзей пасеклі»; «народ усялякі шляхецкі, мяшчан і жыдоў, а таксама простых людзей у пень высеклі, потым адтрубіўшы, сярод трупаў жывых знаходзілі і ў палон на Маскву забіралі, а скарбы ўсялякія забраўшы, замак і паркан увесь агнём спалілі і дазвання спустошылі». Падчас узяцця горада, як сцвярджаюць гістарычныя крыніцы, захопнікі знішчылі шмат помнікаў пісьменства.
У маскоўскіх дакументах адзначалася, што пры захопе Мсціслава агулам забілі больш за 10 тысяч чалавек, у некаторых актах сустракаюцца паведамленні пра 15 тысяч ахвяр[3]. У жывых пакінулі толькі 700 чалавек, пераважна рамеснікаў, якіх прывялі да прысягі маскоўскаму гаспадару і неўзабаве гвалтоўна вывезлі ў глыб Масковіі.
СучаснасцьПравіць
У касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі захавалася фрэска XVII ст., прысвечаная Трубяцкой разні. На ёй адлюстроваецца аблога горада і забіцце манахаў. Прозвішчы загінуўшых законнікаў: Ігумен (прыёр) а. Мельхіёр Таргоўскі, прапаведнік а. Аляксей Борх, а таксама а. Арсень Гладышэвіч.
Як сведчаць археалагічныя раскопкі Замчышча, ніжэй за сучасныя гароды ідзе магутны пласт разбурэння, друзу і вугалю, рэчаў XVII ст., чыгунных і каменных ядраў, зруйнаваных дамоў з багатымі кафлянымі печкамі і г. д.
Зноскі
- ↑ ЭнцВКЛ1, 2005
- ↑ ЭнцВКЛ2, 2005
- ↑ Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
ЛітаратураПравіць
- Грыцкевіч А. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
- Мялешка В. Мсціслава абарона // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 320. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667 / Генадзь Сагановіч. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.— 143, [2] с.: іл. — ISBN 5-343-01637-5.