Усяслаў Васількавіч
Усяслаў Васількавіч (пасля 1101 — пасля 1180) — князь полацкі (1162—1167, 1167 — пасля 1180)[2].
Усяслаў Васількавіч | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
|
|||||||
Папярэднік | Рагвалод Барысавіч | ||||||
Пераемнік | Валадар Глебавіч | ||||||
|
|||||||
Папярэднік | Валадар Глебавіч | ||||||
Пераемнік | Уладзімір | ||||||
Нараджэнне | пасля 1101 | ||||||
Смерць | пасля 1180 | ||||||
Род | Рурыкавічы | ||||||
Бацька | Васілька Святаславіч[1] | ||||||
Веравызнанне | хрысціянства |
Біяграфія Правіць
Сын полацкага князя Васількі Святаславіча. Магчыма, упершыню згадваецца як «Усяслаў з Полацка» сярод удзельнікаў паходу на Ушчыж[3], полацкім князём тады быў Рагвалод Барысавіч, напэўна, Усяслаў браў удзел у паходзе з яго згоды і з полацкімі сіламі. Ёсць думка, што да 1162 года княжыў у Віцебску[2][3]. Заняў полацкі сталец ў 1162 годзе пасля паразы Рагвалода Барысавіча ад менскага князя Валадара Глебавіча[2], пасля цяжкіх страт палачан Рагвалод не вярнуўся ў Полацк, а пайшоў княжыць у Друцк. Палачане заклікалі на сталец Усяслава, які валадарыў пры падтрымцы смаленскіх князёў і не ладзіў з менскімі Глебавічамі.
У 1167 годзе менскі князь Валадар, з войскам дзе было шмат літоўцаў, выступіў супраць Усяслава Васількавіча, перамог у бітве і заняў полацкі сталец, заключыў з вечам умовы і замацаваў крыжацалаваннем[2]. Затым накіраваўся на Віцебск, куды ўцёк Усяслаў, але даведаўшыся, што на дапамогу віцяблянам ідзе смаленскі князь Раман Расціславіч, вярнуўся ў Менск. Васілька зноў заняў полацкі сталец[2].
У 1175 годзе будучы полацкім князям таксама неяк кантраляваў Віцебск, пры гэтым захоўваў даўнюю сувязь са смаленскімі князямі, бо сватоў па дачку «Усяслава Віцебскага» уладзімірскі князь Яраполк Расціславіч паслаў «к Смоленьску».
У 1178/1179 годзе ноўгарадскі князь Мсціслаў Расціславіч пайшоў на Полацк, але старэйшы брат, смаленскі князь Раман Расціславіч, папярэдзіўшы яго пра гэтага паслаў смаленскае войска на чале з сваім сынам Мсціславам на дапамогу палачанам. Такім чынам, паход наўгародцаў не адбыўся, але, мусіць, гэты выпадак абвастрыў полацка-смаленскія адносіны, што выявілася наступнымі гадамі.
Усяслаў Васількавіч апошні раз успамінаецца пад 1180 годам[2], калі разам з іншымі князямі выступіў супраць смаленскіх князёў, сваіх былых патронаў, у паход пад Друцк на баку чарнігаўскіх Ольгавічаў.
Мусіць, неўзабаве па 1180 годзе Усяслаў памёр.
Некаторыя даследчыкі атаясняюць Усяслава Васількавіча са згаданым пад 1186 годам «Усяславам з Друцка»[3].
Сям’я Правіць
Быў жанаты з дачкой смаленскага князя Расціслава Мсціславіча, прынамсі ў 1178/1179 годзе Іпацеўскі летапіс называе яго «зяцем» (т.б. мужам сястры) Рамана і Мсціслава Расціславічаў.
Меў прынамсі адну дачку, якая 11.2.1175 года выйшла замуж за ўладзімірскага князя Яраполка Расціславіча.
Зноскі
Літаратура Правіць
- Алексеев Л. В. Полоцкая земля // Древнерусские княжества Х-XIII вв. — М., 1975. (руск.)
- Загарульскі Э. М. Заходняя Русь: ІХ-ХІІІ ст.: Вучэб. дапам. — Мн., 1998. — 260 с.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.