Honoris causa
Ганаровы доктар ці Доктар honoris causa (ад лац.: honoris causa «дзеля пашаны»; скарачаецца як Dr.h.c.) — навуковая ступень, для надання якой універсітэт адмовіўся ад усіх звычайных фармальных і працэдурных патрабаванняў надання доктарскай ступені. Ступень часта прысуджаецца як спосаб ушанаваць уклад выбітнага госця ўніверсітэта ў канкрэтную вобласць або ў грамадства ў цэлым. Практыка надання ганаровых ступеняў найбольш пашырана ў Вялікабрытаніі і Паўночнай Амерыцы.
Рэкамендуецца, каб такія ступені зазначаліся ў біяграфічных даных у якасці ўзнагароды, а не як элемент адукацыі. Што тычыцца выкарыстання гэтага ганаровай ступені, палітыка вышэйшых навучальных устаноў звычайна патрабуе, каб атрымальнікі ўстрымліваліся ад выкарыстання ступені тады, калі яна можа ўвесці кагосці ў аману наконт адукацыі яе атрымальніка і каб атрымальнік ганаровай доктарскай ступені абмяжоўваў выкарыстанне тытула «доктар» толькі зносінамі з адпаведнай вышэйшай навучальнай установай, а не ў рамках больш шырокага грамадскага выкарыстання.
Гісторыя
правіцьГэтая практыка ўзыходзіць да часоў Сярэднявечча, калі па розных прычынах універсітэт можна было пераканаць ці іншым чынам падштурхнуць лічыць мэтазгодным даць вызваленне ад некаторых ці ўсіх звычайных патрабаванняў для навуковай ступені. Самая ранняя ступень ганаровага доктара ў гісторыі была прысуджана Лаянелу Вудвілу ў канцы 1470-х гадоў Оксфардскім універсітэтам, пазней ён стаў біскупам Солсберы. У другой палове XVI стагоддзя прысваенне ганаровых ступеняў стала даволі распаўсюджанай з’явай, асабліва з нагоды каралеўскіх візітаў.
Амерыканскі святар Тэадор Хесбург, прэзідэнт Універсітэта Нотр-Дам у штаце Індыяна, з’яўляецца рэкардсменам па колькасці ганаровых ступеняў, атрымаўшы іх 150 за ўсё жыццё.
Кантраверсійны характар
правіцьСёння атрымальнікі ганаровых ступеняў, асабліва тыя, хто не маюць папярэдняй навуковай кваліфікацыі, часам падвяргаюцца грамадскай крытыцы, калі яны настойваюць на тым, каб іх называлі доктарам, паколькі ганаровае званне можа ўвесці шырокую грамадскасць у аману адносна іх кваліфікацыі. У XX і XXI стагоддзях некаторыя ўніверсітэты і каледжы былі абвінавачаныя ў прадастаўленні ганаровых ступеняў у абмен, напрыклад, на буйныя ахвяраванні.
Прысуджэнне ганаровай ступені палітычным дзеячам можа выклікаць пратэсты з боку выкладчыкаў або студэнтаў. Так, у 2001 годзе Джордж Буш малодшы атрымаў ганаровую ступень у Ельскім універсітэце, дзе ў 1968 годзе атрымаў ступень бакалаўра гісторыі. Некаторыя студэнты і выкладчыкі з-за вырашылі байкатаваць 300-годдзе адкрыцця ўніверсітэта.
У 1985 годзе ў якасці жэсту знявагі Оксфардскі ўніверсітэт прагаласаваў за тое, каб адмовіць Маргарэт Тэтчэр у ганаровай ступені ў знак пратэсту супраць скарачэння ўрадам фінансавання вышэйшай адукацыі ў Вялікабрытаніі. Гэтая ўзнагарода раней прысуджалася ўсім прэм’ер-міністрам, які атрымаў адукацыю ў Оксфардзе.
У 2005 годзе ва Універсітэце Заходняга Антарыё Генры Маргенталер, гінеколаг, які ўдзельнічаў у судовай справе аб дэкрыміналізацыі абортаў у Канадзе, быў удастоены звання ганаровага доктара права. Але было сабрана больш за 12 тысяч подпісаў з просьбай аб тым, каб універсітэт адмяніў сваё рашэнне. Было праведзена некалькі мітынгаў пратэсту, у тым ліку адзін у дзень прысуджэння ганаровай ступені (сустрэчная петыцыя ў падтрымку ступені Маргенталера сабрала 10 000 подпісаў).
У 2007 годзе пратэстоўцы запатрабавалі, каб Эдынбургскі ўніверсітэт адмяніў ганаровую ступень, прысуджаную зімбабвійскаму дыктатару Роберту Мугабэ ў 1984 годзе. Пасля ўніверсітэт абвясціў аб планах перагледзець сваю палітыку атрымання ганаровых ступеняў і пазбавіць некаторых дзеячоў іх ганаровых ступеняў, якія іх не заслугоўвалі. Пры разглядзе пытання аб адмене ганаровай ступені палітычнага дзеяча будуць улічвацца такія прычыны, як парушэнне правоў чалавека або карупцыя. У выніку было абвешчана, што Мугабэ пазбавілі ганаровай ступені. Універсітэт таксама планаваў правесці больш строгую працэдуру адбору патэнцыйных атрымальнікаў ганаровых ступеняў у спробе выправіць тэндэнцыю прысуджэння ступеняў знакамітасцям. Студэнты Масачусецкага ўніверсітэта ў ЗША таксама папрасілі ўніверсітэт адклікаць ганаровую ступень, якая была прысуджана Мугабэ больш за дваццаць гадоў таму, і 12 чэрвеня 2008 года папячыцелі аднагалосна адмянілі ганаровую ступень Роберта Мугабэ. Мічыганскі дзяржаўны ўніверсітэт таксама адмяніў сваю ганаровую ступень для яго.
У красавіку 2009 года Універсітэт Арызоны адмовіўся даць ганаровую ступень прэзідэнту ЗША Бараку Абаму з-за адсутнасці ў яго дастатковых кваліфікацыйных дасягненняў да гэтага часу. Таксама разгарэлася спрэчка аб прысуджэнні Універсітэтам Нотр-Дам у Індыяне Абаму ганаровай ступені, паколькі ВНУ з’яўляецца рымска-каталіцкай, а Абама прытрымліваецца ліберальных поглядаў на аборты і падтрымлівае даследаванні эмбрыянальных ствалавых клетак, што супярэчыць афіцыйнай пазіцыі Ватыкана.
- Нурсултан Назарбаеў, прэзідэнт Казахстана
- Пётр Лучынскі, прэзідэнт Малдовы
- Юрый Лужкоў, мэр Масквы
- Віктар Садоўнічы, рэктар Маскоўскага ўніверсітэта