Хмелягра́б (Ostrya) — род лістападных дрэў падсямейства ляшчынавых.
Невысокія аднадомныя дрэвы з густой шарападобнай кронай. Кара ствала з падоўжанымі трэшчынамі, парасткі бурыя, з апушэннем у маладым узросце. Лісце чаргаванае, па краі двойчы няроўнапілаватае. Тычынкавыя кветкі без калякветніка, па адной на восі доўгага цыліндрычнага каташка, песцікавыя — з калякветнікам, па дзве ў рэдукаваных дыхазіях, сабраных у шчыльныя кароткія катахападобныя суквецці. Шышкападобныя жаночыя каташкі хмеляграба падобныя на жаночыя суквецці хмеля (адсюль назва). Плод — аднанасенны арэшак.
Размнажаюцца насеннем. Растуць марудна. Непатрабавальныя да глеб, адносна зімаўстойлівыя расліны.
Дэкаратыўныя расліны, вырошчваюцца ў адзіночных і групавых пасадках.
Зноскі
- Хмелеграб — род Ostrya: інфармацыя пра таксон у праекце «Плантариум» (вызначальнік раслін і ілюстраваны атлас відаў). (руск.)