Хімічная рэакцыя

Хімі́чная рэа́кцыя — пераўтварэнне адных рэчываў (рэагентаў) у іншыя (прадукты), адрозныя саставам ці будовай. Агульная колькасць атамаў кожнага з элементаў, з якіх складаюцца рэчывы, застаецца ў хімічнай рэакцыі нязменнай (у адрозненне ад ядзернах рэакцый). Паслядоўнасць элементарных актаў хімічнага пераўтварэння называецца механізмам хімічнай рэакцыі. Хімічную рэакцыю апісвае хімічнае ўраўненне.

Хімічная рэакцыя
Выява
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Працяканне хімічнай рэакцыі залежыць ад прыроды рэагуючых рэчываў і знешніх умоў. Хімічныя рэакцыі адбываюцца пры кантакце рэчываў, часта пад уплывам знешніх уздзеянняў (награванне, ціск, выпраменьванне і да т.п.). Хімічныя рэакцыі падпарадкоўваюцца пэўным заканамернасцям, якія вывучаюць фізічная хімія, тэрмадынаміка і хімічная кінетыка. (Гл. таксама закон захавання масы, закон Геса, правіла Вант-Гофа)

Класіфікацыя хімічных рэакцый

правіць

Тэрмадынамічная класіфікацыя ўлічвае энергетыку хімічнай рэакцыі (экзатэрмічныя і эндатэрмічныя хімічнай рэакцыі), колькасць фаз у сістэме. Адрозніваюць таксама хімічныя рэакцыі, якія працякаюць у аб’ёме і на паверхні падзела фаз.

Кінетычная класіфікацыя адрознівае хімічныя рэакцыі па суадносінах скорасці прамога і адваротнага пераўтварэння (зваротныя і незваротныя хімічныя рэакцыі), па колькасці стадый (простая і складаная хімічная рэакцыя, якую можна падзяліць на некалькі простых); малекулярнасць хімічнай рэакцыі; парадак хімічнай рэакцыі па кожным рэагенце і ў цэлым. Асобнай групай з’яўляюцца каталітычныя хімічныя рэакцыі.

У залежнасці ад таго, якія часціцы бяруць удзел у элементарным акце хімічнай рэакцыі, іх падзяляюць на малекулярныя, іонныя, фатахімічныя, радыкальныя, ланцуговыя.

У неарганічнай хіміі шырока ўжываецца класіфікацыя хімічных рэакцый па тыпах злучэнняў і характары ўзаемадзеяння: хімічныя рэакцыі ўтварэння і раскладання, гідролізу, піролізу, нейтралізацыі, камплексаўтварэння, акісляльна-аднаўленчыя рэакцыі.

Арганічная хімія мае сваю класіфікацыю хімічных рэакцый. Хімічныя рэакцыі з удзелам арганічных злучэнняў падзяляюць на дзве вялікія групы па характары разрыву хімічнай сувязі. У гетэралітычных (ад грэч. héteros — іншы) рэакцыях пара валентных электронаў застаецца пры адным з атамаў, паміж якімі існавала разарваная сувязь. У гамалітычных рэакцыях хімічная сувязь разрываецца сіметрычна і ўтвараюцца радыкалы.

Іншы спосаб класіфікацыі падзяляе рэакцыі з удзелам арганічных злучэнняў на тры класы: замяшчэння (пазначаюцца сімвалам S з індэксамі N або Е), далучэння (сімвал А) і адшчаплення або элімінацыі (сімвал Е). Асобную групу складаюць працэсы, якія адбываюцца без змены саставу, але са зменай будовы: рэакцыі ізамерызацыі, перагрупоўкі.

Межы паняцця хімічная рэакцыя да пэўнай ступені ўмоўныя. Звычайна не лічыцца хімічнай рэакцыяй утварэнне асацыятаў у растворах, электронна-ўзбуджаныя станы малекул, нават пры істотных зменах геаметрычнай канфігурацыі, таўтамерныя пераўтварэнні і г.д.

Гл. таксама

правіць