Японская культура

Японская культура — сукупнасць культурных здабыткаў японскага народа. Асноўныя элементы старажытнаяпонскай цывілізацыі і культуры пачалі паступова складвацца на мяжы нашай эры. Унікальнасць японскай цывілізацыі заключаецца ў тым, што яна размешчана не на мацерыку, а на шматлікіх астравах Японскага архіпелагу, прычым нярэдка яна павінна была існаваць у вельмі складаных, экстрэмальных умовах (землетрасенні, паводкі, тайфуны, цунамі і інш.).

Японскай культуры ўласціва надзвычайная здольнасць да пераймання чужых традыцый, звычаяў, абрадаў, да іх творчай перапрацоўкі і давядзення да найвышэйшых узораў. Для яе таксама былі характэрны своеасаблівая «паяднанасць» з прыродай, адчуванне звышнатуральнага адзінства паміж светам людзей і боскім светам, а таксама пэўная «пранізанасць» абвостраным адчуваннем прыгажосці і хараства амаль кожнай, нават самай маленькай рэчы, прадмета.

Вельмі моцны ўплыў на японскую культуру аказала старажытнакітайская культура, што ў найбольшай ступені праявілася ў японскім выяўленчым мастацтве, у асобных народных традыцыях, культах (напр., культ продкаў), у перайманні вучэння Канфуцыя, іерогліфаў, шоўку, яшмы і інш.

Сярод розных відаў мастацкай культуры ў старажытнай Японіі найбольш высокай ступені развіцця дасягнулі манументальнае дойлідства і літаратура (у найбольшай ступені паэзія). Рэлігійныя вераванні японцаў (найперш сінтаізм) у значнай ступені паўплывалі на фарміраванне такой адметнай рысы светаўспрымання японцаў, як уменне цаніць хараство, прыгажосць нават у самых нязначных прыродных з’явах, аб’ектах, што не характэрна для жыхароў еўрапейскага кантынента. Іншая распаўсюджаная рэлігія — дзэн-будызм — аказала моцнае ўздзеянне на такія віды японскай культуры, як манахромны жывапіс, каліграфія, паэзія, драма «Но», чаною, ікебана, а таксама на воінска-спартыўныя мастацтвы і фізічна-аздараўленчыя сістэмы (каратэ, кэндо, айкідо).

Кінематограф правіць

Першыя японскія кінастужкі пачатку XX стагоддзя мелі простыя сюжэты, кінематограф гэтага перыяду развіваўся пад уплывам тэатра, ігра акцёраў была тэатральнай, жаночыя ролі выконваліся акцёрамі-мужчынамі, выкарыстоўваліся тэатральныя касцюмы і дэкарацыі. Да з’яўлення гукавога кіно дэманстрацыю фільмаў суправаджаў бэнсі — жывы выканаўца, японскі варыянт тапёра.

Спачатку кінематограф лічыўся нізкім мастацтвам, існавала пагардлівае стаўленне да людзей, якія займаліся кіно. Прызнанне і аўтарытэт гэты від мастацтва атрымаў толькі ў канцы 1930-х гадоў.

На 1950-я—1960-я гады прыходзіцца актыўнае развіццё японскага кінематографа. Гэтыя гады лічацца «залатым векам» японскага кінематографа. У 1950 годзе было выпушчана 215 фільмаў, а ў 1960 годзе — ужо 547 фільмаў. У гэты перыяд з’яўляюцца жанры гістарычнага, палітычнага кіно, баевікі і фантастыка, па колькасці выпушчаных фільмаў Японія займала адно з першых месцаў у свеце. Вядомыя кінарэжысёры гэтага перыяду — Акіра Курасава, Кэндзі Мідзагуці, Сёхэй Імамура. Вядомым за межамі краіны становіцца акцёр Тасіра Міфунэ, які сыграў амаль ва ўсіх кінакарцінах Курасавы.[1]

Падчас крызісу кінаіндустрыі 60-х гадоў папулярнымі жанрамі становяцца фільмы пра якудза і недарагія парнаграфічныя фільмы.

У 1990-х акцёр і рэжысёр Такэсі Кітана атрымлівае шырокую вядомасць як у Японіі, так і за яе межамі.

Гл. таксама правіць

Заўвагі правіць

  1. Е. А. Гаджиева. Страна восходящего солнца. История и культура Японии. — Ростов-на-Дону: Феникс, 2006. — 256 с. — (Золотой фонд). — ISBN 5-222-09014-0

Літаратура правіць

  • Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. ISBN 985-11-0277-6

Спасылкі правіць