Мінога ручаёвая еўрапейская

(Пасля перасылкі з Lampetra planeri)

Мінога ручаёвая еўрапейская (Lampetra planeri) — дробная непаразітычная, непраходная мінога.

Мінога ручаёвая еўрапейская
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Lampetra planeri Bloch, 1784


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  159720
NCBI  7750
EOL  206412

Апісанне правіць

Афарбоўка спіны цёмная, з бураватым адценнем, на пузе светлая, з залацістым адлівам. Спінныя плаўнікі судатыкаюцца, зубы тупыя. Верхнесківічная пласціна шырокая, з двума зубамі па краях. На ніжнесківічнай звычайна сем зубоў. Унутраных бакавых зубоў па тры з кожнага боку. У самак перад нерастам з'яўляецца анальны плаўнік.

Пескарыйкі (лічынкі) жывуць у рэчках да 4-6 гадоў, дасягаючы даўжыні 20 см і масы 4-7 г. Дарослыя міногі драбнейшыя і рэдка дасягаюць 18 см. Максімальны ўзрост 7 гадоў.

Вельмі блізкая па складзе бялкоў і колькасці ядзернай ДНК з рачной міногай (Lampetra fluviatilis).

Пашырэнне правіць

Пашырэнне: басейны рэк Паўночнага і Балтыйскага мораў ад Італіі, Францыі і Англіі да Швецыі, Фінляндыі і Карэліі. Асобныя папуляцыі па-за асноўным арэалам маюцца ў вярхоўях Волгі і Дуная. Арэал шмат у чым супадае з арэалам рачной міногі, але ў рэках Цэнтральнай Еўропы ручаёвая мінога займае верхнія ўчасткі рэк ці драбнейшыя рэчкі, размешчаныя далей ад мора, а рачная аддае перавагу нізоўям.

Асаблівасці біялогіі правіць

Ручаёвая мінога ніколі не выходзіць у моры, увесь жыццёвы цыкл праходзіць у рацэ. Лічынкі (пескарыйкі) часцей засяляюць невялікія рэчкі і раўчукі, аддаюць перавагу заглееным ўчасткам, вядуць утойлівы спосаб жыцця, закопваюцца ў грунт. На 5-6-м годзе жыцця адбываецца метамарфоз, у выніку якога лічынка ператвараецца ў дарослую міногу, пры гэтым памяншаецца даўжыня цела. Таму дарослыя асобіны заўсёды меншыя за лічынак, яны не сілкуюцца і жывуць за кошт назапашанага тлушчу.

Дарослая ручаёвая мінога мае атрафіраваны кішачнік. Лічынкі сілкуюцца дыятомавымі і іншымі дробнымі водарасцямі, спажываюць таксама дэтрыт са згнілымі расліннымі і жывёльнымі рэшткамі.

Адразу ж пасля метамарфоза пачынаецца хуткі рост ганад, вельмі хутка міногі прыступаюць да размнажэння. Полаваспелыя асобіны маюць даўжыню 11-14 см і масу 2-3 г. Нераст бывае ў траўні-чэрвені на камяністых перакатах, пры тэмпературы вады 14-19 °C. Самец прымацоўваецца ротавай варонкай да каменя і расчышчае гняздо авальнай формы. Адзін самец напераменку апладняе ікру некалькіх самак. Падчас палавога акту самец прысмоктваецца ротавай варонкай да патыліцы самкі і абвінае яе сваім хваставым аддзелам.

За перыяд размнажэння адна самка адкладае 800—1500 ікрынак. Нераст групавы, звычайна ў адно гняздо адкладаюць ікру 2-10 асобін. Ікра буйная, яе дыяметр 0,9-1,0 мм. Перыяд інкубацыі ікры доўжыцца 11-14 дзён у залежнасці ад тэмпературы. Праз 2 месяцы пасля нерасту (ліпень) маляўкі маюць даўжыню 1,3-1,6 см, а да восені (верасень) вырастаюць да 2,0-2,6 см.

Неўзабаве пасля нерасту вытворцы гінуць, прычым самкі гінуць у большай колькасці, чым самцы. Гэта прыводзіць да таго, што на нерасцілішчах заўсёды больш самцоў.

Некаторыя асобіны ручаёвай міногі дасягаюць палавой спеласці і прыступаюць да размнажэння яшчэ ў лічынкавай стадыі, г.зн. ім уласцівая неатэнія.