Уладзімір Шавель
Уладзімір Шавель (1915 — ?) — беларускі грамадскі і вайсковы дзеяч. Сябра БНП і Галоўнай Рады БНС.[1]
Уладзімір Шавель | |
---|---|
Род дзейнасці | грамадскі і вайсковы дзеяч |
Дата нараджэння | 1915 |
Месца нараджэння | |
Месца смерці | ? |
Бацька | Іосіф |
Альма-матар | |
Партыя | |
Член у |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся у 1915 годзе ў Вільні ў беларускай рабочай сям'і. Скончыў Віленскую беларускую гімназію і юрыдычны факультэт Віленскага універсітэту. Працаваў настаўнікам пачатковай школы в. Сліжы.
У Другую сусветную вайну 23 мая 1940 быў арыштаваны савецкімі карнымі органамі па абвінавачванню ва «удзеле ў антысавецкай арганізацыі», але не быў асуджаны. Вызвалены 7 снежня 1940 г. і рэабілітаваны.
Падчас нямецкай акупацыі ўваходзіў у Галоўную Раду Беларускай народнай самапомачы, быў сябрам падпольнай Беларускай незалежніцкай партыі і супрацоўнікам Абверу. У 1941 г. з дазволу нямецкіх уладаў арганізаваў аддзелы беларускай паліцыі на Міншчыне.
Пра далейшыя падзеі і лёс Уладзіміра Шавеля розныя дзеячы падаюць часамі супрацьлеглыя версіі.
Яго памяці прысвяціў сваю кнігу ўспамінаў «Пад знакам Пагоні» (Таронта, 1976) Язэп Малецкі. Асабовая справа № п-6027 захоўваецца ў архіве УКДБ Гродзенскай вобласці.
Розныя версіі лёсу Уладзіміра Шавеля
правіцьВерсія Івана Касяка
правіцьПаводле Івана Касяка, ў 1942 г. Уладзімір Шавель разам з былым бурмістрам г. Бярэзіна Анатолем Сакаловым на Барысаўшчыне наладзіў выданне падпольнай літаратуры, стварыў беларускі партызанскі аддзел і вербаваў добраахвотнікаў, але падчас перамоваў групу знішчылі савецкія партызаны, а ўратаваўся толькі Сакалоў.[2]
Версія Антона Шукелойця
правіцьАнтон Шукелойць успамінаў пра тыя падзеі так: «У Менску ўжо ў 1941 годзе мой калега па ўніверсітэту Валодзя Шавель, юрыст, быў апантаны ідэяй стварэння беларускага войска. Паспрабаваў да немцаў падсунуцца з гэтай ідэяй. Яны прапанавалі яму для пачатку зрабіць беларускую паліцыю, чым той і заняўся. А пасля сабраў гэтыя свае арганізаваныя аддзелы і пайшоў у лес. Вось вам першая беларуская нацыяналістычная партызанка ў Бярэзінскім лесе».[3]
Версія Лявона Галяка
правіцьЛявон Галяк падаваў версію, што Уладзімір Шавель, які расчараваўся ў немцах, паехаў у Бярэзіна да Анатоля Сакалова і выкрыў змову мясцовых паліцыянтаў, якія хацелі перайсці на бок савецкіх партызанаў, а пасля быў вымушаны перайсці на нелегальнае становішча. Пра гэта пісалася ў паведамленні паліцыі бяспекі і СД на акупаванай тэрыторыі СССР пра дзейнасць савецкіх партызанаў у Беларусі №5 ад 29 мая 1942 г.: «У раёне Беразіна былы школьны інспэктар у гор. Менску Шунейка на падставе ілжывых звестак змог уладкавацца на пасаду намесніка начальніка паліцыі парадку. Сваё становішча ён выкарыстаў, каб угаварыць 32 паліцыянтаў разам з зброяй уцячы ў партызаны. Перад уцёкамі яны павінны былі ўзарваць у Беразіне вялікі склад з расейскімі артылерыйскімі снарадамі. Перад ажыцьцяўленьнем гэтага пляну Шунейка і 39 паліцыянтаў арыштаваныя».[4] Так, Лявон Галяк успамінаў: «Пад уплывам пагрозы арышту... У. Шавель намовіў А. Сакалова і заступніка Сакалова (прозьвішча не памятаю) да ўцечкі ў лес і там, ці адседжвацца да канца вайны ці арганізаваць партызанскі аддзел, — з расказу Сакалова я ня вырабіў сабе яснага пагляду. Зрабілі згодна з плянам і недзе ў канцы сакавіка [1942 году], спаліўшы ўсе дакумэнты пайшлі ў лес. Праз пару дзён аказалася аднак, што жыцьцё ў лесе не цалкам добра годзіцца са спандэлітам, што быў у Сакалова — было пастаноўлена, што Сакалоў аддзеліцца ад іх і будзе самастойна кіравацца на Менск. Сакалоў накіраваўся на Менск і з таго часу ўсялякі сьлед па Шавелю загінуў».[5]
Версія Дзмітрыя Касмовіча
правіцьДзмітрый Касмовіч падаваў наступную версію падзеяў: «Па нямецкіх вестках, Шавель перайшоў да расейска-камуністычных бандаў, а па вестках беларускай вайсковай разьведкі, адышоў ад актыўнага беларускага вызвольнага руху, схаваўся на Віленшчыне, хутка быў распазнаны палякамі і расстраляны».[6]
Версія былога супрацоўніка СД Баранавічаў
правіцьПаводле версіі былога супрацоўніка СД Баранавічаў Уладзімір Шавель мог выконваць нямецкае заданне на Бярэзіншчыне. Паводле гэтай версіі Уладзімір Шавель лячыўся пасля цяжкага раненьня ў нямецкім шпіталі, а ў канцы лета 1943 г. у паразуменні з беларускімі дзеячамі быў высланы СД на ўкраінскае Палессе для правядзеньня перамоваў з кіраўніцтвам Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў Сцяпана Бандэры і Украінскай паўстанчай арміі. Далей, паводле версіі, сувязь з ім знікла і ён, праўдападобна, быў расстраляны ўкраінцамі.[7]
Версія Язэпа Малецкага
правіцьВерсія Язэпа Малецкага ўскосна пацвярджае версію аб нямецкім заданні: «Справакаваны пасьля з двух бакоў, бальшавіцкага й нямецкага, згубіў давер да немцаў ды ўвосені 1943 году скрыўся на Палесьсі й усялякія сьляды па ім прапалі».[8]
Крыніцы
правіць- ↑ Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі . Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019.
- ↑ Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. Папулярны нарыс з гісторыі Беларусі. — Менск: «Навука і тэхніка», 1993, б. 291-292.
- ↑ Антонава Т. У землякоў за акіянам. — Мінск: «Голас Радзімы», 1992, б. 80.
- ↑ «Мы за цаной не пастаім»... // Наша ніва, 1996, 17 чэрвеня, №14
- ↑ Галяк Л. Успаміны. Кн. 1. — ЗША, 1982.
- ↑ Касмовіч Д. За вольную і сувэрэнную Беларусь. — Вільня: Gudas, 2006, б. 117
- ↑ Ёрш С., Горбік С. Беларускі Супраціў. — Львоў, 2006, б. 83-84
- ↑ Малецкі Я. Пад знакам Пагоні (Успаміны). — Таронта: «Пагоня», 1976, б. 57.
Літаратура
правіць- Канстанцін Самсонаў. Да пытаньня дзейнасьці ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1941-1944 гг. “ілжэпартызанскіх” атрадаў. Беларускі Рэзыстанс. №1(10)/2011
- Шавель Уладзімір // Беларускі нацыяналізм: Даведнік / Укладальнік Пятро Казак. — Менск: Голас Краю, 2001. — 46 с.
Спасылкі
правіць- Біяграфія Уладзіміра Шавеля з кнігі «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Рэпрэсаваныя Настаўнікі» Леаніда Маракова
- Біяграфія Уладзіміра Шавеля з кнігі «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. 1794-1991.» Леаніда Маракова