Інвентарная рэформа

рэформа 1840—1850-х гадоў у Расійскай імперыі

Інвента́рная рэфо́рма (руск.: Инвентарная реформа) — рэформа 1840—1850-х гадоў у Расійскай імперыі, паводле якой уводзіліся абавязковыя інвентары ў памешчыцкіх вёсках заходніх губерняў (Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны). Мела на мэце рэгуляванне адносін паміж памешчыкамі і іх прыгоннымі сялянамі, праводзілася за часамі кіравання імператара Мікалая I.

Хада рэформы

правіць

Перадумовы

правіць

Уладам Расійскай імперыі патрэбна было аслабіць сацыяльную напружанасць ў вёсцы і ўмацаваць сярод сялян прыхільнасць да расійскіх улад ува ўмовах дэмакратызацыі грамадска-палітычнага руху. Ідэя рэгулявання памераў надзела і павіннасцей памешчыцкіх сялян і замацавання іх гранічных узроўняў, абавязковых для сялян і для памешчыкаў, выказвалася ў сувязі з выпрацоўкай мер палітычнага супакаення заходняга краю пасля паўстання 1830—1831 гадоў[1]. Такія меры таксама мусілі аслабіць каталіцкае («польскае») дваранскае саслоўе, якое дамінавала на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне.

Падрыхтоўка да рэформы

правіць

Ініцыятыва правядзення рэформы з мэтай абмежавання самавольства памешчыкаў першапачаткова ішла ад віцебскага губернатара князя Пятра Львова, які, спасылаючыся на цяжкае эканамічнае становішча Віцебскай губерні, накіраваў дакладную запіску з прапановай увесці абавязковыя інвентары міністру дзяржаўных маёмасцей Паўлу Кісялёву. Кісялёў выказаў ідэю пра абавязковыя інвентары як сродак засцярогі сялян ад разарэння і прапанаваў увесці іх толькі ў маёнтках, узятых пад апеку дзяржавай за злоўжыванні памешчыкаў. Прапанова была паказана імператару Мікалаю I, які з меркаваннем Кісялёва не пагадзіўся і раіў увесці абавязковыя інвентары ўва ўсіх памешчыцкіх маёнтках, але толькі на тэрыторыі заходніх губерняў. Падрыхтоўка правіл увядзення інвентароў была даручана Камітэтам заходніх губерняў міністру ўнутраных спраў Льву Пяроўскаму.

13 жніўня 1840 года быў выдадзены першы акт аб інвентарах — распараджэнне аб правядзенні люстрацыі і ўвядзенні інвентароў у маёнтках, узятых пад апеку за злоўжыванне памешчыцкай уладай у Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне. На месцах памешчыкі-злоўжывальнікі цалкам ігнаравалі распараджэнне ўрада. Першы інвентар быў зацверджаны толькі ў 1845 годзе, у цэлым мерапрыемства было скончана да 1846 года.

Правядзенне рэформы

правіць

15 красавіка 1844 года расійскі імператар зацвердзіў «Палажэнне», паводле якога ў заходніх губернях ствараліся «Камітэты для разгляду і складання інвентароў памешчыцкім маёнткам», куды ўваходзілі расійскія чыноўнікі і прадстаўнікі мясцовага дваранства. Ад уладальніка залежала надзяленне сялян зямлёй, яны, як і раней, заставаліся рухомай маёмасцю памешчыка.

На працягу 1846—1848 гадоў абавязковыя інвентары былі ўведзены ўва ўсіх памешчыцкіх маёнтках заходняй і цэнтральнай Беларусі (Віленская, Гродзенская і Мінская губерні). Тут памер асноўных павіннасцей залежаў ад велічыні і якасці зямельнага ўчастка і вызначаўся 1/3 валавога даходу селяніна[1].

Ува ўсходніх губернях расійская адміністрацыя была значна менш актыўнай. Памешчыкі Віцебскай і Магілёўскай губерні выступілі супраць сістэмы «трацяка» і лічылі магчымым увесці інвентары пры ўмове захавання трохдзённай паншчыны з рабочай душы ў тыдзень. На 1848 год у Віцебскім генерал-губернатарстве было ўведзена толькі каля 10 % інвентароў. У 1849 годзе інвентары былі складзены для ўсіх маёнткаў, але ўвесці іх расійскі урад не рашыўся праз перавышэнне ў іх фактычна існаваўшых норм феадальнай эксплуатацыі. Пакуль інвентары пераглядалі, праходзіў 6-гадовы тэрмін дзеяння ўжо ўведзеных інвентароў у астатніх губернях, таму паводле прапановы міністра ўнутраных спраў Дзмітрыя Бібікава 22 снежня 1852 года быў прыняты ўказ аб прымяненні для ўсіх беларускіх і літоўскіх губерняў інвентарных правіл, зацверджаных у 1848 годзе для губерняў Правабярэжнай Украіны. Паводле новых правіл сялянам пакідалася зямля, якая была ў іх карыстанні, аднак памешчыкі дамагліся спынення ўводу гэтых правіл. Перагляд і выпраўленне інвентарных правіл цягнуліся да 1857 года, калі пачалася падрыхтоўка да скасавання прыгоннага права, на гэты час абавязковыя інвентары былі ўведзены ў дзеянне прыкладна ў дзясятай частцы памешчыцкіх маёнткаў Віцебскай і Магілёўскай губерняў[1].

Вынікі рэформы

правіць

Інвентарная рэформа выклікала супраціў памешчыкаў і нараканні сялян там, дзе павіннасці былі завышаны. Таму расійскі ўрад некалькі разоў мяняў падыходы да яе правядзення[2].

Нягледзячы на прыгонніцкую абмежаванасць рэформы, яе непаслядоўнасць і незавершанасць, абавязковыя інвентары афіцыйна ставілі мяжу памешчыцкай уладзе і адкрывалі некаторыя легальныя магчымасці адстойванння сялянамі сваіх праў[2]. У выпадку перавышэння памешчыкамі норм, замацаваных у інвентарах, прыватнаўласніцкія сяляне ўпершыню атрымалі магчымасць скардзіцца. У крыніцах адзначаецца, што інвентары «пахіснулі павагу сялян да памешчыка»[3].

Крыніцы

правіць
  1. а б в ЭГБ 1996, с. 483.
  2. а б ЭГБ 1996, с. 484.
  3. Улашчык М. 1959.

Літаратура

правіць