Беларусь (універмаг)

(Пасля перасылкі з Універмаг Беларусь)

«Універмаг Беларусь» — універсальны магазін у Мінску, адно з найбуйнейшых гандлёвых прадпрыемстваў Беларусі. Размешчаны па адрасе вул. Жылуновіча, 4. Штат універмага налічвае каля тысячы супрацоўнікаў, гандлёвыя плошчы складаюць каля 7200 кв. м, якія штодня наведваюць 35 тыс. пакупнікоў[1].

універмаг
Беларусь
53°52′34″ пн. ш. 27°37′48″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Горад Мінск
Тып будынка універсальны магазін
Архітэктар Я. Разанаў, Г. Аквілаў
Дата заснавання 1978
Дата пабудовы 1978 год
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Гісторыя правіць

Распараджэннем Савета Міністраў БССР ад 2 лістапада 1970 г. была зацверджана праектная дакументацыя на будаўніцтва ў цэнтры Заводскага раёна г. Мінска ўнівермага «Беларусь». Прадпрыемства створана ў адпаведнасці з загадам Міністэрства гандлю БССР № 50 ад 3 мая 1978 г. Універмаг адкрыўся 8 чэрвеня 1978 г[2].

Архітэктура правіць

Будынак універмага быў узведзены ў 1978 годзе па праекце архітэктараў Я. Разанава і Г. Аквілава[3].

У кампазіцыі будынка дамінуе асноўны блізкі да квадрата ў плане аб'ём. Першапачаткова чатыры верхнія паверхі былі аб'яднаны ў суцэльны маналітны блок, які падтрымліваўся калонамі. Першы паверх паглыблены адносна верхніх і абкружаны шырокай галерэяй, у якую адкрыты цэнтральны галоўны ўваход і сіметрычна размешчаныя бакавыя ўваходы. У цэнтры асноўнага аб'ёму ўзвышаўся паверх, завершаны светлавым рэкламным надпісам. Пластыка фасадаў асноўнага аб'ёму была заснавана на кантрасце выразных гарызантальных паясоў са шкла і бетону і шматлікіх дробных вертыкальных чляненняў. Мерны рытм падвойных бетонных рэбраў-выступаў паўтараўся ў металічным каркасе зашклення. Вышэй па рэльефе да тыльнага фасада далучаны рознавялікія аб'ёмы[3].

На 1—4-м паверхах размяшчаюцца гандлёвыя залы, злучаныя паміж сабой па цэнтры эскалатарамі і 2 бакавымі лесвіцамі, адміністрацыйныя, складскія, бытавыя памяшканні, кафэ; на 5-6-м паверхах знаходзяцца канферэнц-зала, складскія і інш. памяшканні. У аддзелцы інтэр'ераў быў выкарыстаны метал, дрэва і мармур. Адвольная планіроўка дазваляе спалучыць рацыянальнае размяшчэнне гандлёвых ячэек з мэтанакіраваным рухам патокаў пакупнікоў. У рознавялікіх аб'ёмах — складскія, службовыя і інш. дапаможныя памяшканні[3].

 
Універмаг пасля перабудовы

За сваю гісторыю ўнівермаг чатыры разы змяняў свой выгляд, змянялася таксама і прылеглая тэрыторыя. У канцы 1990-х гг. была праведзена рэканструкцыя будынка, і замест надбудовы былі ўзведзены два паўнавартасныя паверхі. Паводле аднаго з праектаў, тут меў быць размясціцца зімовы сад[1].

З 2003 года практычна ўсю плошчу галоўнага фасада займае фотапано[1].

Зноскі

Літаратура правіць

Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.

Спасылкі правіць