Ян Радван (?, Вільня — пасля 1591) — паэт-лацініст, адзін з заснавальнікаў жанру эпічна-гераічнай паэзіі ў ВКЛ.

Ян Радван
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння XVI стагоддзе[1] ці XVI стагоддзе
Месца нараджэння
Дата смерці 1592 ці не раней за 1591
Грамадзянства
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, паэт-лацініст
Жанр панегірык
Мова твораў лацінская мова

Біяграфічныя звесткіПравіць

Пра асабістае і грамадскае жыццё Я. Радвана захавалася мала звестак. Нарадзіўся ён у Вільні, па веравызнанні быў кальвініст, паходзіў, хутчэй за ўсё, з мяшчанскай сям'і. Дакладныя даты нараджэння і смерці яго невядомы. У маладосці быў звязаны з дваром Хадкевічаў. Пачатковую адукацыю атрымаў у Вільні, вучыўся ў заходнееўрапейскіх універсітэтах, дыплом атрымаў у Падуі. Падарожнічаў па Еўропе ў свіце Хадкевічаў, пазней служыў у ваяводы смаленскага Я. Абрамовіча.

ТворчасцьПравіць

Пісаў на лацінскай мове, паслядоўнік Вергілія. Першым вядомым яго творам з'яўляецца чатырохрадковая эпіграма ў выданні «Дзесяцігадовай аповесці…» А. Рымшы (Вільня, 1585). У 1590 Ян Карцан выдаў у Вільні вершаваны твор Я. Радвана «Эпіталама на вяселле Крыштофа Монвіда Дарагастайскага», дзе не толькі апяваўся шлюб К. Дарагастайскага з Соф'яй Хадкевіч, але і давалася разгорнутае апісанне Вялікага Княства Літоўскага ў стылі «Песні пра зубра» М. Гусоўскага. Некалькі вершаў паэта, прысвечаных Мікалаю і Крыштофу Дарагастайскім, Гжэгажу з Жарнаўца, змешчана ў «Абароне пасцілы евангельскай» (Вільня, 1591) Гжэгажа з Жарнаўца.

Найбольш значны твор — лацінамоўная паэма «Radivilus, sive de vita…», больш вядомая як «Радзівіліяда…» (3470 радкоў дактылічнага гекзаметра) у панегірычным зборніку, выдадзеным у 1592 у Вільні у гонар памерлага ў 1584 ваяводы віленскага, гетмана вялікага літоўскага, князя Мікалая Радзівіла. У выданні Яна Карцана акрамя паэмы Я. Радвана змешчаны празаічныя прысвячэнні Яна Абрамовіча, Андрэя Волана, Яна Руцкага, вершы Яна Радвана, Пятра Раізія, Яна Казаковіча.

ТворыПравіць

Зноскі

  1. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.

ЛітаратураПравіць

  • Sajkowski, A. Od Sierotki do Rybenki: w kregu radziwillowskiego mecenatu / Alojzy Sajkowski. — Poznan: Wydaw. Poznanskie, 1965. — 254 s.
  • Sajkowski, A. Staropolska milosc: z dawnych listow i pamietnikow / Alojzy Sajkowski. — Poznan: Wydaw. Poznanskie, 1981. — 403 s.: il. — ISBN 83-210-0172-6.
  • Кавалёў С. Героіка-эпічная паэзія Беларусі і Літвы канца XVI ст. — Мн.: Універсітэцкае, 1993. — 100,[2] с. — (Са скарбніцы беларускай культуры). — ISBN 5-7855-0587-8.
  • Скеп'ян, А. Радван // БЭ ў 18 т. Т. 13. Мн., 2001.
  • Скеп'ян, А. Радман Ян / Настасся Скеп'ян // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 51. — ISBN 985-11-0214-8.