Ян Юзаф Бараноўскі

Ян Ю́заф Барано́ўскі (7 верасня 1805, Смілавічы — 30 сакавіка 1888, Лондан) — эканаміст і фінансіст, лінгвіст, інжынер і вынаходнік[1][2][3]. Аўтар вынаходстваў у сферы чыгункі, сувязі, улікова -разліковых машын, у тым ліку семафора, валідатара білетаў і газавага лічыльніка.

Ян Юзаф Бараноўскі
Род дзейнасці эканаміст, інжынер
Дата нараджэння 7 верасня 1805(1805-09-07)
Месца нараджэння
Дата смерці 30 сакавіка 1888(1888-03-30) (82 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Альма-матар
Аўтограф Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Рэзюмэ

правіць

Ян Юзаф Бараноўскі нарадзіўся ў Смілавічах тагачаснага Ігуменскага павета на Міншчыне ў шлюбе шляхціца герба Гжымала Марціна Бараноўскага з Мар’янай, народжанай Шалкевіч .

Адукацыю пачаў у шляхецкім пансіёне, якім кіравалі святары-місіянеры з кляштара ў Смілавічах, а працягнуў у класічнай гімназіі ў Мінску. У 1821—1825 гадах вучыўся на кафедры матэматыкі і фізікі Віленскага ўніверсітэта, у 1825—1828 гадах — на юрыдычным аддзяленні гэтага ж універсітэта, атрымаўшы ступень кандыдата. Адразу пасля заканчэння вучобы быў запрошаны Людвікам Ельскім працаваць у бюро замежнай карэспандэнцыі Банка Польскага.

Удзельнічаў добраахвотнікам у Лістападаўскім паўстанні 1830—1831 гадоў. Спачатку служыў у корпусе гідаў, быў далучаны да штабу генерала Яны Зыгмунта Скжынецкага, а затым у 5-м уланскім палку. Атрад, у якім ён ваяваў, уваходзіў у войскі генерала Джыралама Раморына, які ў канцы паўстання адступіў у Аўстрыю, дзе быў інтэрнаваны[4].

З 1832 года Бараноўскі жыў у эміграцыі ў Францыі — у Грэ, Ліёне і Шалон-сюр-Соне, ён адмовіўся ад урадавай дапамогі, займаў важныя пасады ў банкавых і гандлёвых дамах. У 1837 годзе ён пераехаў у Парыж, уладкаваўся касірам у банк Jelski, Dussard et Compagne. У 1843—1848 гадах працаваў інспектарам чыгункі Парыж — Руан — Гаўр. Сістэма ўліку, распрацаваная ім для патрэб гэтай кампаніі, была высока ацэнена і ўкаранёная іншымі чыгуначнымі кампаніямі Францыі. Пасля 1848 года кінуў працу і цалкам прысвяціў сябе вынаходніцкай дзейнасці.

У 1871 годзе, пасля заканчэння франка-прускай вайны, Францыя павінна была выплаціць вялікую кантрыбуцыю. Бараноўскі прадставіў уладам план урадавай пазыкі, які зрабіў гэта магчымым. Ён не атрымаў ніякага ўзнагароджання за сваю прапанову, што выклікала яго незадаволенасць Францыяй і ў 1872 годзе ён з’ехаў у Лондан. Ён уладкаваўся там на працу ў якасці памочніка сакратара Літаратурнага таварыства сяброў Польшчы (звязанага з лагерам Hôtel Lambert) і займаўся, апроч іншага, распрацоўкай слоўнікаў. Ведаў, акрамя польскай, нямецкую, французскую і англійскую мовы. У 1880 годзе распрацаваў The Student’s Anglo-Polish Grammar падручнік для вывучэння польскай мовы для англамоўных.

Вынаходствы

правіць
 
Аўтаматычная сістэма чыгуначнай сігналізацыі — семафор, вынайдзены Бараноўскім у 1857 годзе
 
Машына для падліку галасоў, пададзеных на выбарах, вынайдзеная ў 1848 годзе Янам Бараноўскім

Быў аўтарам многіх тэхнічных вынаходстваў, 17 з якіх былі запатэнтаваны ў Францыі. Сярод яго вынаходстваў:

  • лічыльнік газу;
  • ручны валідатар білетаў — прынцып дзеяння і канструкцыя прылады былі падобныя на тыя, якія выкарыстоўваюцца сёння, за гэтае вынаходства Бараноўскі атрымаў у 1849 годзе на Нацыянальнай выстаўцы ў Парыжы медаль міністра грамадскіх работ Францыі і медаль Французскага таварыства за заахвочванне вынаходстваў,
  • апарат для друку і кантролю білетаў — з магчымасцю друку білетаў у памеры 5000 штук на працягу гадзіны, узнагароджаны ў 1851 годзе на Сусветнай выстаўцы ў Лондане;
  • семафор, аўтаматычная сістэма чыгуначнай сігналізацыі — вынаходства Бараноўскага, з 1857 года ўпершыню было практычна выкарыстана на лініі Парыж — Руан, а ў лістападзе таго ж года на лініі Парыж — Сен-Жэрмэн. Сістэма Бараноўскага таксама была ўведзена праз год у Італіі на чыгунцы Генуя — Турын і, пасля мадэрнізацыі, на лініі Парыж — Брусэль. Ён быў прадстаўлены ў 1862 годзе на Сусветнай выстаўцы ў Лондане, а пазней таксама выкарыстоўваўся ў Англіі;
  • бухгалтарская машына, якая выкарыстоўваецца для кантролю рахункаў (tax machine) — у 1849 годзе на нацыянальнай выстаўцы ў Парыжы вынаходнік атрымаў медаль за гэта вынаходства ад Французскага таварыства заахвочвання вынаходстваў;
  • капіравальны апарат;
  • машына для галасавання, вынайдзеная ў 1848 годзе, запатэнтаваная праз год, выкарыстоўваецца для падліку галасоў.

Публікацыі

правіць

Ян Юзаф Бараноўскі публікаваўся на англійскай, французскай і польскай мовах. У публікацыях ён закранаў пытанні вынаходлівасці і моўных тэм.

У канцы жыцця ён задакументаваў свае вынаходствы і апублікаваў сваю біяграфію на французскай і англійскай мовах.

Ушанаванне памяці

правіць

Вынаходнік быў ушанаваны Поштай Польшчы на паштовай марцы наміналам 3 злотых.

Зноскі

  1. Бараноўскі Ян Юзаф // Беларуская энцыклапедыя. Т. 2. Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 1996. — С. 299.
  2. Беларускія вучоныя, даследчыкі і вынаходнікі ў галіне тэхнічных і натуральных навук (другая палова XVII — першая чвэрць XX ст.) / В. Я. Бездзель, В. М. Хаданёнак. — Віцебск, 2018. — C. 153—155.
  3. Мысліцелі і асветнікі Беларусі, X—XIX стст.: энцыклапедычны даведнік. — Мінск, 1995. — С. 363.
  4. Гарбачова Вольга. Удзельнікі паўстання 1830—1831 гг. на Беларусі: бібліяграфічны слоўнік Архівавана 14 сакавіка 2023.. — Мінск, БДУ. 2004. — С. 46.

Спасылкі

правіць