Ратан-галавешка

(Пасля перасылкі з Perccottus)

Ратан-галавешка (Perccottus glenii) — від прамянёвапёрых рыб сямейства Odontobutidae, адзіны прадстаўнік роду Perccottus.

Ратан-галавешка
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Perccottus glenii Dybowski, 1877

Сінонімы
  • Eleotris dybowskii
    Herzenstein & Warpachowski, 1888
  • Eleotris pleskei Warpachowski, 1888
Арэал

выява


Сістэматыка
на Віківідах

Выявы
на Вікісховішчы
ITIS  637837
NCBI  284583
EOL  345056

Апісанне правіць

Форма цела бочкападобная. Цела не вельмі падоўжанае, спераду вальковатае, ззаду сціснутае. Брушныя плаўнікі не злучаныя ў дыск. Галава вялікая прыплюснутая, яе даўжыня ўкладваецца не больш за 3 разы ў даўжыню цела. Рот канечны, вялікі і шырокі. Ніжняя сківіца выдаецца наперад, верхняя сківіца даходзіць да задняга краю вачэй. Зубы на сашніку маюцца, на сківіцах яны шчыткападобныя і некалькі выгнутыя, клыкападобных зубоў няма. Луска ўмеранай велічыні, на баках хутчэй ктэноідная, на спіне — цыклоідная. Галава пакрыта лускай аж да сярэдзіны ілба, бакі галавы таксама пакрытыя луской.

Даўжыня да 25 см, але часцей за 8-12 см, і маса да 300 г.

Афарбоўка спіны звычайна чарнавата-зялёная, бакі жаўтавата-зялёныя, на баках цёмна-бурыя плямы няправільнай формы. Ад лыча праз вочы ідзе вузкая цёмная паласа. У перыяд нерасту самцы становяцца чорнымі, на лбе з'яўляецца невялікае ўздуцце. На целе і няпарных плаўніках з'яўляюцца бліскучыя белыя і зялёныя плямы. У самцоў спінныя плаўнікі збліжаныя, вышэй і ярчэй афарбаваныя, чым у самак. Спінныя плаўнікі без калючак. Маецца плавальны пузыр.

Пашырэнне правіць

Насяляе прэсныя воды на паўночным усходзе паўвострава Карэя, Паўночнага Кітая і Прымор’я, звычайны ў ніжнім і сярэднім цячэнні Амура, яго прытоках Сунгары, Усуры і ў возера Ханка, на поўнач ад лімана Амура вядомы да ракі Тугура (упадае ў Ахоцкае мора). У выніку выпадковых заносаў рыбаловамі і акварыумістамі адзначаны самаўзнаўляльныя папуляцыі ў Еўрапейскай частцы Расіі . У апошнія гады з’явіўся і ў вадаёмах Беларусі (азёры ў басейнах рэк Дняпро, Прыпяць, Заходні Буг, Нёман, Заходняя Дзвіна).

Асаблівасці біялогіі правіць

Аддае перавагу стаячым вадаёмам, сажалкам і балотам. Вельмі непатрабавальны да ўмоў асяроддзя, асабліва да дэфіцыту кіслароду ў вадзе. Вытрымлівае амаль поўнае высыханне і прамярзанне вадаёмаў, хаваючыся ў глей. Пазбягае вадаёмаў з хуткім і нават умераным цячэннем. Засяляе сажалкі, дробныя, зарастаючыя і забалочаныя азёры, старыцы рэк. Вядзе аселы спосаб жыцця, палюе, схаваўшыся ў густых зарасніках падводных раслін.

Корміцца жывёльнай ежай (бентасам, радзей планктонам) даступнага памеру, есць таксама малявак рыб і ікру. Нягледзячы на малыя памеры, вельмі пражэрлівы і амаль усяедны. Любімай ежай у пачатку лета з'яўляюцца апалонікі.

Палавой спеласці дасягае ва ўзросце 2-3 гадоў пры даўжыні цела каля 6 см. Да часу нерасту ў самцоў з'яўляецца яркі шлюбны ўбор. Афарбоўка цела становіцца вельмі цёмнай, амаль чорнай, а на спінным плаўніку з'яўляюцца белыя плямкі. Адзначаны шлюбныя гульні.

Пладавітасць да 1000 ікрынак. Парцыённы нераст бывае ў траўні-ліпені пры тэмпературы вады 15-20 °С. Адкладвае ікру на донныя прадметы (карэнішчы раслін, карчакі, камяні), на ніжнюю паверхню прадметаў, што плаваюць у вадзе, і лісце воднай расліннасці. Самец ахоўвае кладку і малявак. Ікра падоўжанай формы, памерам 3,8 х 1,3 мм. На адным канцы ікрынкі маюцца клейкія варсінкі, якімі яна прыляпляецца да субстрату. Ікрынкі адкладаюцца ў адзін рад, звычайна каля паверхні вады. Лічынкі, якія вылупіліся, маюць памер 5,5 мм; спачатку вядуць пелагічны спосаб жыцця, да актыўнага харчавання прыступаюць на другія суткі пасля выклева, спажываючы драбнюткіх планктонных арганізмаў, а затым і буйнейшых бесхрыбтовых.

У басейне Амура зімою ўпадае ў спячку.

Гаспадарчае значэнне правіць

Непрамысловы від. Аб'ект аматарскага рыбалоўства.