Адкрыць галоўнае меню
План мсціслаўскага дзяцінца (Замкавай гары)

Замкавая гара — гарадзішча (дзяцінец), першапачатковы цэнтр старажытнага Мсціслава, на высокім правым беразе р. Віхра, узвышаецца на 20 м над узроўнем вады. Пляцоўка плошчай каля 2 га па перыметры была ўмацавана кальцавым валам, ад якога захаваўся паўднёва-ўсходні ўчастак.

Абследавалі ў 1893 Е. Р. Раманаў, у 1925 А. М. Ляўданскі, у 1928 С. А. Дубінскі, у 1978 М. А. Ткачоў. Раскопкі праводзілі ў 1956—1985 Л. В. Аляксееў (ускрыта больш за 1200 м²) і ў 2014 годзе І. Марзалюк. Культурны пласт (3,3 м) з 3 гарызонтаў. Ніжні (0,8—0,9 м над мацерыком) склаўся з часоў існавання першапачатковага пасялення да ўзнікнення вулічных драўляных маставых. Знойдзены падвескі ў выглядзе абраза, сегнерава кола з выявай крыжа і інш., рэшткі драўляных пабудоў (самая ранняя датуецца 1204). У паўночнай частцы дзяцінца ў мацерыку выяўлены могільнік першых жыхароў Мсціслава, а таксама рэшткі знішчаных пажарам пабудоў.

У сярэднім пласце па драўляных насцілах вуліц вылучаюцца адначасовыя напластаванні помніка. Выяўлены рэшткі 2 вымашчаных бярвёнамі перакрыжаваных вуліц. Старажытная маставая была пракладзена ў 12301240-я гг.

У верхнім пласце з-за ўмоў залягання драўляныя рэшткі не захаваліся. Заходні бок вуліцы, што ішла ў напрамку поўнач—поўдзень, быў шчыльна забудаваны клецямі, сярод якіх вылучаўся дом з падлогай і глінабітнай печчу. На ўсходнім баку вуліцы стаяла чатырохвугольная ў плане капліца з алтаром і пахаваннямі ўнутры. Паводле раскопак найбольш інтэнсіўнае будаўніцтва ў Мсціславе прыпадае на 1260-я гг. Прасочваюцца межы двароў, абнесеных вастраколам. Выяўлены рэшткі абарончай вежы-данжона, у якой, верагодна, размяшчалася і царква. У пачатку 14 ст. пажар знішчыў большасць пабудоў у Мсціславе. Пасля аднаўлення горада змянілася яго планіроўка.

Мсціслаўская берасцяная грамата

Сярод знаходак — бронзавы крыж-энкалпіён (канец 12 ст.) з надпісам «Богородица помогай», фрагмент берасцяной граматы, пісалы з надрапанымі літарамі НТА, Ж, РВ, шахматныя фігуры з дрэва і косці (пешка і ладдзя), асколкі шклянога келіха з арабскім надпісам, рэшткі разбітых званоў, сагнуты наканечнік вялікай рагаціны 1213 стст. У культурным пласце 1417 стст. знойдзена шмат фрагментаў чорнаглянцаванага паліванага і шклянога посуду, тэракотавая і паліхромная паліваная кафля, гліняныя пісанкі, вырабы з жалеза і косці, дэталі арбалетаў, тыглі і ліцейныя формы, асколкі гарматных ядраў, 6 наканечнікаў стрэл 1-й паловы — сярэдзіны 17 ст. Выяўлены сляды гарбарнай майстэрні з кавалкамі скур і касцянымі пласцінкамі-накладкамі на калчан з зааморфным і геаметрычным арнаментам. Мясцовыя жыхары займаліся ў асноўным ганчарным, гарбарным, ювелірным і інш. рамёствамі, гандлявалі з Кіевам, Валынню, Каўказам, апасродкавана — з арабскім Усходам.

У час раскопак у 2014 годзе выяўлены дом, які, верагодна, належаў камусьці з багатых гараджан, або з’яўляўся часткай княжацкага падворка. Тут былі выяўлены берасцяная грамата XII ст., невялікае прасліца з надрапанымі на ім літарамі Ѯ, А, І і Л, асколак візантыйскага куфля, распісанага золатам, крыжы-машчавікі XII — першай паловы XIII стагоддзя, рэшткі скуранога абутку, мноства жаночых упрыгажэнняў, зброя, а таксама кавалачак бяросты з прастаўленым на ёй знакам княжацкага трызубца[1][2].

Фрэска «Штурм мсціслаўскага замка маскоўскім войскам князя Трубяцкога ў 1654 г.». Здымак 1912 г. На Замкавай гары выразна вылучаецца царква XI-XII стст.

Паводле пісьмовых крыніц, на дзяцінцы існавалі 2 царквы — Багародзіцы і Св. Мікалая. Ад першай захаваліся фрагменты плінфы рубяжа 1213 стст., рэшткамі другой з’яўляецца, відаць, выяўленая абарончая вежа-данжон. Канструкцыя апошняй дае падставу меркаваць, што цэрквы абарончага тыпу існавалі ў Беларусі раней за 1516 стст. (тады іх узводзілі з дрэва). Дзяцінец знішчаны ў 1654 у час штурму Мсціслава рускім ваяводам А. М. Трубяцкім.

Гл. таксамаПравіць

Зноскі

ЛітаратураПравіць

СпасылкіПравіць