Удзельныя сяляне

Удзе́льныя сяля́не (руск.: удельные крестьяне) — катэгорыя феадальна-залежных сялян у Расійскай імперыі канца XVIII — сярэдзіны XIX стагоддзя, якія належалі імператарскай сям’і ці асобным яе членам. Паводле прававога статусу, асабістых і маёмасных правоў займалі прамежкавае становішча паміж прыватнаўласніцкімі і дзяржаўнымі сялянамі.

Гэта катэгорыя сялян была ўтворана ў 1797 годзе з дварцовых сялян. Паводле «Устанаўлення аб імператарскай фаміліі» 1797 года землі і сяляне, прыпісаныя да гасударавых і дварцовых маёнткаў, якія належалі імператарскай сям’і, перадаваліся створанаму Дэпартаменту ўдзелаў (з 1826 года ў складзе Міністэрства імператарскага двара). У валасцях для выканання паліцэйскіх функцый ствараліся сельскія прыказы. У дапамогу органам сельскага кіравання ў кожным удзельным маёнтку выбіраўся стараста тэрмінам на год і ад кожных 10 двароў — дзясяцкія, якія мяняліся праз 3 месяцы[1].

На Беларусі правіць

Да дварцовых маёнткаў, з якіх былі ўтвораны ўдзельныя маёнткі, ужо ў 1772 годзе былі аднесены каралеўскія эканоміі ўсходняй Беларусі і Крычаўскае староства. Але ў выніку масавых раздач апошніх расійскім памешчыкам і чыноўнікам колькасць удзельных сялян к 1801 году скарацілася да 905 рэвізскіх душ[2].

Удзельныя сяляне Беларусі падпарадкоўваліся Смаленскай удзельнай экспедыцыі (з 1808 года Смаленскай удзельнай канторы). У склад удзельных сялян Беларусі ўвайшла частка сялян былых Магілёўскай, Полацкай і Віцебскай дзяржаўных эканомій. Невялікія групы ўдзельных сялян размяшчаліся ў Віцебскай і Магілёўскай губернях (складалі прыкладна 0,45 % удзельных сялян Расійскай імперыі) і знаходзіліся ў розных формах арэнднага ўтрымання (найчасцей у пажыццёвай арэндзе). Паводле агульнарасійскай 6-й рэвізіі 1811 года колькасць удзельных сялян у Віцебскай губерні складала 2046 душ мужчынскага полу, Магілёўскай — 469; паводле 7-й рэвізіі 1816—1817 гадоў — адпаведна 1978 і 367, 8-й рэвізіі 1834 года — 2164 і 945[1].

Удзельныя сяляне Беларусі мелі даволі высокі ўзровень забяспечанасці зямлёй (на рэвізскую душу ў Віцебскай губерні ў сярэднім прыпадала 3,32 дзесяціны зямлі, у Магілёўскай — 10,64 дзесяціны), хоць іх зямельныя надзелы на 1-ю трэць XIX стагоддзя скараціліся на 18—19 %. Абсалютная бальшыня ўдзельных сялян Беларусі (84 %) займаліся земляробствам, астатнія спалучалі земляробства і промыслы (6 %), працавалі па найме (6 %), гандлявалі (4 %)[1].

У 1836 г. Міністэрства імператарскага двара арганізавала выгадны для сябе абмен раскіданых па імперыі асобных уладанняў імператарскай сям’і на масу казённых маёнткаў Сімбірскай губерні. У парадку гэтага абмену 3109 рэвізскіх душ удзельных сялян на тэрыторыі Віцебскай і Магілёўскай губерняў трапілі ў склад дзяржаўных сялян[2].

Крыніцы правіць

  1. а б в ЭГБ 2001, с. 561.
  2. а б Сосна У., с. 15.

Літаратура правіць