Škoda Octavia

(Пасля перасылкі з Skoda Octavia)
Škoda Octavia
Агульныя даныя
Вытворца: Škoda Auto
Выпуск: 1996—цяперашні час

Škoda Octavia (бел.: Шкода Актавія) — легкавы аўтамабіль чэшскага аўтавытворцы Škoda Auto. Выпускаецца з кузавамі ліфтбэк і ўніверсал. Мадэль адносяць да катэгорыі кампактных (C-клас), таму што традыцыйна яна будуецца на агульнай платформе з Volkswagen Golf, Audi A3 і Seat León. Аднак «Актавія» у параўнанні з імі большы аўтамабіль, знешнія памеры набліжаюць яе да сярэдняга класа.

У сучасным мадэльным шэрагу маркі з 1996 года. У 1959—1971 гады ўжо існавала машына з такой назвай).

Першае пакаленне (1996—2010)

правіць
Škoda Octavia

«Актавія» першага пакалення выйшла ў лістападзе 1996 года. Выпуск пачаўся на мадэрнізаваным заводзе ў Млада Болеславе. Octavia стала першай абсалютна новай мадэллю, створанай пасля пераходу маркі пад кантроль канцэрна Volkswagen AG. У яе аснове ляжыць платформа PQ34 агульная з VW Golf і Audi A3.

Праз два гады пасля прэм’еры ліфтбэка з’явіўся ўніверсал. Škoda Octavia Combi была прадстаўлена 3 сакавіка 1998 года на Жэнеўскім аўтасалоне. Колавая база ўніверсала супадала з ліфтбэкам, але Octavia Combi была на 6 мм даўжэй і на 26 мм вышэй. Вага павялічвалася ад 15 да 30 кілаграмаў у залежнасці ад версіі. Аб’ём багажніка павялічыўся да 548 літраў, а са складзенымі заднімі сядзеннямі карысны аб’ём павялічваўся да 1512 літраў.

У 2000 годзе адбылася касметычнае абнаўленне знешняга выгляду. Пераробленая «Актавія» таксама атрымала опцыю поўнага прываду як для ліфтбэкаў, так і для ўніверсалаў, і займела счапленне фірмы Haldex Traction, як у іншых аўтамабіляў, пабудаваных на платформе Golf IV. У параўнанні з пярэднепрываднай версіяй таксама павялічыўся дарожны прасвет і аб’ём паліўнага баку. Актавія 4×4 была даступная толькі з бензінавымі рухавікамі 1.8 T 150 к. с. або 2.0 L, дызельным 1.9 TDI 90 к. с. (усе з 5-ступеньчатай механічнай КПП), і з дызельным 1.9 TDI-PD (Помпа-фарсунка) 100 к. с. (з 6-ступеньчатай механічнай КПП).

Вынікі тэсту Euro NCAP, 2001[1]
  Бяспека пасажыраў   25
  Бяспека пешаходаў      14
Пратэставаны аўтамабіль:
Škoda Octavia 1.9 TDi Ambiente

Найхутчэйшым варыянтам быў спартыўны ліфтбэк Škoda Octavia RS (што значыць Rally Sport) прадстаўлены ў 2000 годзе. Пад капотам ён меў чатырохцыліндравы матор 1.8 20V Turbo з наддзіманнем, які спалучаўся з пяціступеньчатай механічнай каробкай перадач. Рухавік магутнасцю 132 кВт (180 к.с.) разганяў машыну з 0 да 100 км/г за 7,9 секунды, а максімальная хуткасць дасягала 235 км/г. Удасканаленні шасі і кузава адпавядалі высокім характарыстыкам матора, аднак вонкава спартыўная версія не так моцна адрознівалася ад звычайнай Octavia.

У жніўні 2002 года аўтавытворца пашырыў мадэльны шэраг універсалам RS.

У 2002 годзе Škoda выпусціла абмежаваную версію са 100 гоначных аўтамабіляў, якія адрозніваюцца ад звычайных RS белым колерам кузава, ралійнымі налепкамі і дадатковым абсталяваннем (электронны кантроль устойлівасці, ксенонавыя фары, абагрэў пярэдніх крэслаў). Яны ўдзельнічалі ў еўрапейскіх гонках, сусветных раллі і ралійным Кубку свету ў класе 2-літровых аўтамабіляў.

Вытворчасць першага пакалення Octavia RS была завершана ў студзені 2006 года.

У 2004 годзе дэбютавала другое пакаленне, але выпуск першага пакалення працягваўся. Дзеля адрознення ад навінкі, першая «Актавія» стала называцца «Octavia Tour». Каб пазбегнуць унутранай канкурэнцыі з Octavia II, Škoda абмежавала версіі рухавікоў для Octavia Tour. З бензінавых матораў пакінулі атмасферныя 1.4 MPI (75 к. с.) і 1.6 MPI (102 к. с.) і турбіраваны 1.8 T (150 к. с.), а з дызеляў толькі два варыянты 1.9 TDI (90 і 100 к. с.). Камплектацыі машын таксама былі абмежаваныя. Іншых тэхнічных адрозненняў паміж «Tour» і ранейшымі версіямі не было[2].

Вытворчасць была скончана ў лістападзе 2010 года. Усяго было выпушчана 1 442 126 машын першага пакалення: 970 000 ліфтбэкаў і больш за 470 000 універсалаў[3].

Другое пакаленне (2004—2013)

правіць
Škoda Octavia II

«Octavia» другога пакалення была прадстаўленая ў сакавіку 2004 года, сабраная на платформе Volkswagen Group A5 (PQ35), як і наступныя аўтамабілі Volkswagen Group: Audi A3 другога пакалення, Volkswagen Golf V, Volkswagen Jetta V, SEAT León II, і інш.

Акрамя новых варыянтаў рухавікоў унутранага згарання, аўтамабіль займеў знешнія змены: больш прасторы для ног задніх пасажыраў (слабое месца першай мадэлі) і павялічаны дарожны прасвет.

Акрамя чэшскіх заводаў у Млада Болеславе і Врхлабі, з 2008 «Актавію» таксама збіралі ў славацкай Браціславе і кітайскім Шанхаі. У Індыі мадэль звалася «Laura» дзеля адрознення ад першага пакалення.

Octavia Combi прапаноўвала багажнае аддзяленне базавым аб’ёмам 580 літраў, а пры складванні задніх сядзенняў — 1620 літраў. Праз год пасля запуску другога пакалення была прадстаўлена і спартыўная Octavia RS у абодвух варыянтах кузава, а таксама мадэль з поўным прывадам.

Пад капотам версіі RS быў усталяваны турбіраваны бензінавы чатырохцыліндравы рухавік 2.0 TFSI магутнасцю 147 кВт (200 к. с.), які агрэгатаваўся шасціступеньчатай механічнай каробкай перадач. З гэтым рухавіком ліфтбек мог разганяцца ад 0 да 100 км/г за 7,3 секунды, а яго максімальная хуткасць дасягала 240 км/г. Больш практычны ўніверсал быў крыху павольней, але ён быў здольны разагнацца з месца да 100 км/г за 7,5 секунды, а максімальная хуткасць была меншай усяго на 2 км/г. У 2006 годзе Octavia RS упершыню выйшла на рынак з дызельным рухавіком, якім стаў двухлітровы TDI-PD магутнасцю 125 кВт. Ён мог разагнаць ліфтбек з 0 да 100 км/г за 8,5 секунды, а максімальная хуткасць дасягнула 225 км/г. У 2008 годзе дызельны RS атрымаў больш сучасны рухавік 2.0 TDI з упырскам Common-Rail, але тэхнічныя параметры не змяніліся.

Існуюць дзве поўнапрывадныя версіі: 4×4 і «Scout», абедзве з сістэмай Haldex Traction на камп’ютарызаваным счапленні. «Scout», прадстаўлены ў 2006 годзе, выпускаўся толькі ў кузаве ўніверсал, і атрымаў некалькі адрозненняў у красоверным стылі.

У 2009 годзе выйшла абноўленая версія. Вонкава змяніліся фары і бамперы. У лінейку рухавікоў дадаліся 1.4 TSI і 1.8 TSI, а таксама з’явілася 7-ступеньчатая Direct-Shift Gearbox трансмісія.

Было выпушчана каля 900 000 адзінак універсалаў Octavia Combi другога пакалення.

Вынікі тэсту Euro NCAP, 2004[4]
  Бяспека дарослых пасажыраў   27
  Бяспека пасажыраў-дзяцей       37
  Бяспека пешаходаў      17
Пратэставаны аўтамабіль:
Škoda Octavia 1.6 Ambiente

Трэцяе пакаленне (2012—2019)

правіць
Škoda Octavia III

11 снежня 2012 года ў музеі «Шкоды» ў Младай Болеславе было прадстаўленае трэцяе пакаленне «Актавіі». Праз шэсць дзён пачалася серыйная вытворчасць. У аснову аўтамабіля лягла платформа MQB A.

Новая мадэль на 9 см даўжэйшая і на 4,5 шырэйшая за папярэдніцу, колавая база таксама павялічылася на 8 см. Маса зменшылася на 102 кг. Павялічылася ўнутраная прастора для ног і галавы. Аб’ём багажнага аддзелу дасягнуў 590 л, што на 5 л больш за папярэднюю мадэль і на 25 л — за значна большы Volkswagen Passat. Версія з кузавам універсал мае яшчэ большы памер багажніку — 610 л (1740 літраў са складзенымі спінкамі сядзенняў).

«Актавія» 3-га пакалення першай з аўтамабіляў маркі займела пярэдні радар і шматфункцыянальную камеру. Радарны сэнсар у пярэднім бамперы маніторыць зону перад аўтамабілем і пралічвае адлегласць, кірунак і хуткасць усіх аб’ектаў паблізу. Звесткі з радару паступаюць у сістэму папярэджвання пра сутыкненне і ў адаптыўны круіз-кантроль. Шматфункцыянальная камера на лабавым шкле патрэбная для функцыянавання сістэмы прытрымлівання паласы, аўтаматычнага кіравання дальнім святлом і распазнавання дарожных знакаў бартавога камп’ютара і навігацыі.

Для пярэднепрывадных мадыфікацый даступныя рухавікі магутнасцю 86—179 к. с. (бензін) і 90—150 к. с. (дызель). Існуюць дзве экалагічныя варыяцыі «Актавіі»: «GreenLine» з 1.6-літровым дызелем і выкідам 85 г CO2 на км; «G-TEC» з 1.4-літровым TSI на звадкаваным газе і выкідам 97 г CO2 на км. Поўнапрывадны «Octavia Combi» мае адзін бензінавы (1.8 TSI/132 кВт) і тры дызельныя варыянты рухавікоў (77—135 кВт).

У 2013 годзе была прадстаўленая «Octavia RS». Яна мае рухавік 220 к. с. 2.0 TSI ад Golf 7 GTI і 184-сільны 2.0 TDI з Golf 7 GTD. Бензінавая версія «Octavia RS» з механічнай трансмісіяй развівае хуткасць 248 км/г. У адрозненне ад стандартнай версіі, RS мае прагрэсіўнае рулявое кіраванне, спартыўнае шасі, электронны замок дыферэнцыяла і так званы «гукавы генератар дзейнасці», які імітуе спартыўны гук рухавіку.

У 2014 годзе была прадстаўленая «Octavia Scout» з падвышанай падвескай, пластыкавай абшыўкай і поўным прывадам.

У 2017 годзе ў Вене быў прадстаўлены рэстайлінг, які прынёс супярэчлівыя падзеленыя фары.

Было выпушчана 1 195 500 адзінак універсалаў Octavia Combi трэцяга пакалення.

Вынікі тэсту Euro NCAP, 2013[5]  
Балы %
  Бяспека дарослых пасажыраў 33,6 93%
  Бяспека пасажыраў-дзяцей 42,4 86%
  Бяспека пешаходаў 24,1 66%
  Актыўная бяспека 6,0 66%
Пратэставаны аўтамабіль:
Škoda Octavia 1.6 Ambition

Чацвёртае пакаленне (2019—ц.ч.)

правіць
Škoda Octavia IV

У лістападзе 2019 года ў Празе дэбютавала Octavia чацвёртага пакалення. Аўтамабіль пабудаваны на той жа платформе MQB, што і папярэдняя мадэль. Колавая база не змянілася — 2686 мм, даўжыня павялічылася да 4689 мм, а шырыня — да 1829 мм. Запас прасторы для каленяў задніх пасажыраў павялічаны да 78 мм. Аб’ём багажніка ў ліфтбэка вырас на 10 л да 600 л, а ў універсала на 30 (да 640 л, 1700 л са складзенымі спінкамі задніх сядзенняў).

На выбар прапанаваныя бензінавыя турбарухавікі аб’ёмам 1,0 л (110 к. с.), 1,5 л (150 к. с.) і 2,0 л (190 к. с.), а таксама турбадызелі 2,0 л магутнасцю 116, 150 і 200 к. с. Ёсць і рухавік 1.5 TSI на метане (130 к. с.), які спалучаецца з робатам на сем перадач або шасціступеньчатай МКПП на выбар. У гаме з’явіўся plug-in-гібрыд Octavia iV з маторам 1.4 TSI і электрарухавіком. Такая Octavia распрацавана адразу ў дзвюх версіях на 204 і 245 к. с. Гэтыя гібрыды камплектуюцца шасціступеньчатай робатам DSG.

Вынікі тэсту Euro NCAP, 2019[6]  
Балы %
  Бяспека дарослых пасажыраў 35,3 92%
  Бяспека пасажыраў-дзяцей 43,2 88%
  Бяспека пешаходаў 35,5 73%
  Актыўная бяспека 10,3 79%
Пратэставаны аўтамабіль:
Škoda Octavia Combi 1.5 TSI Ambition
Вынікі тэсту Euro NCAP, 2022[7]  
Балы %
  Бяспека дарослых пасажыраў 33,8 89%
  Бяспека пасажыраў-дзяцей 41,2 84%
  Бяспека пешаходаў 37,1 68%
  Актыўная бяспека 13,1 81%
Пратэставаны аўтамабіль:
Skoda Octavia 1.5 TSI

Крыніцы

правіць

Спасылкі

правіць