Wisła
«Wisła» (бел.: Вісла) — польскі краязнаўча-этнаграфічны ілюстраваны часопіс, орган польскага этналагічнага таварыства. Выдаваўся ў 1887—1905, 1916—1917, 1922 (усяго 21 т.) у Варшаве. Заснавальнік А. Грушэцкі, рэдактары Грушэцкі (1887), Я. Карловіч (1888—1899), Э. Маеўскі (1899—1905) і інш.
Wisła | |
---|---|
Арыгінальная назва |
польск.: Wisła |
Тып | штомесячнік |
Заснавальнік | Артур Грушэцкі[d] |
Краіна | |
Рэдактар | Артур Грушэцкі[d], Ян Карловіч і Erazm Majewski[d] |
Заснавана | 1887 |
Спыненне публікацый | 1905 |
Мова | польская |
Галоўны офіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Асаблівая заслуга ў станаўленні часопіса належыць Карловічу, які ўзняў яго на ўзровень лепшых краязнаўча-этнаграфічных выданняў свету. У часопісе супрацоўнічалі пісьменнікі і вучоныя Я. Бадуэн дэ Куртэнэ, A. Брукнер, Л. Васілеўскі, Р. Завілінскі, Ф. Краус, Л. Кшывіцкі, X. Лапацінскі, B. Налкоўскі, М. Сумцоў, М. Федароўскі, I. Франко, С. Цішэўскі, А. Чэрны. Друкаваў матэрыялы па этнаграфіі, краязнаўстве, фалькларыстыцы, антрапалогіі, народнай медыцыне, мастацтвазнаўстве Польшчы, у т.л. асобных сацыяльна-этнічных і этнаграфічных груп. Змяшчаў агляды і рэцэнзіі на народазнаўчыя даследаванні (у т.л. на працы А. Кіркора, А. Сапунова і інш.), інструкцыі для збіральнікаў і даследчыкаў народна-паэтычнай творчасці, міфалогіі, дэманалогіі і інш., бібліяграфічныя звесткі, карэспандэнцыі, артыкулы пра этнографаў, краязнаўцаў, фалькларыстаў.
Публікаваліся справаздачы пра з’езды гісторыкаў, фалькларыстаў, лекараў і прыродазнаўцаў, пра краязнаўчыя, этнаграфічныя, антрапалагічныя, прамысловыя, сельскагаспадарчыя выстаўкі. Рабіліся агляды польскіх, рускіх, чэшскіх, балгарскіх, украінскіх, нямецкіх і інш. часопісаў па этнаграфіі, гісторыі, краязнаўстве.
«Wisła» змяшчала малюнкі і фотаздымкі з выявамі беларускіх народных тыпаў, людзей у нацыянальных строях, вясковых пабудоў на Беларусі. Найбольш значныя працы, прысвечаныя беларускай этнаграфіі і краязнаўству «Падарожжа па Нёмане» З. Глогера (т 2, 1888), «Людзі і кветкі па берагах Нёмана» Э. Ажэшкі (т. 2, 1888; т. 4—5, 1890—91), «Вёска Камаровічы ў Мазырскім павеце» Э. Яленскай (т 5, 1891), «3 жыцця беларускага люду» А. Лантоўскага (т 9, 1895), «Рыбалоўства на Літве» Г. Радзевіча (там жа), «Лахва і яе жыхары» Н. Роўбы (там жа), «Народныя павер’і ў ваколіцах Крывіч у Вілейскім павеце» Я. Кібарта (т. 13, 1899), «Святкаванне вяселля ў Вілейскім павеце ў ваколіцы Маладзечна і Радашковіч» С. Кавалеўскай (т. 14, 1900), «Народныя павер’і і абрады (забабоны, прымхі, варажба і г. д), сабраныя ў Віленскай губерні» В. Шукевіча (т. 17, 1903) і інш.
Літаратура
правіць- А. Ф. Літвіновіч. «Вісла» // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1994. — 537 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-142-0.
Спасылкі
правіць- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Wisła