Чубатая сініца (Lophophanes cristatus) — птушка сямейства сініцавых.
Даўжыня цела 11,5 см, размах крылаў 17-20 см. Верх карычняваты, ніз белаваты, на галаве востра заканчоны бела-чорны чуб. У маладых чуб крыху меншы. Песня — ціхі шчэбет, часцей чуваць позывы.
Арэал: Еўропа (акрамя поўначы і паўднёвага ўсходу). Насяляе хваёвыя лясы (звычайна сасновыя), на поўдні — мяшаныя або лістападныя лясы. У Пірэнеях — букавыя лясы, у паўднёвай Іспаніі — лясы з коркавага дубу.
Аселая, частка папуляцыі мігрыруе.
Гняздо ў дупле з вузкай адтулінай (2,5-3,0 см), часам пад пнямі і ветраломам, рэдка на зямлі, у старых дуплах дзятлаў, вавёркі, драпежных птушак ці шпакоўнях. Звычайна нізка над зямлёй (да 2 м). Знешняя частка з моху і сухой травы (часам з прымессю лішайнікаў). Высцілка з густа сплеценай шэрсці і воўны з прымессю валосся (вельмі рэдка пёры).
Яйкі (5-6, часам 3-11) з вострым вузейшым канцом. Белыя, бліскучыя, з даволі густымі іржава- або фіялетава-чырвонымі плямкамі, большымі і згушчанымі на шырэйшым канцы.
- P. c. cristatus — паўночна-ўсходняя Еўропа
- P. c. mitratus — цэнтральная, паўднёвая і заходняя Еўропа
- P. c. abadiei — заходняя Францыя
- P. c. weigoldi — паўднёвы захад Пірэнейскага паўвострава
- P. c. scoticus — Шатландыя
- P. c. baschkiricus — паміж вярхоўем р. Урал і Волгай
- P. c. bureschi — Паўночная Македонія, Албанія, Грэцыя, Балгарыя
- Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000. — 540 с.: іл. ISBN 83-01-13187-X