Іван Мікалаевіч Мірончык
Іван Мікалаевіч Мірончык (13 жніўня 1927, в. Жарсцвянка Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці) — патолагаанатам, доктар медыцынскіх навук, іншадумца, ахвяра карнай псіхіятрыі.
Іван Мікалаевіч Мірончык | |
---|---|
Дата нараджэння | 13 жніўня 1927 (97 гадоў) |
Месца нараджэння | |
Род дзейнасці | патолагаанатам, выкладчык універсітэта, загадчык кафедры |
Месца працы | |
Навуковая ступень | доктар медыцынскіх навук |
Альма-матар |
|
Біяграфія
правіцьНарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1944—1945 вучыўся ў Глыбоцкім педагагічным тэхнікуме разам з Львом Бялевічам, Антонам Фурсам ды іншымі будучымі ўдзельнікамі Саюза беларускіх патрыётаў. Навучэнцы тэхнікума, у т. л. Іван Мірончык, хадзілі да дырэктара, патрабавалі вучыць па-беларуску (навучанне вялося на малазнаёмай ім рускай мове).
У 1945 паступіў у Гродзенскую фармацэўтычную школу, якую паспяхова скончыў у 1947, адначасова ў 1945—1947 працаваў асістэнтам фармацэўта аптэкі ваеннага шпіталя ў Гродне. У 1953 скончыў Мінскі медыцынскі інстытут. Працаваў патолагаанатамам Полацкай гарадской бальніцы (1953—1954), загадчыкам сельскага ўрачэбнага ўчастка ў в. Селішча Ушацкага раёна. У 1954—1957 — аспірант кафедры паталагічнай анатоміі Мінскага медыцынскага інстытута. У 1957—1958 — празектар Мінскай абласной бальніцы, адначасова старшы навуковы супрацоўнік Беларускага скурна-венералагічнага інстытута.
Працяглы час працаваў на кафедры паталагічнай анатоміі Мінскага медыцынскага інстытута: асістэнтам (1958—1966), дацэнтам (1966—1973), прафесарам (1973—1974), загадчыкам кафедры (1974—1983).
У 1960 быў зацверджаны ў ступені кандыдата навук пасля абароны дысертацыі «Гистохимия сульфгидрильных групп плода и последа человека», у 1972 — у ступені доктара навук пасля абароны дысертацыі «Вопросы патологической анатомии и патогенез изменений кишечника при некоторых условно-патогенных инфекциях у детей». У 1968 Івану Мірончыку нададзена вучонае званне дацэнта, у 1972 — прафесара.
У 1974—1983 — галоўны патолагаанатам Міністэрства аховы здароўя БССР, старшыня Рэспубліканскага таварыства патолагаанатамаў. Да 1983 — старшыня атэстацыйнай камісіі па паталагічнай анатоміі Міністэрства аховы здароўя БССР, чалец рады медыцынскіх таварыстваў пры Вучоным медыцынскім савеце Міністэрства аховы здароўя БССР.
У 1979—1982 Іван Мірончык пісаў лісты ў ЦК КПСС, ЦК КПБ, газету «Правда» з крытыкай русіфікацыі, развязвання вайны ў Афганістане, іншых аспектаў палітыкі, якая праводзілася кіраўніцтвам КПСС. У 1982 у «Правде» былі надрукаваны 99 першамайскіх заклікаў ЦК КПСС. Мірончык напісаў і даслаў 99 сустрэчных заклікаў да ЦК КПСС.
У 1983 быў завезены ў КДБ, дзе яму вынеслі папярэджанне і пад пагрозай крымінальнага пакарання прымусілі напісаць пакаяльны ліст. Падманам змешчаны ў псіхіятрычную лякарню, атрымаў дыягназ «шызафрэнія». Пасля вызвалення з псіхіятрычнай лякарні быў пазбаўлены працы ў медыцынскім інстытуце, выключаны з КПСС. З 1983 і прынамсі да канца 1990-х гадоў працаваў празектарам у гарадскім патолагаанатамічным бюро. Са звальненнем з працы таксама сутыкнуліся жонка і сын Івана Мірончыка.
У 1992 годзе зрабіў спробу рэабілітацыі і азнаямлення са сваёй справай у КДБ, куды яго ў 1980-я гады «запрашалі» на «выхаванне». Атрымаў афіцыйны адказ, што матэрыялы знішчаны. Часовая камісія Вярхоўнага Савета РБ па расследаванні фактаў выкарыстання псіхіятрыі ў палітычных і рэпрэсіўных мэтах прыняла да разгляду выпадак Івана Мірончыка, але ўсе падрыхтаваныя камісіяй 150 спраў зніклі з памяшканняў Дома ўраду яшчэ ў пачатку 1990-х. На працы ў медыцынскім інстытуце не быў адноўлены.
У 1993 апісаў сваё сутыкненне з карнай псіхіятрыяй у артыкуле, апублікаваным у газеце «Літаратура і мастацтва».
Навуковая дзейнасць
правіцьАўтар больш за 120 навуковых прац. Кіраваў выкананнем 4 доктарскіх і 3 кандыдацкіх дысертацый. Прымаў удзел у працы міжнародных і рэспубліканскіх з’ездаў і канферэнцый.
Творы
правіць- Гистохимия сульфгидрильных групп новорожденных и последа: (к внедрению гистохимических методов исследования в патологоанатомическую практику): автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата медицинских наук. — Минск, 1959. — 16, [1] с.
- Вопросы патологической анатомии и патогенеза изменений кишечника при некоторых условно-патогенных инфекциях у детей грудного возраста: автореферат диссертации на соискание ученой степени доктора медицинских наук: специальность 764 Патологическая анатомия. — Минск, 1971. — 31, [1] с.
- Язвы кишечника у грудных детей. — Минск: Беларусь, 1975. — 125, [2] с.
- Перинатальные вскрытия. — Минск: Беларусь, 1981. — 157, [1] с.
- Патрыятызм — галоўны стоўп // Літаратура і мастацтва. 1993. 5 сакавіка. С. 4. [Артыкул памылкова падпісаны рэдакцыяй «У. Мірончык».]
Літаратура
правіць- Рабчук, Юрий. Приговоренные к шизофрении // БДГ. Для Служебного пользования. № 4 от 3 мая 2002.
- Козлович, Анатолий. Разговорчики в морге // Козлович, Анатолий. Белорусы между небом и землей: Хроники Анатолия Козловича. Смоленск, 2003. С. 158—163. Электронная версія.
- Старонка Мирончик Иван Николаевич(недаступная спасылка) на афіцыйным сайце Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.