Яўрэйскія могілкі (Верхнядзвінск)
Яўрэйскія могілкі — могілкі ў Верхнядзвінску. Размешчаны ў мясцовасці Мікрараён і абмежаваны ракой Дрыса з паўночнага ўсходу, вуліцай Міру з паўднёвага ўсходу, вуліцай Калініна з паўночнага захаду і вуліцай Савецкай з паўднёвага захаду.
Яўрэйскія могілкі | |
---|---|
![]() Старая частка могілак | |
55°46′00″ пн. ш. 27°56′24″ у. д.HGЯO | |
Кіруючая арганізацыя | Верхнядзвинскае ДРУП ЖКГ |
Размяшчэнне | |
Краіна | |
Вобласць | Віцебская вобласць |
Раён | Верхнядзвінскі раён |
Месцазнаходжанне | Верхнядзвінск |
Гістарычны раён | Мікрараён |
Гісторыя | |
Тып | дзеючыя могілкі |
Славутасці | Брацкая магіла ахвяр Халакосту |
Дата заснавання | XVII стагоддзе |
Плошча | 14 га |
![]() |
Агульная характарыстыка
правіцьМогілкі займаюць плошчу каля 14 гектараў. Умоўна падзяляюцца на старую і новую часткі. Пахаванні на старой частцы ў асноўным адносяцца да канца XVIII — другой паловы ХІХ стагоддзяў. Новая частка (бліжэй да вуліцы Савецкай) змяшчае з большага пахаванні пасля Другой сусветнай вайны, тут пахаванні працягваюцца і сёння.
Асноўная маса пахаванняў маркіравана як іўдзейскія (зоркамі Давіда або надпісамі на іўрыце). Сустракаюцца таксама пахаванні без пазначэння рэлігійнай прыналежнасці і невялікая колькасць хрысціянскіх пахаванняў з крыжамі (у асноўным ахрышчаных яўрэяў ці членаў змешаных хрысціяна-іўдзейскіх сем’яў) — такія пахаванні пачалі з’яўляцца тут толькі ў XXI стагоддзі.
У 1942 годзе немцы тут растралялі амаль усіх жыхароў Дрысенскага гета, агулам 769 чалавек. У пачатку 1950-х гадоў па ініцыятыве Сафіі Маісееўны Батушанскай і Абрама Львовіча Бейліна, чые родныя былі забітыя тут, на яўрэйскіх могілках на брацкай магіле ахвяр генацыду яўрэяў была ўсталявана мармуровая дошка, а пазней збудаваны мураваны помнік. На помніку апроч надпісу на рускай мове таксама былі змешчаны словы на іўрыце. На рускай мове было напісана: «Вечная памяць ахвярам фашысцкага тэрору, па-зверску закатаваным 2 лютага 1942 года». А словы на іўрыце былі іншымі: «Тут пахаваны дайшым (гэта значыць святыя яўрэі, якія загінулі за веру), забітыя па загадзе Гітлера, ды забудзецца імя яго. Ту бі-Шват, год 5702 (паводле яўрэйскага летазлічэння)». У наступныя гады дзеці загінуўшых яўрэяў арганізоўвалі талокі, збіралі надмагільныя камяні (мацевы) з яўрэйскіх могілак, якія былі раскіданы па ўсім горадзе. Іх адвозілі назад на могілкі і ўсталёўвалі каля расстрэльнага рова.
28 ліпеня 2013 года на тэрыторыі могілак быў адкрыты новы мемарыяльны знак у памяць пра 769 яўрэяў Дрысенскага гета, расстраляных нацыстамі і іх прыспешнікамі 2 лютага 1942 года. На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця мемарыяльнага знака прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі, пасол Ізраіля ў Беларусі Іосіф Шагал, кіраўнікі і прадстаўнікі яўрэйскіх арганізацый Беларусі, былыя вязні гета і ветэраны вайны, спонсары з Вялікабрытаніі і ЗША.
Памятны знак усталяваны на сродкі сем’яў Лазарус (Вялікабрытанія), Гейслер і Клетэр (ЗША). На новым помніку на беларускай, англійскай мовах і на іўрыце выкананы надпіс «Ахвярам нацызму. Тут у лютым 1942 года былі па-зверску расстраляныя 769 яўрэяў Верхнядзвінскага гета». На ўсіх мовах зроблена істотная лагічная памылка: ніколі не існавала «Верхнядзвінскага гета», бо горад Дрыса быў перайменаваны ў Верхнядзвінск толькі ў 1962 годзе, то бок праз 20 год пасля трагічных падзей — гэта значыць гета было «Дрысенскім». Акрамя гэтага, у беларускамоўным надпісы дапушчаны чатыры памылкі: замест літары «у» стаіць «у нескладовае», слова «расстраляныя» напісана без падаўжэння зычных, а слова «Верхнядзвінскага» напісана ўвогуле з дзвюма памылкамі.
- Галерэя
-
Старая частка могілак
-
Стары помнік вязням гета ў 2009 годзе
-
Новы помнік вязням гета ў 2013 годзе
-
Уваход на могілкі ад вуліцы Савецкай
Гл. таксама
правіцьСпасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Яўрэйскія могілкі (Верхнядзвінск)