Хара́па (урду ہڑپہ) — археалагічны помнік на месцы старажытнага горада. Знаходзіцца на поўдзень ад былога рэчышча р. Раві ў штаце Пенджаб у Пакістане. Агульная плошча – 150 га. Горад належаў да Індскай цывілізацыі.

На месцы раскопак

Археалогічныя даследаванніПравіць

Першыя археалагічныя раскопкі на месцы старажытнага горада былі праведзеныя ў 1872 г. брытанскім даследчыкам Артурам Канінгемам. У 1875 г. ён апублікаваў свае матэрыялы і зрабіў выснову, што яго знаходкі жывёльных выяў не адносяцца да вядомай індыйскай культуры. Аднак навуковы свет паставіўся да яго высноў скептычна.

Буйнамаштабныя раскопкі пачаліся ў 1920 г. і доўжыліся да 1940 г. У 1920–1921 гг. праца вялася пераважна на паўночным ўзгорку (курган F), зроблены раскоп даўжынёй 152 м і шырынёй каля 5 м. У 1926–1927 гг. было даследавана амаль 5 тыс. кв. м. і выяўлена 350 найменняў знаходак, у тым ліку ўзоры пісьма і пячатак. У наступным годзе былі выяўленыя рэшткі гаспадарчых будынкаў. У 1937–1938 гг. К. Н. Шастры раскапаў каля 50 пахаванняў (могільнік R37) на паўднёвым захадзе ад асноўнага гарадскога мура.

Раскопкі ўзнавіліся пасля ІІ Сусветнай вайны ў 1946 г., калі Морцімер Вілер даследаваў сцены галоўнай цытадэлі (курганы A i B). Апублікаваныя матэрыялы пераканаўча паказалі, што Харапа была заснаваная не арыйскім насельніцтвам. Аднак пазней археалагічныя пошукі увесь час перапыняліся неспрыяльнай палітычнай сітуацыяй.

У 1986 г. быў прапанаваны міжнародны міждысцыплінарны праект далейшых раскопак (HARP), які ўключаў сучасныя перадавыя метады даследавання. Пад эгідай гэтага праекта пошукі вядуцца да нашых дзён.

ГісторыяПравіць

Археалагічныя даследаванні паказалі, што гісторыя старажытнай Харапы падзяляецца на некалькі перыядаў. Найстаражытнейшы ахоплівае 3300–2800 гг. да н. э., калі на паўночна-заходнім ускрайку будучага горада ўзнікла неалітычнае паселішча земляробаў. Яны будавалі цагляныя хаціны з агменямі, ужывалі шліхтаваны крэмень, радовішча якога знаходзілася за 700 км ад Харапы. Але ўжо ў канцы неаліту мясцовыя жыхары ўзвялі два муры з сырой цэглы (каля 2 м у вышыню), якія абаранялі вуліцы, арыентаваныя з поўдня на поўнач на плошчы 10 га. Былі знойдзеныя печ для вытворчасці керамікі, а таксама ракавіны марскіх малюскаў, што сведчыць пра ажыццяўленне аддаленага гандлю.

У пачатку меднага веку былі пабудаваныя велізарныя свірны. Відавочна, зерне дастаўлялі ракою, на беразе старога рэчышча Раві раскапана зернясховішча. Важнае адрозненне Харапы ад іншых гарадоў Індскай цывілізацыі ў тым, што тут былі знойдзеныя могілкі. Даследаванне рэшткаў нябожчыкаў дало дадатковую інфармацыю пра яго жыхароў. У прыватнасці, аказалася, што ў Харапе гэтага перыяду быў нізкі (у параўнанні з паселішчамі іншых цывілізацый) узровень дзіцячай смяротнасці. Сярэдні ўзрост памерлых быў каля 34 гадоў, але многія дажывалі да 55. Вывучэнне зубоў паказала, што харапцы цярпелі ад лінейнай гіпаплазіі і карыесу, напэўна, праз недахоп і благую якасць ежы. Прычым жанчыны харчаваліся горш за мужчын. Дзяўчынкі атрымоўвалі меншую ўвагу, чым хлопчыкі.

Матэрыялы ад гарадской забудовы наступных двух перыядаў амаль не захаваліся з прычыны крадзяжу цэглы падчас раскопак на пабудову мясцовай лініі чыгункі. Затое багатую інфармацыю даюць могілкі. Нябожчыкаў хавалі галавою на паўночны ўсход ці скурчанымі ў позе зародка. Ля галавы размяшчалі керамічныя пасудзіны, упрыгожаныя малюнкамі паўлінаў, дрэў, лісця і зорак. Верхні пласт пахаванняў адметны вялікімі пасудзінамі, у якія клалі нябожчыкаў. Выявы на кераміцы нагадваюць матывы з Рыгведы.

Асноўнай крыніцай харчавання насельніцтва Харапы былі пшаніца і ячмень. Яны трымалі кароў, авечак і коз. Амаль нічога не вядома пра ролю палявання. Пакуль знойдзеныя толькі рэшткі самоў, якіх лавілі ў рацэ, а таксама марскіх рыбін.

ГалерэяПравіць

ЛітаратураПравіць

Знешнія спасылкіПравіць