Аўген Груша
Аўген Груша (6 ліпеня 1935, Морач — 11 жніўня 2019) — грамадскі дзеяч беларускай дыяспары ў Аўстраліі.
Аўген Груша | |
---|---|
Род дзейнасці | грамадскі дзеяч |
Дата нараджэння | 6 ліпеня 1935 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 11 жніўня 2019 (84 гады) |
Месца смерці | |
Грамадзянства |
Біяграфія
правіцьНарадзіўся 6 ліпеня 1935 года ў в. Морач Нясвіжскага павета Навагрудскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы. Маці Акуліна з дому Салагузаў, паходзіла з заможнай сям’і з Чудзіна (сёння Ганцавіцкі раён Брэсцкай вобласці). Бацька Рыгор паходзіў з беднякоў, таму сям’я мела зусім мала зямлі. З 8 дзяцей Аўген Груша быў наймалодшым.
Другая сусветная вайна
правіцьУ пачатку нямецкай акупацыі ў Другую сусветную вайну пачаў хадзіць у беларускую пачатковую школу, але неўзабаве будынак забралі немцы пад свае патрэбы і аднойчы яго выпадкова спалілі. Як пазней пісаў сам Аўген Груша ў сваіх успамінах, сям’я баялася за сваё жыццё: «… людзі жылі ў няспынным страху, страху за сваё жыццё і жыццё сваіх блізкіх. Гэтак званыя партызаны чынілі гвалт, адбіраючы самае апошняе». Ад партызанаў пацярпела і сям’я Грушы: праз хлуслівы данос аб тым, што ягоны брат нібы інфармуе немцаў пра партызанскую дзейнасць, да іх уварваліся партызаны, разабралі хату на дровы, забралі ўсю жывёлу, і верагодна забілі бацьку — пазней у балоце бачылі труп чалавека падобнага на Рыгора Грушу, якога было цяжка з кімсьці пераблытаць з-за ягонай багатырскай фігуры. Паводле Аўгена Грушы, пасля гэтага здарэння ягонаму брату не заставалася нічога іншага, як паступіць на службу ў паліцыю, а сям’я пасялілася ў выдзеленым Заастравечанскай радай доме, у якім спакойна пражыла два гады.
Эміграцыя ў Германію
правіцьПазней сям’я вырашыла эвакуявацца на Захад. Праз Клецк, Баранавічы і Польшчу сям’я даехала да Заходняй Прусіі, дзе ў іх забралі каня з каровай і накіравалі на працу да фермера ў фальварак. У досыць добрых варунках сям’я жыла там 4 месяцы, але потым іх пасадзілі на цягнік і павезлі ўглыб Германіі ў Хемніц, дзе яна жыла ў чатырохпавярховай фабрыцы да часу, пакуль амерыканскія самалёты дашчэнту не разбамбілі горад. Аўгена Грушу разам з сям’ёй эвакуявалі за горад і пасялілі ў лесе ў паляўнічым клубе. Пасля капітуляцыі Германіі мясцовыя падказалі, што гэтая тэрыторыя падпадзе пад савецкую акупацыйную зону, таму ў тую ж ноч сям’я разам з іншымі ўцякла з клуба і вырушыла да амерыканскай акупацыйнай зоны. Па дарозе яны былі затрыманыя амерыканскай вайсковай паліцыяй, якая іх даставіла да вялікага яўрэйскага лагера. У лагеры савецкія ваеннапалонныя расказалі ім, што адтуль будуць вывозіць людзей да СССР, таму ўначы Грушы разам з палоннымі ўцяклі і перабраліся ў амерыканскую зону, дзе наняліся працаваць да фермера. Неўзабаве з’явіліся савецкія афіцэры, якія агітавалі вяртацца ў СССР, але сям’ю ўратавала тое, што яны былі польскімі грамадзянамі і мелі на тое паперы, хоць не ведалі ані слова па-польску. Праз два тыдні Грушы пераведзеныя ў польскі лагер, большую частку якога складалі беларусы і ўкраінцы, і дзе чатыры месяцы амерыканцы іх кармілі па тых мерках шыкоўнай ежай, але праз 4 месяцы сям’ю зноў перакінулі — на гэты раз у лагер, дзе кармілі толькі хлебам і вадкім супам. У Германіі Аўген Груша працягнуў адукацыю і скончыў чатыры класа польскай школы.
Сям’я Грушаў пачала шукаць беларускі лагер і ў выніку перасялілася пад Мюнхен, у беларускі лагер Мітэнвальд. Аўген Груша вучыўся ў беларускай школе, належаў да Трэцяга скаўцкага саюза Баварыі, удзельнічаў ў моладзевым беларускім руху.
Эміграцыя ў Аўстралію
правіцьУ 1949 годзе разам з сям’ёй пераехаў у Аўстралію. Першыя гады жыў разам з сям’ёй у Новым Паўднёвым Уэльсе. Паводле ўспамінаў Аўгена Грушы, пасля зруйнаванай Германіі ежа і жыццё ў Аўстраліі здаваліся яму царскімі, бо ўлады вырашалі любую, нават самую дробную праблему: «Не, гэта без перабольшання быў зямны рай». Аўген пачаў хадзіць у аўстралійскую школу, старэйшыя браты знайшлі нармальную працу, маці падзарабляла ў гатэлі. У 1951 годзе даведаўся пра скаўцкі саюз «Усяслаў Чарадзей» у Мельбурне, пасля стаў ягоным сябрам, дзякуючы чаму адразу далучыўся да беларускага грамадскага жыцця. Гуляў у беларускай футбольнай, а пасля валейбольнай дружыне «Зубр». У 1952 годзе перабраўся ў Мельбурн. Зарабіўшы грошай, сям’я купіла стары, але вельмі вялікі дом. У 16 гадоў пайшоў працаваць на шынную фабрыку, дзе працаваў больш за дзевяць гадоў, потым 31 год працаваў кіроўцам аўтобуса, а ў 55 гадоў выйшаў на пенсію. У 1959 годзе пабраўся шлюбам з Надзеяй Сасноўскай з-пад Магілёва. Нарадзіліся трое дзяцей: Міхась, Таня і Пятрусь.
Сябра Беларускага аб’яднання ў Вікторыі, а пазней — Беларускага цэнтральнага камітэта ў Вікторыі і ягоны прадстаўнік у Радзе паняволеных народаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальных мерапрыемстваў. Адзін з ініцыятараў заснавання другой беларускай школы ў пачатку 1970-х гадоў, для якой аддаў уласнае памяшканне. Адзін з ініцыятараў Сустрэч беларусаў Аўстраліі. З 1985 года нязменны старшыня Выканаўчага камітэта Федэральнай рады беларускіх арганізацый у Аўстраліі і адзін з найбольш дзейных сябраў беларускай грамады ў Мельбурне. Федэральная рада вяла дыялог з уладамі Аўстраліі, падтрымлівала сувязі з рознымі міністэрствамі і дзяржаўнымі арганізацыямі, а ў 2000 годзе падчас Алімпійскіх гульняў у Сіднеі патрабавала ад аўстралійскіх уладаў не прызнаваць Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам, калі б той захацеў прыехаць у Аўстралію. У Беларусі быў толькі адзін раз, у 1991 годзе, калі прывёз у Гомель гуманітарны груз на суму 48 тысяч аўстралійскіх долараў. Пазней не ездзіў да Беларусі: «Але цяпер, думаю, што не буду на Радзіме жаданым госцем».
У 1999 годзе памерла жонка Надзея.
Літаратура
правіць- Адзінец, А. Паваенная эміграцыя: скрыжаваннні лёсаў: зборнік успамінаў / Аляксандр Адзінец. — Мн.: Медисонт, 2007. — 704 с., [28] с. іл. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны: Кніга 11).
Спасылкі
правіць- Памёр Аўген Груша Архівавана 7 ліпеня 2020.