Форт №5 (Брэсцкая крэпасць)

Пяты форт — абарончае збудаванне Брэсцкай крэпасці, узведзенае ў 1878—1888 г. каля вёскі Гершоны (цяпер — у межах Брэста), узор буйнога фартыфікацыйнага аб’екта, які адлюстроўвае маштабы цытадэльнага будаўніцтва XIX стагоддзя[1].

Абарончае збудаванне
Форт №5 Брэсцкай крэпасці
52°02′51″ пн. ш. 23°40′23″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Вёска Гершоны
Будаўнік Мікалай Обручаў
Архітэктар Эдуард Татлебен
Будаўніцтва 18781888 гады
Стан добры
Map

Гісторыя

правіць

Будаўніцтва форта было выклікана неабходнасцю ўмацавання Брэсцкай крэпасці, абумоўленага змяненнямі, якія адбыліся ў вайсковай тэхніцы. У 1862 г. расійскім інжынерам, генералам Эдуардам Татлебенам быў распрацаваны план па ўдасканаленні крэпасці, які прадугледжваў будаўніцтва асобных фартоў. Месцы для іх узвядзення зацвердзіла ў 1876 г. камісія на чале з генерал-лейтэнантам інжынерных войскаў Мікалаем Обручавым. Праз два гады пачалося будаўніцтва дзевяці падобных аб’ектаў, аддаленых на 3.5—4 км ад самой крэпасці, з адлегласцю ў 4 км паміж імі[1].

Пяты форт з’яўляецца адным з найбольш захаваных збудаванняў гэтай фартыфікацыйнай лініі. Працы па яго ўзвядзенні пачаліся ў 1878 годзе і завяршыліся праз дзесяць гадоў. У 1903 г. пабудова была рэканструявана: цагляныя скляпенні ўмацавалі бетонным пакрыццем таўшчынёй у 1.8—2 м., па ўсёй лініі адхона былі ўладкаваны адмысловыя нішы для 2—3 стралкоў, пры гэтым участкі адхона паміж імі служылі траверсамі і абаранялі вайскоўцаў ад флангавага агню. Пазней, у 1908—1914 гадах, адбылося новае ўдасканаленне форта, у ходзе якога ён быў значна перабудаваны; пад валамі і ўкрыццямі для пяхоты былі створаны склады для амуніцыі[1].

Нягледзячы на сваё абарончае прызначэнне, форт №5 значнага ўдзелу ў баявых дзеяннях Першай і Другой сусветнай войнаў не прымаў і выкарыстоўваўся проста як склад боепрыпасаў. Гэта адбылося ў выніку змянення стратэгіі вядзення войнаў, паводле якой пры надыходзе праціўніка па ўсёй шырыні фронта, гарнізон арганізавана адступаў, забіраючы з сабой увесь рыштунак і тэхніку. У адваротным выпадку, ён рызыкаваў апынуцца ў тыле ворага, без магчымасці паўплываць на сваё становішча[2].

Пасля Другой сусветнай вайны фартыфікацыйная адзінка некаторы час выкарыстоўвалася як склад і неўзабаве ўвогуле была закінута. У другой палове 1990-х г. была праведзена рэканструкцыя збудавання, пасля якой у памяшканнях размясціўся музей фартыфікацыі і ўзбраення «5-ты форт», які ўваходзіць у склад мемарыяльнага комплекса «Брэсцкая крэпасць». На тэрыторыі колішняга гарнізона таксама дзейнічае выстава ваеннай тэхнікі. У 1995 г. фартыфікацыйнае збудаванне ўняслі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь[3]

Архітэктура

правіць

Пяцікутны ў плане цагляны будынак, абнесены валам. Складаецца з гарнізоннай казармы, якая налічвае 11 казематаў, капаніра на 6 гарматаў, бакавых паўкапаніраў і тыльнага (гаржавога) капаніра. Усе збудаванні пятага форта Брэсцкай крэпасці злучаны падземнымі калідорамі, якія ў дадзеным выпадку называюцца патэрнамі[2].

Пад валам з цэнтральным траверсам знаходзяцца казармы з анфіладнай сістэмай размяшчэння памяшканняў і скляпеністым перакрыццем. Роў з двума адзінарнымі і двума двайнымі эскарпамі (заднімі адхоннымі сценкамі рова) запоўнены вадой. Таўшчыня сценаў — 5-6 метраў. Памяшканні пад пярэднім валам маюць выхад ва ўнутраны двор[1].

Зноскі

Літаратура

правіць