Этолія (стар.-грэч.: Αἰτωλία) — у старажытнасці вобласць Цэнтральнай Грэцыі, якая межавала на захадзе з Акарнаніяй па рацэ Ахелоас, на ўсходзе — з Лакрыдай і Дарыдай (па лініі, паралельнай да цячэння ракі Эвена (Эвінаса, Εύηνος) і на ўсход ад гэтай ракі), на поўначы — з вобласцю долапаў (Δόλοπες, Далопіяй, Δολοπία) і амфілохаў (Ἀμφίλοχοι, Амфілохіяй, Ἀμφιλοχία). Падзялялася хрыбтом Панеталіконам (Παναιτωλικόν) на дзве часткі: паўночную, дзікую і некультурную, населеную варварскімі плямёнамі, і паўднёвую — урадлівую і палітычна моцную, так званую Старажытную Этолію.

Гісторыя правіць

Жыхарамі Этоліі (эталійцамі) была заселена Пелапанеская вобласць Эліда, занятая, паводле падання, эталійцам Аксілам, якому дарыйцы, пры перасяленні ў Пелапанес, перадалі правадырства. На поўдні Старажытнай Этоліі знаходзіліся два згаданыя ў міфах гарады Плеўрон і Калідон, тэрыторыя якіх складала асобную вобласць Эаліду. Калідон у эпоху Пелапанескай вайны да 392 г. знаходзіўся ў валоданні пелапанескіх ахейцаў. Пакрыты лесам горны ланцуг Аракінф аддзяляе прыбярэжную нізінную раўніну ад унутранай, вельмі ўрадлівай (μεγα πεδίον), з галоўным горадам Фермам пры Трыханійскім возеры. Паўночная частка краіны (так званая Набытая Этолія) была населена ілірыйскімі плямёнамі — ападотамі, эўрытанамі, афіёнамі, калійцамі, агрэйцамі, амфілахійцамі (апошніх у розныя часы адносілі то да Эпіра, то да Акарнаніі).

Антычная Этолія

Ужо ў V ст. да н.э. тры эталійскія племені — ападоты, афіёны і эўрытаны — былі аб’яднаныя ў саюз; першыя ж звесткі пра агульны эталійскі саюз (κοινόν τῶν Αίτωλῶν) узыходзяць да 322 г. да н.э. Пазней да саюза далучыліся локры, яшчэ пазней — дэльфійцы, дарыйцы і частка Акарнаніі (266 г.); у 245 г. да яго далучыліся на некаторы час беатыйцы, каля 229 г. — паўднёвыя гарады Фесаліі; акрамя таго, да яго належалі некаторыя пелапанескія гарады і нават некаторыя мясцовасці па-за межамі грэчаскага мацерыка.

Такім чынам Эталійскі саюз, які першапачаткова з’яўляўся племянным, разросся да памераў буйнога палітычнага арганізма, паглынуўшы Дэльфійскую амфіктыёнію. Перыяд найвышэйшага тэрытарыяльнага і палітычнага развіцця саюза адносіцца да часу вайны паміж спартанскім царом Клеаменам і Ахейскім саюзам. Пасля бітвы пры Селасіі ў 222 г. да н.э. быў заснаваны Элінскі саюз, што аслабіла ўплыў Эталійскага саюза, пасля чаго акарнанцы, факейцы, беатыйцы і фесалійцы выйшлі з яго.

Пасля смерці Антыгона Досана у 221 да н.э. эталійцы паспрабавалі вярнуць сабе страчаны ўплыў шляхам заваявання Месеніі, якая мела намер далучыцца да Элінскага саюза. Месеняне звярнуліся па дапамогу да ахейцаў і пачалася вайна паміж эталійцамі і ахейцамі. Яна скончылася, пасля страшнага разгрому грэчаскіх абласцей, у 217 да н.э. Наўпакцкім мірам, паводле якога варагуючыя бакі павінны былі пакінуць за сабой уладанні, якія былі ў іх у момант заключэння міру.

Неўзабаве македонскі цар Філіп V (220—179 да н.э.) пачаў вайну з рымлянамі, да якіх у якасці саюзнікаў далучыліся эталійцы, спартанцы, месенійцы, элейцы і афіняне. Галоўны цяжар гэтай вайны выпаў на долю на эталійцаў. З прычыны крайняга знясілення, яны ў 205 г. заключылі асобны мір з Філіпам.

У 200 да н.э. пачалася Другая Македонская вайна, падчас якой эталійцы ваявалі на баку рымлян: пры іх удзеле была здабыта перамога рымлян над македанянамі пры Кінаскефалах (у 197 г. да н.э.). За гэта ў 196 г. яны атрымалі Лакрыду, Факіду, Амбракію і Айніяды. Але з прычыны таго, што іх прэтэнзіі рымляне палічылі празмернымі, Рым заключыў саюз з ахейцамі, эталійцы ж перайшлі на бок Антыёха і ў 191 да н.э. былі разбіты пры Фермапілах. Пасля канчатковай перамогі рымлян над Антыёхам, у 189 да н.э. эталійцы былі вымушаны прасіць міру, за які рымляне запатрабавалі ад іх выплаты 500 талентаў кантрыбуцыі і прызнання вярхоўнай улады рымскага народа. Гэтым зневажэннем быў пакладзены канец існаванню Эталійскага саюза.

Арганізацыя Эталійскага саюза правіць

На чале саюза стаяў саюзны правадыр, ці стратэг, які склікаў войска па пастанове саюзнага сходу, камандаваў у час вайны і кіраваў пасяджэннямі савета і сходу. Іншымі бачнымі службовымі асобамі былі гіпарх (начальнік конніцы), сакратар, скарбнік: усе яны выбіраліся народным сходам адразу пасля восеньскага раўнадзенства. Саюзны савет, які складаўся з прадстаўнікоў асобных гарадоў, разглядаў важныя бягучыя справы, што рыхтаваліся для саюзнага сходу, і вёў перамовы з замежнымі дзяржавамі. Народныя сходы склікаліся абавязкова раз на год (у Ферме) для абрання службовых асоб, а па меры неабходнасці — у любым саюзным горадзе. Сход вырашаў пытанні вайны і міру, аб заключэнні дагавораў, аб падатках, аб увядзенні новых і адмене старых законаў.

Літаратура правіць

  • Brandstäter, «Die Geschichte des aetolischen Landes, Volkes und Bundes» (Берлін, 1844)
  • Freeman, «History of federal Government» (Л., 1893, I т.)
  • Bücher, «Quaestionum amphictyonicarumspecimen. De gente aetolica Amphictyoniae participe» (Б., 1870, дысертацыя)
  • Dubois, «Les ligues étolienne et achéenne» (П., 1864)
  • Wilcken, статья «Aetolier» в I т. Pauly-Wissowa, «Real-Encyclopädie der klassischen Altertumswissenschaft».

Спасылкі правіць