Ундзіна Друскеніцкіх крыніц

«Ундзіна Друскеніцкіх крыніц» («Ondyna Druskienickich Źródeł») — літаратурна-гістарычны і медыцынскі часопіс ліберальна-асветніцкага кірунку, выходзіў у Гродне.

«Ундзіна Друскеніцкіх крыніц»
Арыгінальная
назва
Ondyna Druskienickich Źródeł
Тып часопіс
Заснавальнік К. І. Вольфганг
Краіна
Галоўны рэдактар К. І. Вольфганг, А. К. Тальгейм
Заснавана 1844
Спыненне публікацый 1939
Тэматыка медыка-літаратурны, гістарычны
Мова польская
Галоўны офіс Гродна

Гісторыя

правіць

Другі па часе часопіс на тэрыторыі Беларусі пасля «Полацкага штомесячніка» («Miesiecznik Polocki»), які выдавала Полацкая езуіцкая акадэмія з 1818 да лютага 1820 года[1].

Названы ад імя духа вады Ундзіны. Аб гэтых міфічных істотах пісалі Адам Міцкевіч, Юліуш Славацкі, складалі музыку Марыс Равель, Клод Дэбюсі, Антон Рубінштэйн. Выходзіў у 1844—1846 гг. і ў 1929—1939 гг. на польскай мове ў час курортнага сезону (красавік—снежань) ў Друскеніках. Поўная назва часопіса — «Ondyna Druskienickich zrodel: pismo zbiorowe dla zdrowych i chorych, w czasie czteromiesiecznego u wod mineralnych pobytu». Колькасць старонак вагалася ад 36 да 63 нумараваных, у сярэднім гэта было каля 50 старонак[2].

У 1789 годзе жыхары Друскенік запрасілі польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага з мэтай паказаць гаючыя крыніцы. Па загаду караля медыкі ацанілі лячэбныя ўласцівасці мясцовай вады, і ў чэрвені 1794 года кароль афіцыйна прызнаў горад курортным месцам. Паступова курорт развіваўся. У 1838 годзе быў пабудаваны будынак санаторыя з чатырнаццаццю ваннамі, затым іх колькасць павялічылася да 50. У 1841 годзе ў Друскеніках створана Медыцынскае таварыства, задачай якога было удасканаліць і развіць курорт. Тры гады праз, у 1844 годзе, была пабудавана царква, спраектаваная вядомым польскім архітэктарам Стэфанам Шылерам. Тады ж група аднадумцаў, — доктар Ксавер Вольфганг, літаратары Юзаф Крашэўскі, Тамаш Зан, Ян Чачот і Тэадор Нарбут, якія жадалі «прабіцца скрозь воблака цемры», заснавалі часопіс, першым рэдактарам якога стаў К. І. Вольфганг (?—1864). Друкаваўся часопіс ў гродзенскай губернскай друкарні, якая працавала з 1820 года, выйшла 24 нумары. Меў раздзелы: медыцынскі, гістарычны, літаратурны. Абавязкова публікаваўся спіс пацыентаў, даваліся медыцынскія парады. Абмяркоўваліся ўласцівасці саляных крыніц курорта і іх тэрапеўтычны эфект пры розных захворваннях. Асвятлялася грамадская жыццё Друскенік і Гродна, паведамлялася пра канцэрты, тэатральныя спектаклі, дабрачынныя вечары і інш[3][4].

У літаратурным раздзеле часопіса пераважала белетрызаваная проза і паэзія, звычайна з мясцовай тэматыкай, этнаграфічнае краязнаўства і фальклор. У Друскеніках, якія ўваходзілі ў той час ў Гродзенскі павет і якія знаходзіліся прыкладна за 45 кіламетрах ад цяперашняга абласнога цэнтра Панямоння, у летні сезон збіраліся на адпачынак і займаліся там творчасцю многія вядомыя дзеячы навукі, літаратуры і мастацтва Польшчы, Беларусі і Літвы. Сярод аўтараў часопіса — Уладзіслаў Сыракомля, Юзаф Крашэўскі, Казімір Буйніцкі, Міхаіл Грабоўскі, Рамуальд Янкоўскі, Тэадор Нарбут, Аляксандр Гроза, Бенедыкт Даленга, Тамаш Зан, Юзаф Крачкоўскі, Антоні Эдвард Адынец, Марцін Асорыя, Рамуальд Падбярэзскі, Адам Плуг, Аніцэці Рэніер, Уладзіслаў Трэмбіцкі, Юзаф Ярашэвіч, Плакід Янкоўскі, Фларыян Бохвіц, Станіслаў Расалоўскі. На жаль, падпісантаў набралася ўсяго каля 30 чалавек, так і аўтары не заўсёды адгукаліся. Выданне часопіса прыйшлося спыніць[5][6][7][8][9].

Падчас Першай сусветнай вайны курорт быў моцна пашкоджаны. Першы сезон пасля вайны афіцыйна пачаты вясной 1923, але рэканструкцыя працягвалася да 1930 года. Па ініцыятыве маршала Юзэфа Пілсудскага, які лячыўся тут, курорт быў набыты Банкам Гаспадарства Краёвага і перададзены ў якасці дзяржаўнага прадпрыемства Міністэрству аховы здароўя Польшчы. Колькасць курортных пацыентаў расла, статыстыка паказвае, што ў 1930 годзе было каля васьмі тысяч пацыентаў, а праз сем гадоў іх колькасць перавысіла 110 тысяч. Тады былі пабудаваныя новыя вілы і пансіянаты[10]. З 1925 года кіраўніком медыцынскай службы курорта стаў гродзенскі доктар А. К. Тальгейм, які з’яўляўся адным з заснавальнікаў у 1926 годзе Таварыства лекараў Гарадзеншчыны і намеснікам старшыні праўлення курорта. Па яго ініцыятыве ў 1929 годзе адноўлены выпуск часопіса. У першы год яго выдання Тальгейм стаў адказным рэдактарам, публікаваў і свае навуковыя артыкулы аб прыродных аздараўленчых фактары курорта, вопыту іх прымянення ў лячэбных мэтах. Выдаўцом часопіса быў Чэслаў Бароўскі[11].

Зноскі

правіць
  1. Умецкая Я. С. «Месенчнік полацкі» — первый журнал дореволюционной Беларуси // Из истории книги, библиотечного дела и библиографии в Белоруссии. — Мн.: Навука і тэхніка, 1972. — Т. 3.
  2. «Ондына» // Гродно. Энциклопедический справочник. — Мн.: БелЭн, 1989. — С. 302. — ISBN 5-85700-015-7.
  3. Kazimierz Choński. Druskienickich wód natura // KRESY WSCHODNIE. — Warszawa: Zestyt, 1930.
  4. Ostrowska T. Ondyna Druskienickich Źródeł // Wiad. Lek.. — W.: 1970. — Т. 23.
  5. Tadeusz Budrewicz. Kraszewski w Druskiennikach // Od strony Kresów: studia i szkice. — Kraków: Wydawnictwo Naukowe Wyższej Szkoły Pedagogicznej, 1994. — С. 23-32.
  6. Kierzek A. ROZRYWKI ORAZ ŻYCIE TOWARZYSKIE W DRUSKIENNIKACH W POŁOWIE XIX STULECIA // ANNALES ACADEMIA EMEDICA ESTETINENSIS ROCZNIKI POMORSKI EJ AKADEMII MEDYCZNEJ W SZCZECINIE. — Wrocław: Zakład Klinicznych Podstaw Fizjoterapii Wydziału Zdrowia Publicznego Akademii Medycznej im. Piastów Śląskich, 2007. — Т. 53. — С. 140-147.
  7. Умецкая Я. С. «Андына» // Энцыклапедыя Літаратуры і мастацтва Беларусі. — Мн.: БелЭн, 1984. — Т. 1. — С. 117.
  8. Ігнатовіч Ф. І. «Ундзіна Друскеніцкіх крыніц» — першы медыцынскі і гісторыка-літаратурны часопіс, які выдаваўся ў Беларусі // Ахова здароўя Беларусі. — Мн.: 1994. — № 11. — С. 69-70.
  9. Ignatovicz F. Czasopismo «Ondyna Druskienickich zrodel» // // Magazin Polski. — W.: 2004. — № 3. — С. 62—63.
  10. Wrzosek A. Druskieniki w przeszloci // Druskieniki w setna rocznice zalozenia zakladu zdrojowego. 1837—1937. — Vilno: 1938. — С. 7—19.
  11. Майсяенак А. Г. Аляксандр Тальгейм — лекар, грамадскі дзеяч, гуманіст // Чырвоны Крыж і дабрачыннасць: матэрыялы навуковай канферэнцыі. — Гродна: 1995. — С. 122-124.

Літаратура

правіць
  • Grzegorzewski St. Ondyna druskienicka // Przewodnik po Druskienikach okolicy. — Warszawa, 1908
  • Choński K. Druskienickich wód natura // KRESY WSCHODNIE. — Warszawa, 1930
  • Ostrowska T. Polskie czasopiśmiennictwo lekarskie na Wileńszczyźnie w XIX wieku // Rocznik Historii Czasopiśmiennictwa Polskiego 7/1, 5-24. 1968
  • Inglota M. Polskie czasopisma l i terackie ziem l i tewsko-ruskich w latach 1832—1851. — Warszawa, 1966
  • Dudek D. Źródła do dziejów kultury fizycznej 1795—1939. Czasopisma, kalendarze, jednodniówki. — Biblioteka glowna Akademii Wychowania Fizycznego im. Bronisława Czecha w Krakowie. — Krakow, 2008
  • Чарнякевіч А. М. Памяць пра Гродна. Матэрыялы да біяграфічнага слоўніка постацей міжваеннага горада. 1919—1939 гг. — Гродна, ЮрСаПрінт, 2015. С. 306