Хаджэнне архімандрыта Графенія
«Хаджэнне архімандрыта Графенія» — помнік літаратуры канца XIV ст. Напісана архімандрытам, відаць, Смаленскага Багародзіцкага (з 1658 Спаса-Аўраміева) манастыра Графеніем. Увесну 1375 года ён наведаў Іерусалім, летам таго ж года абышоў і апісаў інш. святыя мясціны Палесціны: Віфлеем, Назарэт, раку Іардан і інш. «Хаджэнне» складзена ў Палесціне, у XV ст. адрэдагавана невядомым кніжнікам.
Асаблівую ўвагу Графеній звяртаў на тэхнічныя асаблівасці будынкаў, апісваў муроўку сцен, слупы, скляпенні, падмуркі. У творы адлюстраваны шматлікія паданні пра Ісуса Хрыста, Багародзіцу, першых хрысціян. Даюцца звесткі эканамічнага, сельскагаспадарчага, палітычнага, этнаграфічнага зместу. Апавяданне вызначаецца сухім інфармацыйна-дзелавым стылем.
У творы прадстаўлены шырокі пласт старабеларускай лексікі, якая не сустракаецца ў творах больш позняга часу. Нягледзячы на запазычанні з «Хаджэння ігумена Данііла» (спосаб стварэння аповеду, формы выкладання), Графеній стварыў цалкам арыгінальны і змястоўны твор.
У аднымі са спісаў «Хаджэння» захаваліся замалёўкі палесцінскіх цэркваў, якія, магчыма, узыходзяць да эскізаў, зробленых самім Графеніем.
Літаратура правіць
- Гаранін С. «Хаджэнне архімандрыта Графенія» // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 708. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.
- Гаранін С. Л. Шляхамі даўніх ван-драванняў: Гіст.-тэарэт. нарыс развіцця паломніцкай літаратуры Беларусі XII—XVI стст. Мн., 1999.