Чуўк
Чуўк, або састарэлая назва трук (саманазва Chuuk) — народ, карэнныя насельнікі Каралінскіх астравоў. Цяпер жывуць ва ўсіх частках Федэратыўных Штатаў Мікранезіі. Абшчыны чуўк таксама ёсць у ЗША і на Гуаме. Колькасць у Федэратыўных Штатах Мікранезіі — 53595 чал. (2000 г.)[1].
Чуўк (Chuuk) | |
Агульная колькасць | 53595 чал. у ФШМ (2000 г.) |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Мікранезія |
Мова | чуўк |
Рэлігія | політэізм, хрысціянства |
Блізкія этнічныя групы | рэфалуваш, панапеанцы, касрае |
Гісторыя
правіцьЧуўк адносяцца да часткі мікранезійцаў, якая размаўляе на адной з усходніх малайска-палінезійскіх моў. Іх паходжанне да канца не высветлена. Мяркуецца, што першыя насельнікі з’явіліся на астравах Чуўк каля 2000 гадоў таму. Згодна з паданнямі саміх чуўк, іх продкі Ірас і Качаў прыплылі ў XII—XIII стст. з усходу. Існуюць міфы, падобныя на палінезійскія, аб выманні першапродкамі астравоў з акіяну.
У XVI ст. чуўк упершыню сутыкнуліся з еўрапейцамі. Дзякуючы іспанцам, тубыльцы пазнаёміліся з жалезам, якое высока імі шанавалася. Арганізоўваліся марскія гандлёвыя экспедыцыі за жалезнымі рэчамі на Гуам.
З канца XVIII ст. на астравах Чуўк з’явіліся прадстаўнікі іншых еўрапейскіх дзяржаў — Вялікабрытаніі, Францыі і Расіі, прычым адносіны паміж маракамі і абарыгенамі не заўсёды мелі мірны характар. З аднаго боку, чуўк былі зацікаўлены ў абмене правіянту на еўрапейскія тавары. З іншага, здараліся напады на гандляроў і даследчыкаў, якія скончваліся вялікімі ахвярамі сярод саміх жа астравіцян. З канца XIX ст. на астравах з’явіліся японскія гандляры.
З 1874 г. сярод чуўк пачало распаўсюджвацца хрысціянства.
У 1885 г. Каралінскія астравы былі анексаваны Іспаніяй. У 1899 г. — абвешчаны калоніяй Германіі. У 1914 г. — заняты Японіяй. Японцы ўкаранілі сістэму школьнага выхавання, пабудавалі першы шпіталь, пачалі прымаць абарыгенаў на адміністрацыйныя пасады, уладкоўваць на працу на іншых астравах Мікранезіі. З 1930-х гг. пачалася міграцыя каланістаў з Японіі (каля 4000 чал. з 18000 чал. агульнага насельніцтва на астравах Чуўк у 1937 г.), якія ўцягвалі мясцовае насельніцтва ў прамысловы лоў рыбы. «Мясцовыя людзі куплялі квіткі на параходы ў іншыя часткі Мікранезіі і веласіпеды для сваіх дзетак. У чуўк дагэтуль ніколі не было столькі грошай», — зазначаецца ў чарнавіку афіцыйнай справаздачы ўрада Федэратыўных Штатаў Мікранезіі[2].
У 1944 г. астравы былі акупаваны ЗША, якія пазней атрымалі ад ААН мандат на кіраванне Мікранезіяй як падапечнай тэрыторыяй. У 1986 г. быў створаны штат Чуўк у складзе Федэратыўных Штатаў Мікранезіі.
Асаблівасці культуры
правіцьТрадыцыйныя заняткі — сельская гаспадарка, аснову якой складае земляробства (вырошчвалі тара, какосы, хлебнае дрэва, садавіну), і лоў рыбы. Чуўк лічыліся выдатнымі мараплаўцамі. Жытлы драўляныя, адкрытага тыпу, з шырокім дахам, часцяком без сцен.
Сем’і пераважна вялікія пашыраныя. Існаваў звычай жыцця жаніха і нявесты ў сям’і наканаванага да абвяшчэння афіцыйнага шлюбу. Старэйшыя члены сем’яў заўсёды разглядаліся як сацыяльна вышэйшыя за малодшых, але, у адрозненне ад суседзяў, на Чуўк не склаўся моцны пласт правадыроў. Паміж жыхарамі розных астравоў успыхвалі ўзброеныя канфлікты.
Распаўсюджаны татуіроўка, шнараванне цела. Традыцыйнае мастацтва — пляценне, разьба па дрэве, вытворчасць тапы, мастацкая апрацоўка ракавін.
Астравы Чуўк з’яўляюцца найбольш беднай часткай Федэратыўных Штатаў Мікранезіі, што адмоўна адбіваецца на развіцці прафесійнай культуры і адукацыі.
Мова
правіцьМова чуўк адносіцца да ўсходніх малайска-палінезійскіх моў. З’яўляецца афіцыйнай у Федэратыўных Штатах Мікранезіі. Пісьмовасць на аснове лацінкі. Сярод чуўк таксама шырока распаўсюджана англійская мова, якая абавязкова вывучаецца ў школах і шырока выкарыстоўваецца ў паўсядзённым жыцці.
Зноскі
- ↑ Афіцыйная старонка ўрада ФШМ Архівавана 29 чэрвеня 2012.
- ↑ CHUUK STATE 1989 CENSUS OF POPULATION AND HOUSING, FEDERATED STATES OF MICRONESIA, 1992. Архівавана 24 верасня 2015. Р. 9
Спасылкі
правіць- Культура Мікранезіі Архівавана 5 снежня 2004.
- Асаблівасці мовы чуўк
- Каталіцкая царква на астравах Чуўк Архівавана 5 снежня 2004.