IV Усебеларускі з’езд Саветаў
Чацвёрты Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Адбыўся 14 — 18 снежня 1922 г. у Мінску; 250 дэлегатаў з рашаючым і 43 з дарадчым голасам (паводле іншых звестак адпаведна 226 і 24). Парадак дня:
- аб дзейнасці ўрада ССРБ (А.Р.Чарвякоў);
- аб утварэнні СССР (А.Р.Чарвякоў);
- прыняцце і зацвярджэнне Канстытуцыі СССР (РСФСР, Украіны, Беларусі, ЗСФСР);
- аб становішчы народнай адукацыі (А.В.Баліцкі, У.М.Ігнатоўскі, У.І.Пічэта, А.Т.Кірсанаў);
- аб рабоце Наркамзема (А.С.Славінскі);
- аб харчпадатку (І.А.Адамайціс);
- аб рабоце Наркамфіна (С.Я.Талунціс);
- аб рэарганізацыі савецкага дзяржаўнага апарату (В.А.Нодэль);
- даклад Прэзідыума СНГ ССРБ аб становішчы прамысловасці (А.С.Карпешын);
- даклад Цэнтрбелсаюза аб кааперацыі (Я.Л.Дыла);
- судовы лад;
- выбары ЦВК БССР і дэлегатаў на X-ы з’езд Саветаў.
З’езд падкрэсліў значэнне адзінства савецкіх рэспублік у барацьбе за ўсталяванне новага ладу і ўзмацненне братэрскіх сувязей працоўных усіх рэспублік, падтрымаў ідэю добраахвотнага і раўнапраўнага аб’яднання рэспублік у адзінай дзяржаве, зацвердзіў асноўныя пункты Канстытуцыі СССР, якія былі ўхвалены ЦК РКП(б) яшчэ 30 лістапада 1922 г. Асаблівая ўвага звернута на аднаўленне сельскай гаспадаркі і прамысловасці рэспублікі. Канстатавалася ў асноўным станоўчая дынаміка развіцця народнай гаспадаркі ССРБ у 1921 — 1922 гг., адначасова падкрэсліваліся крызісныя моманты ў параўнанні з дарэвалюцыйным часам. З’езд выбраў ЦВК БССР, 27 дэлегатаў на 10-ы Усерасійскі з’езд Саветаў. 18 снежня 1922 г. на 1-й сесіі ЦВК БССР выбраны Прэзідыум ЦВК з 7 чалавек і СНК БССР з 15 членаў.
ЛітаратураПравіць
- Доклад правительства ССР Белоруссии 4-му Всебелорусскому съезду Советов: [Стенографический отчет]. — Мн., 1922.