Ростам з сабаку сярэдняй велічыні. Даўжыня цела 45-60 см, хваста 20-25 см; маса 5-9 кг. Целасклад шчыльны, каржакаваты; лапы кароткія, з настолькі развітымі пальцамі, што сляды нагадваюць адбітак чалавечай далоні. Галава шырокая з кароткай завостранай пысай і круглявымі вушамі.
Футра ў янота густое, карычнева-шэрае. Па баках галавы яно трохі даўжэйшае і ўтварае «бакенбарды». На мордзе характэрная маска — чорная з белымі валаскамі. На хвасце 5-10 шырокіх чорных або бурых «кольцаў».
Янот-паласкун распаўсюджаны ў Паўночнай Амерыцы, ад Панамскага перашыйка да паўднёвых правінцый Канады. Яго акліматызацыя праводзілася ў Германіі і на тэрыторыі былога Савецкага Саюза (найбольш удала на поўдні Беларусі (гл. Заказнік Нізоўе Случы, 1954 г.) і ў Азербайджане); з пунктаў выпуску янот перабраўся ў Францыю і іншыя еўрапейскія краіны.
Зноскі
↑Напісанне Янот-паласкун, Амерыканскі янот у адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.18., кн.1, Мн., 2004, С.275